Пляжны дзень у Ляхавіцкім раёне

На гарадскім пляжы парадак.

Тэмпература паветра і вады ў адкрытых вадаёмах б’е рэкорды – такі сёлета жнівень. Сіноптыкі і другую дэкаду месяца прагназуюць не менш напружана гарачай, некалькі дзён – з чырвоным узроўнем небяспекі.

Людзі шукаюць выратаванне ад спякоты і хоць што-небудзь падобнае на прахалоду каля вадаёмаў, на зонах адпачынку – афіцыйных ці ”дзікіх”, робяць міні-басейны ў двары. Узрастае і колькасць няшчасных выпадкаў на ва-дзе. Па статыстыцы Брэсцкай абласной арганізацыі Асвода, з пачатку года ў вобласці патанулі 60 чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Таму рэчкі і вадаёмы ў зоне павышанай увагі не толькі выратавальнікаў Асвода: яны цесна ўзаемадзейнічаюць з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, для якіх прафілактыка – адзін з асноўных накірункаў дзейнасці. Больш работы і ў камунальнікаў – ад іх, як і ад культуры паводзін адпачываючых, залежыць парадак
хаця б у санкцыянаваных месцах адпачынку ля вады.
У мінулую суботу ў поле зроку рэйдавай групы ў складзе супрацоўнікаў РАНС, раённай арганізацыі Асвода, карэспандэнта “ЛВ” трапілі гарадскі пляж на рацэ Ведзьма і зона адпачынку на Шчары ў аграгарадку Дарава.
11 гадзін раніцы. На гарадскім пляжы каля 30 адпачываючых. Як зазначыла старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко, у апошні тыдзень пік наплыву сюды людзей прыходзіцца на вячэрні час – пасля 17 гадзін. І найбольшы клопат у дзяжурных матросаў-выратавальнікаў выклікаюць нават не дзеці (у асноўным, на рэчку яны прыходзяць у суправаджэнні дарослых), а нецвярозыя грамадзяне, якім да бяды асабліва недалёка. Свежы прыклад:
матросу Руслану Дзяміду днямі давялося выцягваць з вады п’янага мужчыну вагой больш за 100 кілаграмаў, які нават не купаўся, а проста страціў раўнавагу і ўпаў з мастка ў ваду. На шчасце, застаўся жывы, хочацца верыць – зрабіў высновы са сваіх паводзін. А выратавальнікі зноў і зноў нагадваюць: нельга п’яным нават падыходзіць да вады, тым больш купацца.
На гарадской зоне адпачынку на стэндзе размешчана інфармацыя для адпачываючых, у тым ліку правілы паводзін. Штодзень абнаўляюцца даныя з тэмпературамі паветра і вады. Вакол чыста, бачна, што работнікі камунгаса праводзяць што-
дзённую ўборку. Кантэйнер для збору смецця і адходаў амаль пусты – яго змесціва вывозяць па панядзелках, серадах і пятніцах. Матрос-выратавальнік на сваім пасту: тут дзяжураць па зменах штодзённа з 9 да 21 гадзіны. Ёсць усё неабходнае: ад выратавальных колаў і ўкамплектаванай аптэчкі да спецыяльна абсталяванай лодкі.
На пляжы хто загараў, хто купаўся, былі і аматары папрыгаць з мастка. Разгаварыліся з маладой мамай, якая выцірала ручніком маленькую дачушку.
– Нам спадабалася, хоць і прыйшлі сюды ўпершыню – прыехалі ў госці да сваякоў. Вакол чыста, прыбрана, абсталяваны кабінкі для пераапранання, ёсць навесы. Праўда, хацелася, каб вада была больш чыстай, – падзялілася сваім меркаваннем жанчына.
Дарэчы, наконт вады. На афіцыйных зонах адпачынку, кожныя 10 дзён бяруцца пробы на ўтрыманне ў вадзе кішэчнай палачкі. Калі яно перавышае дазволеную норму, галоўны санітарны ўрач раёна забараняе купанне. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, сёлета такая забарона ўводзілася толькі аднойчы і на 2 дні. Атрымліваецца, што праведзенае камунгасам для ачысткі рэчышча ракі ад водарасцяў зарыбленне дало нядрэнны вынік.
Намеснік начальніка РАНС Валерый Свянтэцкі нагадаў адпачываючым правілы бяспекі на вадзе. Між іншым, нават 10-гадовая дзяўчынка ведала, што ёй можна плаваць да першых буйкоў (тут глыбіня да 130 сантыметраў).
Людзей на пляжы ўсё прыбывала: ішлі кампаніямі, сем’ямі, па адным – хто з ластамі, хто з гумавым колам, але абавязкова з ручнікамі, коўдрамі і вадой ці квасам. Дарэчы, як паведаміла Марыя Цітко, калі аматараў загараць і купацца вельмі шмат, яна тэлефануе ў райпо, і міні-палатка з напіткамі, цукеркамі і пячэннем прыязджае сюды.
На пляжы – плюс 35, у вадзе – плюс 24. І гэта на 12 гадзін дня на зоне адпачынку ў Дараве. Месца карыстаецца асаблівай папулярнасцю не толькі сярод жыхароў нашага раёна, але і Баранавіцкага. Вось і ў мінулую суботу тут не было дзе “целу ўпасці”. І не толькі ад вялікай колькасці людзей, але, у тым ліку, і ад пустых пластыкавых бутэлек, пакетаў, рэшткаў абедаў і вячэры, бруду, смецця і нават кімсьці забытага адзення. Усё вышэйпералічанае ляжала каля перапоўненых урнаў для збору смецця, пад завязку запоўнены і кантэйнеры. Зразумелая незадаволенасць людзей ад такой антысанітарнай карціны:
– Няўжо так цяжка было вывезці смецце і прыбрацца ўчора вечарам, ведалі ж тыя, хто адказвае за парадак, што заўтра субота, будзе шмат адпачываючых.
– Пасля абеду народу яшчэ значна больш будзе, месца для людзей не хопіць…
– Да сезона тут так добра ўсё падрыхтавалі, а потым сітуацыя толькі пагаршалася. Што за задавальненне – загараць каля сметніка?
– У Дарава прыязджаем летам некалькі гадоў запар, тут лепш, чым на баранавіцкіх пляжах: вада някепская, недалёка магазін, а сёлета і кафэ працуе, нават квас з бочкі на вуліцы сталі прадаваць. А вось што датычыць чысціні – самі паглядзіце…
Мала прыемнага было чуць такое, нягледзячы на тое, што ўборка – справа КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, а сачыць за парадкам – Конькаўскага сельвыканкама, а не выратавальнікаў.
Дарэчы, і тут супрацоўнікі РАНС правялі растлумачальную гутарку з адпачываючымі: нагадаць правілы паводзін, у тым ліку і на вадзе, лішнім не будзе. Расказалі, як правільна дзейнічаць, калі побач тоне чалавек.
Сярод адпачываючых былі і парушальнікі. Напрыклад, некалькі машын знаходзілася побач з пляжам, хаця і стаіць знак “уезд забаронены”. А тым часам на зону адпачынку ішла троіца ў добрым падпітку: да плюс 35 на вуліцы не пабаяліся дадаць яшчэ 40 градусаў унутр арганізма…
На жаль, так і засталося ў планах адкрыццё ў Дараве яшчэ аднаго выратавальнага паста. Як расказала Марыя Цітко, камунгас знайшоў памяшканне, ёсць лодка, усяго і засталося – падрыхтаваць матросаў і набыць сёе-тое з абсталявання. У камунгасе на гэта не хапіла грошай. Можа на наступны год ідэя стане рэальнасцю? Жыццё і бяспека даражэй за грошы.
Вярталіся да машыны МНС праз стары мост. Рэшткі газет, яшчэ мінулагодняе апалае лісце, зломаныя, раскіданыя ветрам галіны – пейзаж не з прыемных. Краявіды тут вельмі маляўнічыя, на жаль, не тымі фарбамі размалёўвае іх чалавек…
А перад тым была жнівеньская сустрэча ў аздараўленчым лагеры “Чайка”, чацвёртая па ліку ў сезоне 2015 года. І гэты візіт стаў для дзяцей святам –змястоўным і карысным. Начальнік РАНС Валерый Равінскі чарговы раз нагадаў правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях і што трэба рабіць, каб іх не дапусціць. Марыя Цітко пазнаёміла прысутных з правіламі бяспечнага купання, а інспектар РАНС Таццяна Калгушкіна пад-рыхтавала конкурсную праграму-віктарыну. Самай захапляльнай часткай сустрэчы стала знаёмства з работай выратавальнікаў – апрананне баявой формы пажарных, работа з розным спецыяльным інструментам і абсталяваннем і, канешне, водная феерыя. Такім чынам, майстар-клас стаў не толькі навучальным, але і забаўляльным.
Галіна КАНЬКО,
Фота аўтара.

На зоне адпачынку ў Дараве і вакол яе – сметнікі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *