З новымі спецыялістамі, Ляхавіччына!

Белыя халаты да твару маладым урачам Вользе Жмайдзяк, Антону Маславу і Лізавеце Цалей.

Яшчэ зусім нядаўна яны штудзіравалі падручнікі, рабілі першыя самастойныя крокі ў выбранай прафесіі падчас практыкі, з хваляваннем чакалі размеркаванне, абаранялі дыпломную работу, здавалі дзяржаўныя экзамены, развітваліся з выкладчыкамі і аднакурснікамі. А сёння – ужо дыпламаваныя спецыялісты з вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Атрыманы дыплом не толькі абяцае новае жыццё, але і накладае адказнасць, у тым ліку і перад дзяржавай, якая затраціла немалыя сродкі на навучанне. Безумоўна, раённая ўлада зацікаўлена ў тым, каб маладыя спецыялісты заставаліся на Ляхавіччыне. Пра гэта гаворыць і старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч:

– Сочым, як ідуць іх справы на рабоце, як уладкаваны быт, арганізоўваем “круглыя сталы”, запрашаем на сустрэчы спецыялістаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Па магчымасці імкнёмся вырашаць і адно з асноўных пытанняў – жыллёвае. Так, на пачатку гэтага года ключы ад кватэр атрымалі маладыя спецыялісты – медыкі, педагогі. Моладзь не застаецца сам-насам з сабой: юнакоў і дзяўчат прыцягваюць да грамадскай работы, большасць з іх – члены БРСМ.

І сёлета на традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі будуць вітаць новае педагагічнае папаўненне, чыя працоўная біяграфія пачалася ў сельскіх і гарадскіх школах і дзіцячых садах Ляхавіччыны. Па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяны Зубік, кожны малады спецыяліст атрымаў прадугледжаныя заканадаўствам “пад’ёмныя”, а таксама пасля заключэння кантракта штомесяц на працягу двух гадоў можа разлічваць на 20-працэнтную прыбаўку да заробку згодна раённага галіновага сацыяльнага пагаднення і калектыўнага дагавора паміж адміністрацыяй навучальнай установы і прафкамам. Акрамя таго, часткова кампенсуецца пры наяўнасці дагавора найму і аплата арэнды жылля. Маладыя спецыялісты маюць права на атрыманне льготных крэдытаў.

– Апошнім часам у навучальныя ўстановы раёна прыходзяць працаваць юнакі і дзяўчаты, якія жывуць школай. І хоць у выпускнікоў універсітэтаў і каледжаў адсутнічае стаж, ён кампенсуецца добрым патэнцыялам, жаданнем і імкненнем знайсці падыход да кожнага дзіцяці, – гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Святлана Якубоўская.

Адразу на траіх маладых настаўнікаў павялічыўся калектыў Тухавіцкай сярэдняй школы. Знаёмцеся: матэматык – тутэйшая дзяўчына, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Марына Папчэня, Алена Саган з Галаўнінцаў – філолаг, Таццяна Тарасава са Слоніма – псіхолаг. У Жарабковіцкай СШ пачне выкладаць новы біёлаг, Ліпскай СШ – матэматык, СШ №1 – настаўнік англійскай мовы, сацыяльныя педагогі прыйдуць у адну з гарадскіх школ і Востраўскую СШ, чакаецца спецыяліст па турызме і гасціннасці ў цэнтры турызму і краязнаўства. У асноўным, усе яны закончылі Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт ці Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна. Дарэчы, гэта пакуль прыкладнае размеркаванне.

А яшчэ сёлета ўпершыню за доўгі час амаладзіўся кадрамі і поварскі штат устаноў адукацыі. Выпускнікі Навамышскага ліцэя будуць гатаваць смачныя і карысныя стравы ў Малагарадзішчанскім ДС-СШ і Навасёлкаўскім садку.

Праз 4 гады выкладчыкамі спартыўных дысцыплін вернуцца ў раён сёлетнія выпускнікі СШ №2 і Навасёлкаўскай СШ Іна Бадак і Раман Станчык. Паміж імі і аддзелам адукацыі, спорту і турызму заключаны дагавор на мэтавую падрыхтоўку кадраў – яны студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.

Што вас непакоіць? – такімі словамі пачынае размову з чарговым пацыентам тэрапеўт Антон Маслаў. Уважліва выслухае (гэта дапаможа дакладна і своечасова паставіць дыягназ і прызначыць адпаведнае лячэнне) – усё, як вучылі ў медуніверсітэце і падчас прахо-джання інтэрнатуры. Выпускніка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта пакуль на першым працоўным месцы задавальняе ўсё – умовы, паважлівыя адносіны з боку калег, вырашэнне жыллёвага пытання (яму выдзелены пакой у інтэрнаце ЛДАКа).

–Усё цудоўна: я займаюся любімай справай, бо ўрач – самая лепшая прафесія ў свеце. Ёсць з каго браць прыклад – старэйшы брат таксама ўрач. І ў мяне шмат планаў, – сцвярджае Антон Маслаў.

Вольга Жмайдзяк прыязджае на работу ў Ляхавічы з Баранавічаў. Яе візітоўка – прыгожая ўсмешка, і яна – урач-стаматолаг – імкнецца, каб такая была і ў пацыентаў.  У Ляхавічы размеркавалася і Лізавета Цалей. Сёння яна выконвае абавязкі загадчыцы неўралагічнага аддзялення райбальніцы.

З пачатку жніўня яшчэ пяцёра маладых урачоў пачалі клапаціцца пра здароўе ляхавічан. Галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў не хавае задавальнення: дзякуючы кадраваму папаўненню, вырашаны няхай не ўсе, але ж многія пытанні. Прыйшло адразу 4 тэрапеўты: у стацыянар райбальніцы, Начаўскую, Савейкаўскую і Тухавіцкую ўрачэбныя амбулаторыі. Прыбыло ў палку хірургаў, неўролагаў, стаматолагаў. Нарэшце, дачакаліся зубнога фельчара ў Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі і акушэрку ў гінекалагічным аддзяленні райбальніцы. Акрамя Лізаветы Цалей, з дыпломамі ўрача вярнуліся на сваю малую радзіму вастраўчанка Наталля Пятліцкая (яна размеркавалася загадчыцай Тухавіцкай УА), Аляксандр Ашмарын з Жарабковічаў зараз хірург у ЦРБ. Кожны з медыкаў-навабранцаў разам з першым працоўным месцам атрымлівае аднаразовую дапамогу ў суме 5 базавых велічынь на першапачатковае ўладкаванне і штомесячна – 2 базавыя велічыні на аплату за арэнду жылля. Дарэчы, пра жыллё. Урачу Савейкаўскай урачэбнай амбулаторыі выдзелена службовая кватэра ў аграгарадку Тальмінавічы.

Прыйшлі маладыя, таленавітыя, адукаваныя і ва ўстановы культуры. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа ўладкавалася выкладчыкам у школу мастацтваў у райцэнтры ляхавічанка Медэя Тутберыдзэ, а ў Тухавіцкую дзіцячую школу мастацтваў – Ганна Карасік. Харэографам з дыпломам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў вярнулася на радзіму Алена Маляр. Крысціна Шклянік пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў цяпер мастацкі кіраўнік народнай эстраднай групы “Пачатак” гарадскога Дома культуры.

Невялікае, але ўсё ж папаўненне – у ПМК-13. Першыя працоўныя тыдні самастойнай працы ў маладых спецыялістаў – выпускнікоў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, а цяпер ужо інжынераў Святланы Зіновіч і Вольгі Лакуць. Абедзве дзяўчыны родам з Драгічынскага раёна, прыехалі ў будаўнічую арганізацыю па размеркаванні. Дапамаглі ім і з вырашэннем жыллёвага пытання – пакуль яны будуць жыць у добраўпарадкаваным інтэрнаце ЛДАКа.

–Мы вучыліся ва ўніверсітэце на бюджэтнай аснове і рады, што ёсць размеркаванне. Гэта не толькі гарантыя працаўладкавання, але і магчымасць атрымаць усе выплаты, якія належаць маладым спецыялістам. Прафесія будаўніка мне падабаецца. А ці застануся ў Ляхавічах надоўга – пакуль не ведаю. На 2 гады – гэта дакладна, далей загадваць не буду: пажывём, папрацуем, паглядзім, – разважае Святлана Зіновіч.

Прыступілі ці вось-вось прыступяць да работы ў іншых галінах, арганізацыях, установах, на прадпрыемствах маладыя спецыялісты — учарашнія навучэнцы, студэнты.

Там, дзе зацікаўлены, каб малады спецыяліст прыжыўся, ствараюцца ўсе ўмовы для быту і працы. І калі дастойная зарплата, ёсць паўнацэнныя выхадныя, наладжаны арганізацыя працы і быт, адчувальны зацікаўленасць кіраўніцтва і дапамога больш вопытных калег, хутчэй за ўсё, малады спецыяліст захоча застацца тут і пасля адпрацоўкі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Святлана Зіновіч размеркавалася ў ПМК-13.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *