Жыццё даражэй за гульні

Тое, што дарога – месца павышанай небяспекі, ведаюць і дзеці, і дарослыя. Вось толькі, на жаль, далёка не ўсе ўдзельнікі дарожнага руху задумваюцца пра наступствы ўласных паводзін. Няўважлівасць, неабачлівасць, неабгрунтаваная рызыка на праезнай частцы прыводзяць да ДТЗ, у якіх гінуць і атрымліваюць траўмы людзі, у тым ліку непаўналетнія.

Пераход вуліцы ў неўстаноўленым месцы, раптоўнае з’яўленне перад транспартам, што рухаецца, гульні на дарозе (у тым ліку катанне на веласіпедах і роліках) – менавіта з-за гэтага з дзецьмі найчасцей і здараюцца няшчасці на дарозе. У тым, што хлопчыкі і дзяўчынкі не выконваюць правілы дарожнага руху, найпершая віна – дарослых, якія не навучылі, не нагадалі, не пракантралявалі ці раўнадушна прайшлі міма. Напрыканцы ліпеня ў Іванаўскім і Івацэвіцкім раёнах у ДТЗ пацярпелі дзеці, якія без кантролю дарослых гулялі на вясковых вуліцах: у адным выпадку малалетні веласіпедыст нечакана выехаў з-за дрэва і трапіў пад колы аўтамабіля, у другім – трактар зачапіў прычэпам дзяўчынку, што гуляла з сябрамі ў даганялкі на абочыне.

Некалькі гадоў назад ДТЗ з удзелам непаўналетняга адбылося ў Тухавічах: на мясцовага 5-класніка, які стаяў на вуліцы, наехаў грузавік. Хлопчык трапіў у бальніцу.

Вучыць дзяцей правільным і бяспечным паводзінам на дарозе, на вуліцы неабходна з ранняга ўзросту: паказваць, паўтараць, пацвярджаць уласным прыкладам. Дарэчы, артыкул 9.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжвае за невыкананне бацькамі абавязкаў па выхаванні дзяцей, што пацягнула ўчыненне непаўналетнім адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства, папярэджанне ці штраф у памеры да 10 базавых велічынь, пры паўторным на працягу года падобным учынку штраф складзе ад 10 да 20 БВ. Дзіця будзе пастаўлена на прафілактычны ўлік у ІСН

Але самае галоўнае – жыццё і здароўе дзіцяці. Іх вы ставіце пад пагрозу, калі пакідаеце сына ці дачку на вуліцы без нагляду, калі дазваляеце ім гуляць на дарозе.

Сяргей ЖЫТКО,

начальнік АДАІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *