Жніўнае слова “Белпрампрыбора” /фота/

Пётр Слабкевіч – адзін з лідараў раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа.

988 гектараў – такі сёлетні зерневы клін у ЗАТ “Белпрампрыбор”. Сёння тут збіраюць у сярэднім 54,3 цэнтнера з гектара супраць 47,6 леташніх. Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Канецпольскі не хавае задаволенасці: такія вынікі сталі магчымымі ў многім дзякуючы дакладнай і зладжанай рабоце агранамічнай службы, захаванню агратэхнічных патрабаванняў, культуры земляробства. Па стане на ўчарашні дзень тут абмалочана 871 гектар збожжа – 88 працэнтаў да плана.

На палетках працуюць 4 экіпажы камбайнераў і столькі ж нашых вадзіцеляў. І яшчэ запрасілі ў якасці дапамогі камбайн з СВК “Востраў-Агра”, – расказвае Віктар Канецпольскі.

Залатым патокам зерне сыплецца з бункера камбайна ў кузаў ГАЗ-САЗ-53, за рулём якога адзін з лепшых вадзіцеляў на адвозцы збожжа не толькі ў “Белпрампрыборы”, але і ў раёне – Пётр Слабкевіч. Для 31-гадовага вадзіцеля сёлетняе жніво – пятае ў яго хлебаробскай біяграфіі і пакуль што бадай самае адметнае – ён упершыню ў ліку раённых перадавікоў. За змену, а яна доўжыцца прыкладна 12 гадзін, Пётр робіць па 8-10 рэйсаў па маршруце “поле – дарога – зерняток”.

– Быў напачатку жніўня дзень, што нават спыніцца не было калі – зрабіў 24 рэйсы, прыйшоў дамоў і адразу зваліўся спаць, – успамінае вадзіцель.

Пётр тутэйшы, жыве ў Галаўнінцах. Гэтыя палеткі для яго не проста знаёмыя – родныя. У гаспадарцы яго задавальняюць і ўмовы працы, і заработная плата. Галоўнае, як перакананы, – якасна выконваць свае абавязкі, не спадзявацца, што за цябе гэта зробяць іншыя.

Пакуль яшчэ пусты ГАЗ накіраваўся да камбайна, у кабіне якога два Аляксандры – Дубіна і Мядко, каб праз некалькі дзясяткаў хвілін ужо ашчадна імчаць поўны кузаў у накірунку Шчэрбава, на тутэйшы зерняток.

Крыху наводдаль на полі роўныя пракосы пакідае КЗС-1218. Уважліва і ўпэўнена вядзе камбайн па пшанічным полі вопытнейшы старшы камбайнер – пераможца мінулагодняга раённага спаборніцтва (і адзін з першых леташніх тысячнікаў) Міхаіл Зубік. Для яго гэта 32-я па ліку ўборачная.

– Такое зерне – налітае, адборнае – убіраць у радасць. Возьмеш колас у рукі – прыемна адчуць яго важкасць. Сочым, каб неабмалочаным не застаўся ніводны каласок. І важна як мага менш паломак у машыне, – заўважае старшы камбайнер.

Задаволены Міхаіл Іосіфавіч і сваім маладым памочнікам – камбайнерам Дзмітрыем Патапчыкам, з ім у камандзе працаваў і на жніве-2013. Дзмітрый у любы момант можа падмяніць камандзіра экіпажа, а гэта ў гарачую пару вельмі важна.

24-гадовы Дзмітрый родам з Бенькаўцаў, працуе ў Баранавічах. А вось на ўборачную кампанію ўзяў водпуск і дапамагае роднай гаспадарцы.

Можна бясконца глядзець, як залатой ракой сыплецца збожжа. Але не да любавання ўдзельнікам жніва, у тым ліку і вадзіцелям, – дарагая кожная жніўная хвіліна.

Падрыхтаваўся прымаць важкі груз з камбайна вадзіцель Аляксей Кулак, чый стаж работы – 38 гадоў. Ён са сваім МАЗам неразлучны ўжо больш за дзесяцігоддзе, прабег машыны перавысіў 530 тысяч кіламетраў. Не па словах, а на справе ведае цану цяжкай, але такой неабходнай хлебаробскай працы:

– Гарачыня, канешне ж, уплывае на ход уборкі – прыемнага мала быць на такім санцапёку. Але ж імкнёмся працаваць якасна – не падвесці тых, хто сеяў і даглядаў хлеб, вырасціў такі ўраджай.

І яшчэ адна немалаважная акалічнасць: кожны з белпрампрыбораўцаў, з кім давялося паразмаўляць, прыгадаў смачныя абеды і падвячоркі, якія дастаўляюцца прама ў поле. Добры работнік – накормлены работнік.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцель Аляксей Кулак – адзін з самых вопытных механізатараў «Белпрампрыбора», за рулём 38 гадоў.

Экіпаж у складзе Міхаіла Зубіка і Дзмітрыя Патапчыка на жніве паказвае майстар-клас.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *