СВЯДОМЫ ВЫБАР СВЯДОМЫХ ГРАМАДЗЯН

Вось і стала новай старонкай гісторыі чарговая важная палітычная кампанія ў нашай краіне. Пад яе знакам Беларусь жыла апошнія тры месяцы: з моманту, калі перадвыбарнай кампаніі быў дадзены старт, і да 19 снежня — дня выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларусы зноў прадэманстравалі актыўную грамадзянскую пазіцыю, чарговы раз уразіўшы наглядальнікаў больш як 90-працэнтнай яўкай на выбарчыя ўчасткі, і традыцыйную ўжо аднадушнасць, зноў аддаўшы абсалютную большасць сваіх галасоў за дзеючага Прэзідэнта — чалавека, які не заклікае да рэвалюцый, а шмат гадоў мэтанакіравана і вынікова вядзе краіну да працвітання.
Як праходзіла галасаванне ў нашым раёне, карэспандэнты «ЛВ» пераканаліся на ўласныя вочы.
З самага ранку ў СДК аграгарадка Русінавічы, дзе размясціўся выбарчы ўчастак № 22, гучала музыка. Прыветліва сустракалі вяскоўцаў, якія прыйшлі выканаць свой грамадзянскі абавязак, члены камісіі на чале з Людмілай Сідорскай. З 666 выбаршчыкаў 302 прагаласавалі датэрмінова. З раніцы ў нядзелю члены камісіі раз’ехаліся ў вёскі Мыслабаж, Жарскія, Гаслаўшчына да вяскоўцаў, якія па стану здароўя не змаглі прыйсці на ўчастак. Прагаласавала дома і 103-гадовая Разалія Гаўдзіс. Падчас датэрміновага галасавання на Русінавіцкім участку пабывалі наглядальнікі ад СНД, якія не выказалі ніякіх заўваг па правядзенні важнай палітычнай кампаніі, пра што і пакінулі адпаведны запіс у спецыяльным журнале.
Крыху больш за паўтысячы чалавек — жыхароў аграгарадка Тальмінавічы, вёсак Савейкі, Асосы, Гайнін і Гайнінец, унесены ў спісы для галасавання на Тальмінавіцкім участку для галасавання № 19. 40 працэнтаў тутэйшых выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. Старшыня камісіі Галіна Татарыновіч адзначыла добразычлівы настрой выбаршчыкаў і, галоўнае, — вялікае жаданне прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта краіны: «Будучыня Беларусі маім землякам неабыякавая, таму і актыўнасць такая высокая і сярод маладых, і сярод пенсіянераў».
Святочна-дзелавая атмасфера панавала і на Ганчароўскім участку для галасавання № 8. У зале для галасавання было даволі ўтульна і гасцінна, шмат карыснай інфармацыі можна было знайсці ў спецыялізаваным кутку выбаршчыка. Большая частка выбаршчыкаў прыйшла галасаваць бліжэй да абеду, мена-віта ў гэты час і пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці.
З самай раніцы, хто паасобку, хто сем’ямі, спяшаліся вяскоўцы і на Галаўнінскі ўчастак для галасавання № 15. З 693 чалавек, якія маюць права голасу, асаблівымі гэтыя выбары сталі для Сяргея Цераха, Уладзіміра Мішкевіча і Арцёма Зубіка: маладыя людзі ўпершыню прымалі ўдзел у галасаванні.
Ліпскі ўчастак для галасавання № 17 – адзін з самых вялікіх сельскіх выбарчых участкаў на Ляхавіччыне. 794 грамадзяніна зарэгістраваны тут у спісах выбаршчыкаў. Як паведаміла старшыня камісіі Вольга Дыдышка, актыўнасць выбаршчыкаў тут заўсёды высокая, многія з іх прагаласавалі датэрмінова.
Сапраўды святочны падарунак чакаў выбаршчыкаў на Крывошынскім выбарчым участку для галасавання № 16 – выстава твораў тутэйшых талентаў. Нельга было адарваць вачэй ад дзіўных карцін, напісаных мясцовым мастаком Вадзімам Герко, а таксама самабытных вырабаў вясковых майстрых.
З 479 выбаршчыкаў большая частка прагаласавала датэрмінова. У дзень выбараў члены ўчастковай камісіі з пераноснымі ўрнамі пабывалі па адрасах, дзе пражываюць людзі, якія з-за пажылога ўзросту не змаглі прыйсці на выбарчы ўчастак.
Выканаць свой канстытуцыйны абавязак спяшаліся грамадзяне і на Альхоўскі выбарчы ўчастак № 28. Члены камісіі працавалі зладжана, аператыўна, давалася дакладная інфармацыя па пытаннях, якія паступалі ад выбаршчыкаў. Участак наведалі наглядальнікі ад місіі АБСЕ.
“Выбаршчыкі разумеюць, што кожны голас з’яўляецца важным у выбары будучыні сваіх дзяцей, унукаў і ўсёй Беларусі, таму і прымаюць актыўны ўдзел у выбарах”, – зазначыў старшыня Кастрычніцкага ўчастка для галасавання № 5 Уладзімір Секач. Людзі ішлі і ішлі сюды – сем’ямі, з дзецьмі, паасобку і не хавалі свайго аптымізму і пераканання, што зрабілі правільны выбар, які паспрыяе далейшаму росквіту нашай рэспублікі.
Спакойная атмасфера панавала і на іншых выбарчых участках, арганізаваных у райцэнтры. На кожным участку для галасавання працавалі наглядальнікі ад грамадскіх арганізацый і партый, на многіх падчас датэр-міновага галасавання і ў дзень выбараў пабывалі міжнародныя наглядальнікі.
З 1683 выбаршчыкаў, што былі занесены ў спісы Ленінскага ўчастка для галасавання № 1, 592 прагаласавалі датэрмінова. За першую гадзіну галасавання 19 снежня на ўчастак аддаць свой голас за дастойнага кандыдата ў Прэзідэнты прыйшлі яшчэ паўсотні нашых землякоў. Бліжэй да 10 гадзін выбаршчыкі акты-візаваліся, і работы ў членаў участковай камісіі значна прыбавілася. Усіх, хто прыходзіў галасаваць, тут (як, дарэчы, і на ўсіх без выключэння ўчастках) сустракалі ветліва, як самых чаканых гасцей. Асаблівая ўвага – тым, хто галасуе ўпершыню. У спісах Камсамольскага ўчастка такіх было 8 дзяўчат і юнакоў, адзін з іх, між іншым, адзначыў дзень нараджэння якраз 19 снежня.
А вось на Чкалаўскім выбарчым участку № 4 упершыню галасавалі 87 маладых грамадзян. Амаль усе яны – навучэнцы 2 і 3 курсаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. І менавіта тым, што многія студэнты на выхадныя раз’язджаліся дадому, тлумачыцца высокая яўка тутэйшых выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне – 40,8 працэнта з 1865 грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Актыўна галасавалі не толькі маладыя, але і тыя, хто даўно на заслужаным адпачынку. Многія з апошніх нават не сталі чакаць, пакуль да іх пры-едуць члены камісіі з пераноснай урнай, – прыйшлі самі.
На пачатку 12-й гадзіны на самым вялікім у раёне Камсамольскім участку для галасавання № 3 (тут у спісах налічвалася 1911 чалавек) было шматлюдна: сабралася каля двух дзясяткаў выбаршчыкаў. Хтосьці толькі атрымліваў бюлетэнь, іншыя выходзілі з кабінак і з ужо запоўненым бюлетэнем накіроўваліся да ўрны для галасавання, некаторыя разглядвалі стэнд з біяграфіямі кандыдатаў у Прэзідэнты. Усіх, хто ўжо выканаў свой грамадзянскі абавязак, запрашалі ў суседняе памяшканне на канцэрт, падрыхтаваны сіламі навучэнцаў музычнай школы.
У поўдзень з 552 выбаршчыкаў (у асноўным нядаўніх навасельцаў, чые новыя шматкватэрнікі ўпрыгожылі горад за апошнія некалькі гадоў) на ўтвораным сёлета Інтэрнацыянальным участку для галасавання № 6 сваю пазіцыю выказалі 319 грамадзян. Першым 5 выбаршчыкам, хто прыйшоў на ўчастак 19 снежня, камісія ўручыла сувеніры.
А ў 14 гадзін падарункі ўручалі на Гагарынскім участку для галасавання №2. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Святлана Юрлевіч павіншавала Кацярыну Кавальчук і Сяргея Сельмановіча, якія ўпершыню прыйшлі на ўчастак у якасці выбаршчыкаў, і пажадала рабятам кожны выбар у жыцці рабіць свядома і абдумана. Дарэчы, на гэты час свой выбар зрабілі амаль 70 працэнтаў грамадзян, занесеных у спісы на гэтым участку.
Незалежны наглядальнік ад СНД, дырэктар інфармацыйна-аналітычнага дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД Аляксандр Заварзін станоўча ацаніў правядзенне выбарчай кампаніі ў нашым раёне, адзначыў высокую актыўнасць удзельнікаў галасавання, іх свядомы выбар, які накіраваны на далейшае развіццё краіны, дабрабыту народа. Гэта датычыць усіх выбаршчыкаў «пачынаючы ад простай бабулі, якая прыйшла галасаваць датэрмінова, і заканчваючы кіраўнікамі выбарчай кампаніі, якія абсалютна прафесіянальна і дакладна выконвалі свае абавязкі».
Выбар зроблены. Наш выбар. Правільны выбар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *