Даіграліся…

Супрацоўнікі аддзялення наркакантролю Ленінскага РАУС г. Брэста 5 жніўня затрымалі двух вулічных музыкантаў, якія займаліся збытам спайсаў.

Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі УУС Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Жыгар, была атрымана інфармацыя пра тое, што на вуліцы Савецкай   г. Брэста каля бара “Візіт” гітарыст і скрыпач займаюцца збытам псіхатропных рэчываў – спайсаў. У ходзе праверкі інфармацыя пацвердзілася. Збытчыкамі спайсаў аказаліся двое жыхароў Брэста 1991 і 1989 г. н., якія самі ўжывалі адурманьваючыя рэчывы. Падчас вобыску ў іх былі знойдзены псіхатропныя рэчывы і электронныя вагі. Зараз у адносінах аднаго з фігурантаў узбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 328 (“Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”) КК Рэспублікі Беларусь, па якой прадугледжана пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі. У адносінах другога праводзіцца праверка яго дачынення да збыту рэчываў.
Як высветлілася, продажам спайсаў маладыя людзі займаліся з лютага. Купля-продаж былі наладжаны простым спосабам: музыканты звярталі ўвагу на памер купюр, якія ім у капялюш клалі прахожыя. Калі сума была значнай, тут жа на месцы адбывалася ўзважванне. У сярэднім кошт за дозу складаў 250 тысяч рублёў.
“Музыканты” былі настолькі ўпэўнены ў беспакаранасці сваіх дзеянняў, што арганізавалі “рынак смерці” на вуліцы Савецкай – адным з любімых месцаў адпачынку моладзі, падлеткаў і ўсіх жыхароў і гасцей Брэста.
Асаблівая небяспека падсцерагае дзяцей і падлеткаў у інтэрнэце. У гэтым годзе супрацоўнікі ўпраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі УУС у ходзе правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлены асобы, якія ажыццяўлялі злачынную дзейнасць па збыце наркотыкаў з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт. Падчас летніх канікулаў, калі няма заняткаў у школе, а ў большасці бацькі на рабоце, дзеці найбольш схільныя да чужога ўплыву.
Акрамя таго, у гэтым годзе супрацоўнікі міліцыі выявілі два памяшканні, якія былі спецыяльна прыставаны для вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін, а таксама перакрыты два каналы паступлення наркатычных сродкаў з Польшчы і Галандыі.
Выяўлена 568 фактаў незаконнага пасеву раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі, на агульнай плошчы 185 019 метраў квадратных, знішчана 37 088 кг незаконных пасеваў наркатычных сродкаў расліннага паходжання (маку і канапель).
На жаль, даводзіцца канстатаваць, што пакуль не ўдалося скараціць колькасць нарказлачынстваў, якія ўчынілі падлеткі. Калі ў мінулым годзе з іх удзелам учынена 15 злачынстваў, то ў гэтым – 55. Павялічылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, да якіх маюць дачыненне непаўналетнія (з 4 да 30).
Ці зменіцца гэта сітуацыя? Залежыць, у першую чаргу, ад усіх нас. Бацькоў, якія павінны размаўляць з дзецьмі і на гэтыя тэмы, тлумачыць наступствы ад прыёму наркотыкаў, ды і проста кожнага нераўнадушнага чалавека, які не пройдзе міма, зробіць заўвагу, паспрабуе дапамагчы, калі западозрыць нядобрае ў паводзінах маладога чалавека. Ад уважлівасці і ўдзелу кожнага залежыць, ці зможам мы зменшыць колькасць ахвяр ужывання наркотыкаў. Толькі ў гэтым годзе з ”перадозам” у бальніцы было дастаўлена 57 чалавек, з іх больш за 40 пацярпелі ад спайсаў.
Міліцыя звяртаецца да грамадзян і просіць паведамляць пра факты продажу наркатычных і псіхатропных рэчываў па тэлефоне 102 кругласутачна.
Ганна ІВАШЧАНКА, інспектар прэс-службы УУС аблвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *