Напякло…

Апошні тыдзень выдаўся ў нашым раёне гарачым. І не толькі з-за надвор’я.

Як паведаміў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Юрый Дыдышка, з 25 ліпеня па 5 жніўня на тэрыторыі Ляхавіччыны ўчынена 3 злачынствы (2 пагрозы забойствам – у Пранчаках і райцэнтры, угон аўтамабіля – у Набярэжнай). Выяўлена 173 парушэнні правілаў дарожнага руху: 2 гора-вадзіцелі кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, 60 – перавышалі скорасныя рэжымы, правілы парушалі 16 пешаходаў.
Адбылося дарожна-транспартнае здарэнне недалёка ад вёскі Ганчары.Напачатку шостай гадзіны раніцы 2 жніўня ляхавічанін 1991 года нараджэння не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго аўтамабіль з’ехаў з аўтадарогі ў кювет і ўрэзаўся ў дрэва. Вадзіцель з траўмамі дастаўлены на лячэнне ў райбальніцу. Магчымая прычына ДТЗ – стомленасць вадзіцеля.
Участковыя інспектары міліцыі выявілі 85 адміністрацыйных правапарушэнняў, з якіх 42 – распіццё спіртных напіткаў ці знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. За гэты час знішчана 7 кілаграмаў маку, 76 літраў самагону і брагі.
За дэкаду, па словах начальніка РАНС Валерыя Равінскага, выратавальнікі 17 разоў выязджалі на ліквідацыю наступстваў надзвычайных сітуацый. Сярод выклікаў 7 – на дэзынсекцыю гнёздаў восаў (у тым ліку адзін – у дзіцячы сад №2 райцэнтра), 5 – на ўзгаранне травы. Выратавальнікі ў Пашкоўцах выцягвалі пажылую жанчыну са склепа, а ў Гарбачах дапамагалі тушыць касцёр са смецця. Двойчы дапамога РАНС спатрэбілася супрацоўнікам ДАІ, столькі ж – калегам з Баранавіцкага раёна. Адзін выклік аказаўся фальшывым.
У гадзіну ночы 5 жніўня на пульт дзяжурнага РАНС паступіла паведамленне вартаўніка СВК “Шлях новы”, які з Патапавічаў убачыў слуп дыму з боку райцэнтра. Пажарныя зарэгістравалі ўзгаранне на палігоне цвёрдых бытавых адходаў каля Грушаўкі. Ліквідацыяй наступстваў займаўся ўласнымі сіламі камунгас.
Па прычыне экстрэмальна гарачага надвор’я супрацоўнікі РАНС узмацнілі прафілактычную работу сярод насельніцтва, штодзённа праводзяцца падваровыя абходы. Так, днямі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнуты жыхар вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры, які спальваў смецце на сваім участку непадалёку ад збожжавых палеткаў СВК “Шлях новы”. Няцяжка прадбачыць, чым магло ўсё закончыцца, калі б агонь перакінуўся на іх. Аналагічныя “кастры” гарэлі на некаторых дварах па завулках Тэхнікумаўскім, Палявым, вуліцы Спартыўнай і іншых. Выратавальнікі папярэджваюць пра неабходнасць устрымацца ад распальвання кастроў ці спальвання расліннасці і смецця, пакуль тэмпература паветра такая высокая.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *