А на зіму – галодны паёк?

Гэтымі днямі ўсё думкі селяніна скіраваны на тое, каб як мага хутчэй і без страт завяршыць жніво. Спрыяе надвор’е, натхняе на работу і вырашчаны багаты ўраджай. І ўсё ж за гэтымі клопатамі нельга забывацца пра іншыя справы, якія па сутнасці сваёй ніколькі не меншай важнасці. Маецца на ўвазе нарыхтоўка кармоў, якая, на жаль, у многіх сельгаспрадпрыемствах абмежавалася першым і не завершаным другім укосамі траў. Многія гаспадаркі проста спынілі гэтую работу, хаця корманарыхтоўчая кампанія павінна працягвацца. Тым больш, што запасы кармоў сёлета зусім не багатыя.

Па стане на 11 жніўня па раёне на зімова-стойлавы перыяд утрымання грамадскага статка назапашана 7000 тон сена – на 514 тон менш, чым летась, у траншэі пакладзена на захоўванне 50752 тоны сенажу (амаль на 9 000 тон менш, чым у мінулым годзе), зусім нязначная колькасць закладзена і сіласу. У агульнай масе па раёне нарыхтавана 19627 тон кармавых адзінак травяных кармоў – 33 працэнты да задання. Летась у гэты ж перыяд у гаспадарках раёна значылася 21601 тона – амаль 10 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Сёлета – няма і 8,5.

Калі разглядаць праблему нарыхтоўкі каромоў у кожнай гаспадарцы паасобку, то малюнак атрымліваецца яшчэ больш уразлівым. Напрыклад, толькі 3 гаспадаркі – ЗАТ “Белпрампрыбор”, ДП “Нача” і агракаледж – прыбавілі ў колькасці нарыхтаваных кармавых адзінак у разліку на адну жывёлу ў параўнанні з мінулым годам. Астатнія – мінусуюць, прычым, некаторыя значна: на 5 цэнтнераў – СВК “Ліпнянка” і “Востраў-Агра”, амаль на 3 – СВК “Тальмінавічы”, з “мінусам” спрацавалі нават эканамічна моцныя сельгас-прадпрыемствы.

Праблема ў тым, што і перспектывы корманарыхтовак асабліва не радуюць. Гарачыня, зразумела ж, не паспрыяла росту травастою на пашы. Добрыя гаспадары і ў лепшыя часы арганізоўвалі падкормку статка, сёлета яна надзвычай неабходная. У райаграсэрвісе гэтую праблему “вырашылі”: на сёння зрасходавана амаль трэць назапашаных на зіму кармоў. Спачатку скармілі рулонны сянаж, а пасля адкрылі траншэю… І гэта летам, калі ў дастатку травы і кукурузы пасеяна нямала. На справе сітуацыя яшчэ больш сумная, бо і кукуруза ў райаграсэрвісе не ўдалася, як і ў “Тальмінавічах”, “Ліпнянцы” і некаторых іншых. Лягчэй пералічыць тых, дзе чакаецца добры ўраджай, а значыць ёсць спадзяванне, што будуць кармы: “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”.

Сітуацыю пракаменціраваў намеснік начальніка райсельгасхарчу па вытворчасці Максім Гульковіч, які адзначыў, што апошнія 4 гады ў сельгаспрадпрыемствах раёна назіраецца зніжэнне колькасці нарыхтаваных травяных кармоў. А гэта, у сваю чаргу, адмоўна адбіваецца і на надоях малака.

– Сёлета некаторыя сельгаспрадпрыемствы “б’юць рэкорды”, – гаворыць Максім Гульковіч, маючы на ўвазе сітуацыю ў райаграсэрвісе. – Калі ўжо ў гэтай гаспадарцы няма тэхнікі, каб накасіць травы на падкормку, то што гаварыць іншым. Лічу, што ўсё гэта ідзе ад безгаспадарчасці, абыякавасці кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і галоўных спецыялістаў, непрадуманасці дзеянняў.

Бязвыхадных сітуацый, як вядома, няма. Многія сельгаспрадпрыемствы пасеялі паўкосныя і пажніўныя культуры. У ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Ляхавіцкі”, ДП “Нача”, напрыклад, – у паўтара раза больш, чым планавалі. Значыць, да зімы будзе дзейнічаць “зялёны канвеер”. Астатнія гаспадаркі, хоць некалькі гектараў, але не дацягнулі да задання. Некаторыя робяць стаўку на багаты ўраджай збожжавых культур. Але гэта якраз тая сітуацыя, калі адно другім не заменіш: добра, калі ўсё ў наяўнасці і своечасова.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *