Горад з водарам дыму

Едкі дым уварваўся ў расчыненыя вокны раніцай у мінулы аўторак. Настойліва нагадваў пра сябе і ў наступныя дні, чым сур’ёзна ўстрывожыў гараджан і вяскоўцаў.

Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, да Ляхавіччыны дайшоў дым пажараў з суседняга Ганцавіцкага раёна: гараць тарфянікі прыкладна ў 30 кіламетрах ад межаў нашага раёна на плошчы 10 гектараў паміж вёскамі Хатынічы і Раздзялавічы. Пэўны “ўклад” уносіць і гарэнне тарфянікаў на тэрыторыі Украіны.

Хапае клопату і ў мясцовых пажарных выратавальнікаў. Так, ноччу 7 жніўня на пульт дзяжурнага РАНС паступіла паведамленне аб узгаранні жылога дома ў вёсцы Заполле. Пажарныя прыехалі своечасова – выратавалі гаспадара і ўціхамірылі агонь. Папярэдне прычынай гэтага здарэння называецца курэнне ў нецвярозым стане гаспадара дома.

У мінулую сераду раніцай загарэўся хлеў на адным з прысядзібных участкаў у Ганчарах. Неасцярожнае абыходжанне чалавека з агнём прывяло да таго, што ў аўторак у Куліках на гектарнай плошчы гарэла сухая расліннасць.

Усяго з 5 па 13 жніўня выратавальнікі выязджалі на ліквідацыю надзвычайных сітуацый 14 разоў.

У сувязі са спякотным сухім надвор’ем з 5 жніўня па ўсёй краіне ўведзена забарона на наведванне лясоў. У гэты перыяд закрываюцца ўсе шлагбаўмы на з’ездах з дарог у лясы, дазваляецца праязджаць транспартам толькі па дарогах, якія вядуць да населеных пунктаў, а таксама да афіцыйных зон адпачынку. Распальванне кастроў у лясах і на тарфяніках катэгарычна забараняецца.

Работнікі лясгаса штодзённа патрулююць у лясах, дзяжураць на назіральных вышках, праводзяць растлумачальныя гутаркі з насельніцтвам. Як расказала намеснік дырэктара ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Наталля Адаменка, з пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 3 выпадкі лясных пажараў, складзена 2 пратаколы аб парушэннях правілаў пажарнай бяспекі ў лясах.

Інфармацыя пра лясныя пажары прымаецца ў лясгасе па тэл. 2-17-30, 2-31-85, 2-17-95 і ў цэнтры аператыўнага кіравання РАНС 101 і 6-23-11.

Наталля Адаменка нагадала, што парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках, а таксама парушэнне забароны на іх наведванне, якія не нанеслі страт, прадугледжваюць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 25 БВ. Калі ж такое парушэнне прывяло да знішчэння або пашкоджання лесу або тарфянікаў, калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства, прадугледжана накладанне штрафу ў памеры ад 25 да 50 БВ.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *