Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Чалавек прапаў

12 жніўня ў 6 гадзін пайшла з дому 79-гадовая жыхарка аграгарадка Русінавічы. З заявай, пра тое, што маці прапала, у міліцыю звярнуўся яе сын. РАУС праводзіць пошукавыя мерапрыемствы.

А жыхар Федзюкоў 1948 года нараджэння, дачка якога звярнулася ў РАУС за дапамогай, знайшоўся праз пару дзён у Баранавічах.

Шчаслівы фінал і ў гісторыі з рыбаком з Івацэвіцкага раёна. Як расказалі ў РАНС, 15 жніўня днём ён вяртаўся з Агінскага канала і заблудзіўся на рацэ Шчара недалёка ад вёскі Залужжа. Зразумеўшы, што сам не здолее зарыентавацца, у 23 гадзіны патэлефанаваў на 101. Выратавальнікі знайшлі рыбака ў 2 гадзіны ночы ў двух кіламетрах ад залужскага маста. Супрацоўнікі РАНС дапамаглі перацягнуць лодку праз зламанае дрэва, што перагарадзіла раку, пасля чаго рыбак быў дастаўлены на бераг. Ад паслуг медыкаў падарожнік адмовіўся.

Не крадзіце, мужыкі!

У аграгарадку Падлессе напачатку жніўня ноччу неўстаноўленая асоба ўкрала з “МАЗа”, які стаяў на абочыне, 235 літраў дызельнага паліва. Раённы аддзел Следчага камітэта па заяве гаспадара машыны ўзбудзіў крымінальную справу.

Нецвярозы жыхар вёскі Зарытава, каля мясцовага возера ўкраў у адпачываючага мабільны тэлефон. РАСК па факце крадзяжу ўзбудзіў крымінальную справу.

Атрута знішчана

18 жніўня супрацоўнікі міліцыі выявілі 2 факты вырабу і захоўвання самагоннай брагі. Складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Падчас правядзення спецыяльнай аперацыі “Мак” выяўлены незаконныя пасевы алейнага маку. Забароненая расліна знішчана. На 35-гадовага вяскоўца складзены адміністрацыйны пратакол.

Са зводкамі РАУС знаёмілася Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *