Юбілейны абмен вопытам. 30-ы па ліку штогадовы раённы конкурс прафмайстэрства сярод тэхнікаў па штучным асемяненні і звенняў па аднаўленні статка сёлета праходзіў у ДП “Нача” Ляхавіцкага раёна

Добрыя веды і навыкі прадэманстравалі спецыялісты СВК «Жарабковічы».

30-ы па ліку штогадовы раённы конкурс прафмайстэрства сярод тэхнікаў па штучным асемяненні і звенняў па аднаўленні статка сёлета праходзіў у ДП “Нача”. За перамогу змагаліся 23 лепшыя спецыялісты з усіх сельгасарганізацый за выключэннем СВК “Ліпнянка” і “Востраў-Агра”.

Удзельнікі конкурсу павінны былі прадэманстраваць веданне асноў кармлення і ўтрымання жывёлы, валоданне тэхналогіяй штучнага асемянення, безумоўнае захаванне тэхнікі бяспекі.

– Гэта не проста конкурс, а агляд уменняў спецыялістаў, школа па абмене вопытам, якая садзейнічае павышэнню прафесійнага майстэрства. Удзельнікі спаборніцтва здавалі практычныя і тэарэтычныя экзамены перад строгім журы, – расказала дырэктар райплемстанцыі Кацярына Фірусь.

Кожнаму канкурсанту неабходна было пераадолець 4 этапы. Старшыня журы дырэктар Баранавіцкага філіяла РСУП “Брэстплемпрадпрыемства” Алена Койпіш адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі ўсіх удзельнікаў, у тым ліку, маладых кадраў.

Сярод сёлетніх пераможцаў – Іван Буйко з СВК “Ляхавіцкі” і Алена Бортнік (СВК “Тальмінавічы”). На гэты раз яны падзялілі паміж сабой другое і трэцяе месцы. Пераможцам прызнаны 29-гадовы гінеколаг-асемянатар ЗАТ “Белпрампрыбор”Аляксандр Кожан. У 2007 годзе ён атрымаў дыплом ЛДАКа, працуе па спецыяльнасці, справу ведае, таму высокая ацэнка – не выпадковасць.

Спецыяльныя прэміі за добрасумленную работу атрымалі малады ветурач з СВК “Жарабковічы” Максім Нічыпарэнка і тэхнік па штучным асемяненні з гэтай жа гаспадаркі Юрый Клачко. Яны, дарэчы, таксама выпускнікі нашага агракаледжа.

Сярод звенняў па аднаўленні статка (у спаборніцтве удзельнічалі каманды з СВК “Жарабковічы”, “Ляхавіцкі” і зборнае раённае звяно) найбольш паспяховым прызнана звяно “Жарабковічаў” у складзе Ніны Рачкоўскай, Сяргея Кобеля і Максіма Ціхана.

Пераможцы і прызёры ў іншых намінацыях атрымалі прэміі і падарункі ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, спонсараў конкурсу – СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, ДП ”Нача”, Ляхавіцкага філіяла Брэсцкага аграпрамысловага саюза, райкама прафсаюза работнікаў АПК

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Іван Буйко, Аляксандр Кожан і Алена Бортнік – сёлетнія пераможцы конкурсу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *