Кандыдаты змогуць выступіць у прайм-тайм

6 жніўня прайшло пасяджэнне ЦВК, на якім разглядаліся пытанні падрыхтоўкі і правядзення  маючых адбыцца выбараў.

«З 14 па 25 верасня з 19.00 да 20.00, у самую рэйтынгавую гадзіну, будзе магчымасць у прамым эфіры кандыдатам у Прэзідэнты выступіць на тэлеканале «Беларусь 1» (па паўгадзіны). У выніку – два выступленні», – паведаміла ў час пасяджэння старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, дадаўшы, што выступленні бясплатныя і будуць ажыццяўляцца ў рабочыя дні.
Што датычыцца радыёвяшчання, кандыдаты на пасаду Кіраўніка дзяржавы змогуць выступіць у рабочыя дні з 21 верасня па 2 кастрычніка, раніцай – з 6.10 да 7.10. «Гэты час на радыё таксама з’яўляецца самым рэйтынгавым, таму што якраз у час снедання перад рабочым днём людзі слухаюць радыё. Даецца магчымасць двух выступленняў. Пры гэтым кандыдат можа выступаць толькі асабіста, не даецца магчымасць выступлення давераных асоб замест яго», – адзначыла старшыня ЦВК.
«Выступленне ў прамым эфіры – гэта не толькі вельмі рэйтынгава, але і цяжка. І нявопытныя кандыдаты, магчыма, пабаяцца выкарыстаць час у прамым эфіры, таму яны могуць папрасіць магчымасць запісу, а пасля гэтага можна будзе пры жаданні штосьці адкарэкціраваць», – сказала Лідзія Ярмошына.
«Літаральна напярэдадні датэрміновага галасавання, і гэта таксама ў пэўным плане з’яўляецца навелай цяперашняй выбарчай кампаніі, 3 кастрычніка ў 17.00 у прамым эфіры будуць праходзіць тэледэбаты», – расказала Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, для ўдзелу ў тэледэбатах кандыдат на пасаду Кіраўніка дзяржавы зможа накіраваць сваю давераную асобу, калі не жадае выступаць асабіста, або наогул адмовіцца ад удзелу.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што кожны кандыдат мае права апублікаваць бясплатна сваю перадвыбарную праграму ў асобных цэнтральных і абласных газетах. Таксама кандыдаты маюць права за кошт сродкаў асабістага фінансавага фонду купляць эфірны час у тэлевізійным, радыёвяшчальным СМІ, месца для публікацыі ў друкаваных СМІ, на інфармацыйных рэсурсах і іх састаўных частках у інтэрнэце.
Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *