Па скарочаным шляху. Служба «Адно акно» ў Ляхавічах

Са з’яўленнем некалькі гадоў назад службы “Адно акно” цалкам змяніўся парадак вырашэння пытанняў, з якімі насельніцтва звяртаецца ў дзяржаўныя структуры. Не трэба ў чаканні запаветнай “паперы” хадзіць з кабінета ў кабінет, марнаваць час у чарзе. Заяўнік падае ў службу толькі мінімальны пакет неабходных для працэдуры дакументаў, устаноўленых заканадаўствам, а далей – справа “Аднаго акна”. Не трэба нават доўга раздумваць над тым, як правільна напісаць заяву – распрацаваны іх узоры і бланкі. Пры неабходнасці спецыяліст службы накіроўвае запыт у дзяржаўныя органы і арганізацыі і не толькі Рэспублікі Беларусь. Многія ляхавічане, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы неаднойчы карысталіся паслугамі гэтай службы, што знаходзіцца на першым паверсе Дома Саветаў (што таксама зроблена для зручнасці насельніцтва).

Сёння на службу “Адно акно” ўскладзены абавязкі па ажыццяўленні 37 адміністрацыйных працэдур з прыёмам і зборам дакументаў для разгляду і прыняцця рашэнняў па іх аддзеламі райвыканкама. За паўгода прыняты заявы ад 260 грамадзян па 22 адміністрацыйных працэдурах.

Кіраўнік справамі райвыканкама Юрый Несцяровіч адзначае, што часцей за ўсё людзі звяртаюцца для пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, за выдачай дазволу на рэканструкцыю жылых ці нежылых памяшканняў, праектна-вышукальныя работы на правядзенне вода- і газазабеспячэння, водаадвядзення, а таксама за выдачай дазвольнай дакументацыі на ўзвядзенне жылога дома і нежылых капітальных пабудоў, для прадастаўлення жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жылога фонду. Частай прычынай звароту становіцца перапланіроўка кватэры, неабходнасць рэгістрацыі дагавора найму і г.д.

На афармленне кожнай працэдуры вызначаны свой тэрмін. Ён можа складаць ад аднаго дня (напрыклад, афармленне дагавора найму) да 30 дзён.

На стэндзе каля службы “Адно акно” можна знайсці звесткі аб часе прыёму грамадзян і юрыдычных асоб, правядзення “прамых ліній” кіраўніцтвам райвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, работы грамадскай прыёмнай, іншую інфармацыю. Можна патэлефанаваць на агульнарэспубліканскі даведачна-інфармацыйны нумар 142 ці ў службу “Адно акно” райвыканкама 2-49-59 і атрымаць кансультацыю па пытаннях, якія цікавяць. Уся неабходная інфармацыя размешчана і на сайце райвыканкама. Дарэчы, для зручнасці заяўнікаў па серадах рабочы дзень “Аднаго акна” падоўжаны да 20 гадзін.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *