Ліза, вера і любоў

Ёсць людзі па натуры вельмі светлыя, здольныя нейкім дзіўным чынам здымаць напружанне і ў лічаныя хвіліны ствараць вакол сябе атмасферу ўтульнасці, спакою і гармоніі. Менавіта з такіх – наша зямлячка Ліза Жытко.

Сціплая і ўсмешлівая, відавочна адораная музычным талентам, яна і прафесію выбрала сугучную свайму характару – сёлета паспяхова закончыла Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж, атрымаўшы спецыяльнасць выкладчыка па класе фартэпіяна і канцэртмайстра. А калі да спаўнення мары – стаць студэнткай БДПУ імя М. Танка і вучыцца музычнаму выкананню, рытміцы і харэаграфіі – заставаўся літаральна адзін крок, здарылася тое, што, у рэшце рэшт, прымусіла прыёмную камісію ВНУ здзівіцца ў добрым сэнсе слова і выклікала ў экзаменатараў (і не толькі) сапраўднае захапленне. Напярэдадні апошняга ўступнага экзамена па сцэнічным і музычным майстэрстве Ліза зламала левую руку. Але ад сваіх планаў не адмовілася: любімага Шапэна і Гайдна ўпэўнена і з усімі танальнымі тонкасцямі сыграла на фартэпіяна адной рукой. А потым яшчэ і станцавала… На абраны факультэт 19-гадовую Лісавету Жытко залічылі адной з першых.

Згадзіцеся, не кожны б так змог. Хвалявалася? Безумоўна!

– Але ўсё, што ні робіцца ў нашым жыцці, – да лепшага, – сцвярджае Ліза. – Трэба толькі верыць у свае сілы і настойліва ісці да сваёй мэты. Калі цябе падтрымліваюць родныя, гэта не так і складана…

Трэба сказаць, сям’я ў дзяўчыны не самая звычайная: бацька Георгій Канстанцінавіч – благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі. І ў Лізы, акрамя захаплення музыкай, інтарэса да рукадзелля і любові да кніг, хапае клопатаў па дому і ў храме. А паміж усім гэтым яна паспявае яшчэ і малодшаму брату дапамагчы спасцігаць азы музычнай граматы – ён летась паступіў у музычную школу.

Дарэчы, на пытанне, якая рыса характару больш за ўсё дапамагае чалавеку ў жыцці, Ліза, не раздумваючы, прыгадвае добрае сэрца, у якім жывуць вера і любоў.

І з гэтым не паспрачаешся.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *