Тут хаты дыхаюць камінамі…

Выглянцаваная грэйдарамі гравійка хутка вілася пад коламі аўтамабіля: праехалі Тальмінавічы, Савейкі, а там недалёка ўжо і Лапацічы. Некалькі хацін, што засталіся ад гэтай вёскі, далучыліся да Гайнінца, куды мы і трымалі шлях. Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Пішч, супрацоўніца гэтай жа ўстановы Таісія Макарэвіч дасканала вывучылі сваю работу, ведаюць людзей, з якімі даводзіцца працаваць. Сацыяльная служба раёна ахапіла ўвагай і клопатам сотні грамадзян. Вёска Гайнінец — не выключэнне: тут, як і ў многіх населеных пунктах Ляхавіччыны, жывуць пераважна пенсіянеры, ёсць адзінокія і састарэлыя людзі, якім так патрэбны ўвага і клопат.
Гаворка не перашкаджала любавацца прыродай. Паабапал дарогі — лес, прыцярушаны першым снегам, урачыста-прыгожы і таямнічы. Наш шафёр Міхаіл Патаповіч расказваў, што летам у гэтых мясцінах грыбоў і ягад — хоць касой касі, толькі не лянуйся раней устаць ды па роснай траве выбегчы ў лес.
…А вось і Гайнінец. На скрыжаванні дарог — стары крыж, ад якога і бярэ пачатак галоўная вуліца вёскі. Шмат дагледжаных хат, упарадкаваных сядзіб, хоць ёсць і пустуючыя, са шчыльна завешанымі вокнамі і заросшымі сцежкамі-дарожкамі. Асабліва цяжка глядзець на асірацелыя блочныя двухкватэрнікі, дзе раней жылі маладыя спецыялісты, якія раз’ехаліся, палічыўшы вёску неперспектыўнай. Памыліліся яны, бо сёння ў Гайнінцы ўсё наладжваецца.
Наогул, мясцовыя жыхары тут дзеляць сваё жыццё на «пасля» і «цяпер». І звязана гэта з асобай кіраўніка гаспадаркі. Пасля таго, як старшыня сельгаспрадпрыемства Аркадзій Сакун пакінуў гэтую пасаду, засумавалі тутэйшыя вяскоўцы. З’явіліся праблемы ў вытворчасці, новыя кіраўнікі, якія мяняліся дастаткова часта. Відаць, не паспявалі ўнікнуць у многія жыццёвыя пытанні людзей, а можа і не хацелі. Тыя ж двухкватэрнікі патрабавалі рамонту, пацяклі дахі, спатрэбілася індывідуальнае ацяпленне для кожнай кватэры. Там, дзе пражывалі гаспадарлівыя людзі і тыя, каму прыглянуліся тутэйшыя мясціны, самі адрамантавалі сабе жыллё. Іншыя падаліся шукаць лепшага месца пад сонцам.
Сёння ў Гайнінцы ажыўленне. Аркадзій Андрэевіч зноў узначаліў гаспадарку і прынёс з сабой новыя ініцыятывы, якія паспяхова пераўтвараюцца ў жыццё. Найперш, гэта датычыць вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства: рэканструявалі старыя фермы, дзе ўтрымліваецца малочны статак, маладняк на адкорме. Правераныя на практыцы тэхналогіі вядзення жывёлагадоўлі даюць станоўчы эфект. Вяскоўцы сталі атрымліваць лепшую зарплату, людзі з задавальненнем ідуць сюды працаваць. А сярод перадавікоў раёна з’явіліся новыя імёны — даяркі Алена Станішэўская, Марыя Грынялевіч, Людміла Шода і іншыя працаўніцы з Гайнінца.
— У нас сёння без праблем вырашаюцца і многія бытавыя пытанні, — расказвае мясцовы бібліятэкар і па сумяшчальніцтве сацыяльны работнік Ірына Баранава. — Прывезці дровы, торф, забяспечыць бульбай састарэлых людзей, ды шмат яшчэ якія праблемы нясуць вяскоўцы старшыні СВК «Тальмінавічы» і зараней ведаюць, што яны будуць вырашаны.
Дарэчы, Ірыну і яе мужа Гена-дзія Баранавых вельмі паважаюць землякі. Разам, акрамя сваёй асноўнай работы (яна бібліятэкар, ён — ляснік), даглядаюць чатыры сям’і адзінокіх састарэлых вяскоўцаў. Іх вельмі чакаюць гэтыя людзі. І не толькі таму, што Ірына прыбярэ ў хаце, прыгатуе абед, забяспечыць лекамі, а Генадзій, калі трэба, падрамантуе агароджу, комін, наколе дроў і г.д. Яны ўмеюць выслухаць аднавяскоўцаў, даць параду, і ўсё гэта ад чыстага сэрца, клапоцяцца, нібы пра сваіх родных.
…Мечыслаў Шастак стаў губляць зрок. З ім побач кожную хвіліну яго жонка Марыя, але ж гады ідуць і, на жаль, маладосці не прыбаўляюць. Ірына ўгаварыла вяскоўца на аперацыю і сама адвезла яго ў Баранавічы. Сёння гэты чалавек ёй вельмі ўдзячны.
Зусім адзін застаўся 83-гадовы Станіслаў Цярпіцкі. Здароўе падводзіць былога працаўніка, а яшчэ сумна яму і адзінока. Ірына і Генадзій стараюцца наведацца да яго як мага раней. І так штодня: некаму трэба аформіць адрасную сацыяльную дапамогу, і тады жанчына едзе з заявай у райцэнтр ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, іншаму — даць заяўку ў райпалівазбыт на дастаўку дроў, хтосьці захварэў — і яна ўжо тэлефануе на «скорую»…
Шматлікія праблемы сваіх вяскоўцаў Ірына дзеліць са старастай вёскі Нінай Алёхнік. Жанчын аб’ядноўвае і праца ў адной сістэме: Ніна Фёдараўна ўзначальвае Дом рамёстваў, там жа размясцілася і сельская бібліятэка.
Здалося мне, ці так яно і ёсць, што жывуць у Гайнінцы незвычайныя людзі. У іх няма зайздрасці, яны ідуць на дапамогу адзін другому па першым клічы, і амаль кожны надзелены нейкім талентам. Ніна Алёхнік, хоць і не мясцовая, але здолела разглядзець многія таленты: галасістых аб’яднала ў фальклорную групу, для рукадзельніц стварыла гурток, які сталі з задавальненнем наведваць і дзеці. Дзе толькі не пабываў самадзейны мастацкі калектыў, нават запісвалі іх песні на Беларускім тэлебачанні. Цяпер, праўда, ужо мала засталося тых пявунняў, але песні гучаць.
Марыя Варанец, якой споўнілася 84 гады, памятае сотні народных, беларускіх, украінскіх песень, ды яшчэ сама піша словы, складае трапныя прыпеўкі. Голас яе — сапраўдны скарб. Нездарма, калі ў вёсцы вяселле, клічуць людзі вясковак, каб блаславілі маладых абрадавымі песнямі. «Хай Бог цябе бласлаўляе і да шлюбу адпраўляе, мая дзяўчына!…» — звонкім голасам зацягнула Марыя Варанец, песню падхапілі яе сяброўкі Соф’я Жыжа і Соф’я Татарыновіч, якія сабраліся ў Доме рамёстваў на пасядзелкі. І кожная са сваёй работай: адна вышывае, другая вяжа, а Марыя Варанец тчэ. Старадаўні вярстак, ніт з ільняной асновай, а ў чаўнаках рознакаляровыя ніткі, — майстрыха «перабірае» новы складаны ўзор — элементы беларускага арнаменту. Яна выткала сцэнічныя касцюмы для ўсіх удзельніц фальклорнай групы, нават дзіцячыя.
Здаецца, яна ўсё ўмее і стараецца навучыць іншых. Некалі асвоіла швейную справу і тут жа пачала перадаваць сваё ўменне яшчэ шасці жанчынам. Яна пячэ адменныя вясельныя караваі. Усё дзейства суправаджаецца песнямі. Вяскоўцы лічаць, што гэта маладым на шчасце.
Марыя Вікенцьеўна, колькі памятае сябе, усё ў працы, у клопатах. Выгадавала пяцёра дзяцей, было гэта пасля вайны. А ў страшныя ваенныя дні і яна нацярпелася.
— Усіх людзей з навакольных вёсак фашысты выганялі на лесапавал, — успамінае Марыя Варанец. — Ля чыгункі на 100 метраў з абодвух бакоў мы па-вінны былі выпільваць дрэвы: гэтыя нелюдзі вельмі баяліся партызан. Праца непасільная, а я ж зусім яшчэ дзяўчо, да таго ж часта і есці не было чаго. Але ж варожыя саставы ўсё роўна ішлі пад адхон. Вёска наша гарэла, трапіўшы пад абстрэл: 6 хат так і ўспыхнулі. Асабліва бязлітаснымі былі фашысты пры адступленні: рабавалі, вывозілі ў нямеччыну моладзь. Партызан з нашай вёскі Адам Жыжа папярэдзіў нас, і мы ўцяклі ў лес. Вёска Гайнінец пасля вайны адбудавалася: кожны на свой густ узводзіў сабе жыллё. Сям’я Варанцоў — Марыя Вікенцьеўна і Антон Іосіфавіч (былы вязень фашысцкага канцлагера) — сваю сядзібу прыдбала таксама — дом вялікі і прыгожы.
— А цяпер я ў ім адна жыву, — працягвае расказ Марыя Варанец. — Рада кожнаму, хто завітае на парог. Прыязджаюць медыкі ў вёску — да мяне ідуць, бо я кожнаму выдзяляю па «ка-бінету», — жартуе бабуля. — Пакояў, хоць адбаўляй, праўда, толькі да лета, бо там дзеці, унукі прыязджаюць…
Акрамя Дома рамёстваў, ёсць яшчэ адна кропка ў вёсцы, дзе заўсёды людна, — магазін. Купіць сёння тут можна, як кажуць вяскоўцы, што душа пажадае — і не толькі прадукты харчавання. Бытавыя прыборы, мэблю, тавары першай неабходнасці закажы толькі загадчыцы магазіна Іне Несцяровіч, — не марудзячы даставіць прама на дом. Гэтая добразычлівая і рухавая жанчына ўзяла на сябе клопат пра пажылых вяскоўцаў. Варта некаму пазваніць, яна тут жа збірае пакункі, глядзіш, на ўласным скутары ўжо ў другім канцы вёскі, даставіла хлеб, іншыя прадукты. Заязджаюць у вёску і прыватныя перасоўныя магазіны. «Добра, што пенсіі і зарплаты атрымліваем своечасова, — гавораць вяскоўкі, — усё, што трэба, можна без праблем купіць».
Сваё жыццё ў жыхароў Гайнінца, але яно не ізаляванае. Яны ў курсе ўсіх спраў, з энтузіязмам вырашаюць паўсядзённыя, думаюць пра заўтрашні дзень. Стараста вёскі заклапочана тым, што нерацыянальна развешаны на вуліцы ліхтары і частка вёскі не асвятляецца, ля некаторых хат трэба зрэзаць старыя дрэвы. У Доме рамёстваў патрэбна зрабіць рамонт, каб быў свабодны доступ да ткацкага станка, каб ацяпляўся пакой і каб было месца для пашырэння музейнай экспазіцыі народнай творчасці.
…Як заўсёды нечакана выпаў снег. Ды не проста прыцерушыў наваколле, а цэлыя гурбы намяло паабапал прасёлачнай дарогі. На стрэхах пышныя мудрагелістыя шапкі — ледзь відны каміны, з якіх узнімаецца ў неба дым — паляцца печкі. Міжвольна ўспамінаюцца радкі песні: «тут хаты дыхаюць камінамі»… Жыве вёска. Пацвярджэннем маіх думак стаў ліст, які гэтымі днямі даслаў ў рэдакцыю вучань Тальміна-віцкай САШ Павел Карчэўскі: «А вы бачылі сапраўдны ткацкі станок? Мне пашанцавала не толькі ўбачыць, але і паспрабаваць ткаць. Мы з сябрамі наведалі Гайнінецкі Дом рамёстваў, дзе сустрэлі нас вельмі прыветна, расказалі і паказалі, як ткуцца беларускія посцілкі і ручнікі. Дзяўчынкі паспрабавалі вышываць, а майстар-клас даў ім Максім Варанец, які пераймае сакрэты майстэрства ў Доме рамёстваў…»
Не верце, калі пачуеце выслоўе «Гайнін, Гайнінец — і свету канец». Няма там канца свету, а ехаць у гэтую вёску, дзе жывуць добрыя людзі, трэба за добрымі ўражаннямі.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *