З увагай да зімы. Падрыхтоўка да зімы і забеспячэнне насельніцтва палівам абмяркоўваліся на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

На двары жнівень, а падрыхтоўка да зімы, у тым ліку і забеспячэнне насельніцтва палівам, – на асаблівым кантролі ў мясцовай улады. Тэма гэта абмяркоўвалася на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Лета – час адноснага зацішша ў паліванарыхтоўках. Людзі адкладваюць пакупку дроваў і торфабрыкету на потым. А потым можа здарыцца так, што з-за наплыву жадаючых утворацца чэргі, людзі пачнуць хвалявацца, тэлефанаваць ва ўсе інстанцыі… Кіраўнік раёна нагадаў: сельвыканкамам неабходна каардынаваць гэты працэс.

Цвёрдыя віды паліва насельніцтва нарыхтоўвае праз райпалівазбыт. Да таго ж, дровы прапануе лясгас, а ТБЗ “Ляхавіцкі” – торфабрыкет. Як прагучала на апаратнай нарадзе, сёлета за 7 месяцаў насельніцтву прададзена больш за 1500 тон торфабрыкету, 637 кубічных метраў дроў. Лясгас адпусціў каля 3000 кубаметраў дроў, яшчэ 1316 кубаметраў выдзеліў насельніцтву для саманарыхтоўкі.

Кацельная гаспадарка, водаправодна-каналізацыйныя аб’екты, стан жылфонду – зона ўвагі камунальнікаў. Па інфармацыі ЖКГ, 95 працэнтаў вытворчых аб’ектаў прашлі ўжо тэхнічнае абслугоўванне. Выкананы напярэдадні ацяпляльнага сезона прафрамонт інжынерных сістэм ацяплення дамоў, абсталявання ў 23 кацельнях і 4 цэнтральных цеплапунктах, праведзена прафілактычнае абслугоўванне 98 кіламетраў водаправодных сетак. Вядзецца рэканструкцыя цеплавых сетак у Жарабковічах: пакуль іх гатоўнасць – 32 працэнты, удакладнілі ў жылкамунгасе. Не надта высокі паказчык, але да ацяпляльнага сезона ён павінен ”падрасці” да 100 працэнтаў. Іншага не дадзена.

Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на неабходнасці выключнай гатоўнасці да ацяпляльнага сезона сацыяльна значных аб’ектаў.

Падчас традыцыйнага прагляду фотаздымкаў, на якіх “красуюцца” смецце, пустазелле, непарадак на вытворчых аб’ектах, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч чарговы раз падкрэсліў: безгаспадарчасць у любых яе праявах недапушчальная.

Падчас апаратнай нарады ўздымаліся і іншыя надзённыя пытанні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *