Маладыя ў галоўных ролях. У Ляхавіцкім раёне на сёлетнім жніве працуюць 9 маладзёжных экіпажаў і 8 маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа

Экіпаж у складзе Андрэя Дзянішчыка і Паўла Булатага з СВК "Жарабковічы - лідар працоўнага спаборніцтва на жніве ў намінацыі "Лепшыя маладзёжныя экіпажы""

Жніво наблізілася да фінішу. Хлебаробы ў гэты гарачы час забыліся пра многае: кароткі перапынак на сон – і зноў у поле. З раніцы да вечара побач з вопытнымі калегамі шчыруюць за штурваламі камбайнаў, у кабінах аўтамабіляў, на зернетаках маладыя ўдзельнікі жніва. Яны імкнуцца не адстаць ад сваіх больш вопытных калег – нараўне з імі ўдзельнічаюць у раённым спаборніцтве. Большасць маладых удзельнікаў жніва – члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Усяго ў раёне на сёлетнім жніве працуюць 9 маладзёжных экіпажаў і 8 маладых вадзіцеляў на адвозцы збожжа, а некаторыя яшчэ – у складзе сямейных дуэтаў ці пад кіраўніцтвам старшых камбайнераў. На раённай Дошцы гонару ў намінацыі “Лепшыя маладзёжныя экіпажы” прозвішчы Андрэя Дзянішчыка і Паўла Булатага з СВК “Жарабковічы”. Менавіта гэтых маладых перадавікоў у мінулы чацвер прама ў полі віншавалі з працоўнай перамогай – намалотам 1000 тон зерня – намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык, самадзейныя артысты раёна. І калі Павел на жніве – навічок (гэта яго першая ўборачная), то на рахунку 29-гадовага старшага камбайнера Андрэя Дзянішчыка не адна сотня бункераў намалочанага зерня за 10 уборачных сезонаў. Пачынаў жніўную працоўную біяграфію памочнікам камбайнера – дапамагаў бацьку. У гаспадарцы працуе трактарыстам-машыністам. Свой КЗС-1218 Андрэй ведае да апошняй гайкі – удзельнічаў у яго падрыхтоўцы да жніва і цяпер стараецца не дапусціць паломак і прастояў.
– Канешне, прыемна быць сярод перадавікоў. Але галоўнае не лідарства, а якасная ўборка. Стараемся, – нешматслоўна адзначае старшы камбайнер.
На суседніх участках шчыруе яшчэ адзін перспектыўны маладзёжны экіпаж у складзе Рыгора Жука і Дзмітрыя Лук’янчыка. Георгія летась віталі на раённых дажынках у Русінавічах – ён стаў другім у раённым спаборніцтве сярод маладзёжных збожжаўборачных экіпажаў.
Тутэйшыя вадзіцелі Міхаіл Праневіч і Віктар Клемяня, нягледзячы на малады ўзрост, і наогул агульнапрызнаныя асы – перамаглі ў раённым спаборніцтве на жніве-2014. Віктар да таго ж доўгі час быў сярод лепшых на адвозцы зерня і ў “дарослай” катэгорыі. Сёлета пакуль яго МАЗ перавёз 1978 тон хлеба. Але гэта далёка не мяжа, на жніўным календары гаспадаркі пройдзена 80 працэнтаў маршруту. Імкнецца не адстаць ад калегі і 28-гадовы Міхаіл Праневіч.
Нашы хлопцы – гонар гаспадаркі. Працавітыя, добрасумленныя, напорыстыя, падтрымліваюць адзін аднаго, – характарызуе сваю маладую гвардыю старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук.
Прозвішча Дзядовічаў вядомае сярод хлебаробаў. Вельмі працавітая дынастыя. У адной кабіне з бацькам Анатоліем сёлета шчыруе сын Міхаіл. А ягоны брат Аляксандр – старшы камбайнер і працуе ў камандзе з вопытным Андрэем Татарыновічам.
На абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2014” у Пінску сярод лепшых аграрыяў Брэстчыны віталі і старшага камбайнера Васілія Шадуру – пераможцу сярод маладзёжных экіпажаў (на другім месцы ў сваіх намінацыях былі камбайнер Максім Горбік з ЗТАА “БелДан” і вадзіцель СВК “Ляхавіцкі” Андрэй Жэрка – яны таксама сёлета працуюць на жніве). Тады ў дуэце з ім быў камбайнер Максім Люкіш. Васілій, па словах кіраўніка гаспадаркі, – вопытны, “шырокапрофільны” і вельмі талковы, механізатар, які па-за жнівом садзіцца за штурвал энерганасычанага трактара, каб араць-сеяць. Працуе выдатна і разам са сваім сёлетнім памочнікам Аляксеем Арцёмам.
Молада – не зелена – гэта ў тым ліку і пра малады дэсант у СВК “Ляхавіцкі”: з 25 вадзіцеляў, задзейнічаных на жніве, – чацвёра ва ўзросце да 31 года. Два Андрэі – Жэрка і Буйкевіч, Сяргей Хлапянік і Аляксандр Чабатарэнка, па словах старшыні гаспадаркі Аляксандра Вітко, паспелі зарэкамендаваць сябе добрасумленнымі, адказнымі працаўнікамі, якія не толькі хутка, але, галоўнае, якасна выконваюць сваю работу.
Экіпаж КЗС-1218 у складзе старшага камбайнера Івана Буйкевіча і камбайнера Аляксандра Салодкага працуе ў СВК “Ліпнянка. Хлопцы першае лета працуюць разам, але ў хлебаробскай справе не навічкі.
Для Дмітрыя Шастака з Начы сёлетняе жніво другое па ліку ў яго хлебаробскай кар’еры. Вясковы хлопец працаваў у горадзе, але вырашыў вярнуцца на сваю малую радзіму, уладкаваўся вадзіцелем у ДП “Нача”. Кіраўніцтва прадпрыемства адчула: з юнака будзе толк – працавіты, надзейны, мэтанакіраваны. Каб затрымаць яго ў гаспадарцы, выдзелілі жыллё. І Дзіма не падвёў: яго дэбютны сезон па маршруце “поле-дарога-элеватар” аказаўся не проста выніковым, а пераможным – ён стаў трэцім у раённым спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў. На раённых “Дажынках” у мінулым годзе радасць перамогі з Дзмітрыем раздзялілі яго жонка Наталля і сын Марк (у бабулі адпачываў старэйшы Аляксей). І гэтымі гарачымі жнівеньскімі днямі яго аўтамабіль імчыць ад бункера камбайна на зернесушыльны комплекс. Працаваць у радасць яшчэ і таму, што ў сям’і папаўненне: напрыканцы ліпеня ў Дзімы і Наташы нарадзілася дачушка Вера. Цяпер Шастакі – мнагадзетная сям’я.
У “Востраве-Агра” два маладзёжныя экіпажы. Віктар Зубік і Андрэй Калясінскі, браты Павел і Пётр Канцылярчыкі.
Спякотна гэтымі днямі. У полі – тым больш. Але з раніцы да позняга вечара гудуць на палях камбайны. Сабраць багаты сёлетні хлеб хутка і без страт — задача надзвычайнай важнасці, стратэгічная не толькі для гаспадарак, але і для раёна, вобласці, краіны.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дзмітрый Шастак — добры вадзіцель і шчаслівы бацька.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *