Гарачы пераезд

За апошні тыдзень на аўтадарогах раёна адбылося 2 ДТЗ на чыгуначных пераездах. Абодва вадзіцелі ў момант аварыі былі цвярозыя, дазволеную скорасць руху не перавышалі. Адной з відавочных прычын, што справакавала гэтыя ДТЗ, стала невыносная спякота, якая садзейнічае прытупленню ўвагі, выклікае агульную млявасць і стомленасць арганізма.

7 жніўня ў 19.05 аварыя адбылася на пераездзе каля аграгарадка Падлессе. Жыхар Клецкага раёна, трактарыст СВК “Жарабковічы” на ўласным “Фальксвагене” выехаў на неабсталяваны светлафорам чыгуначны пераезд, хаця набліжаўся грузавы лакаматыў. У выніку сутыкнення легкавое аўто і лакаматыў атрымалі механічныя пашкоджанні, людзі не пацярпелі.

А палове трэцяй гадзіны дня 9 жніўня ў дарожным здарэнні на пераездзе “Рэйтанаў” пацярпеў МАЗ з СВК “Ляхавіцкі”. Вадзіцель выехаў на чыгуначнае палатно на забаронены сігнал светлафора. Пад лакаматыў трапіў прычэп са збожжам.

АДАІ рэкамендуе вадзіцелям у гарачыню абавязкова вазіць у машыне прахаладжальныя напіткі, папоўніць аптэчку лекавымі сродкамі, планаваць працяглыя паездкі на раніцу або вечар. І абавязкова змяніць свой звычайны стыль ваджэння на больш акуратны, бо пад уздзеяннем спякоты ўвага і рэакцыя прытупляюцца, і многія вадзіцелі пачынаюць рабіць памылкі, не ўласцівыя ім пры больш камфортнай тэмпературы паветра.

Сяргей ЖЫТКО, начальнік АДАІ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *