У “Прадславіна” за “элізабет”. У асартыменце Ляхавіцкай прадпрымальніцкай прадукцыі – “абноўка”

Муж Алены Сяргей Данільчык у свабодны час з задавальненнем працуе на плантацыі.

Фермерская гаспадарка “Прадславіна” – адна з самых маладых у нашым раёне: першыя крокі ў прыватным бізнесе пачала рабіць некалькі гадоў назад. І толькі сёлета паставіла на мясцовы рынак першыя кілаграмы сваёй прадукцыі – буякоў. Гэта каштоўная ягада – бліжэйшы сваяк чарніц. Яе можна знайсці ў лесе ці вырасціць на прысядзібным участку. А вось у вялікіх маштабах у Ляхавіцкім раёне развядзеннем буякоў заняліся ўпершыню. Рашылася на гэта ляхавічанка Алена Мікуліч:

– Мяне, педагога па адукацыі, даўно цягнула заняцца садаводствам ці агародніцтвам. Люблю капацца ў зямлі, эксперыментаваць. Хацелася, каб справа прыносіла не толькі прыбытак, але і задавальненне, і радасць ад таго, чым займаешся.

Даведалася, дзе ў бліжэйшых рэгіёнах вырошчваюць буякі. Аказалася, у Клецкім і Ганцавіцкім раёнах. Разведала ўсё пра размнажэнне ягадніку, догляд за ім, пра найбольш урадлівыя і прыгодныя для вырошчвання на тутэйшай глебе сарты.

Звярнулася ў зямельную службу райвыканкама з заявай аб выдзяленні ўчастка. І неўзабаве стала арандатарам 4,6 гектара зямлі недалёка ад вёскі Петухоўшчына. Зарэгістравалася ў якасці фермера.

– Месца выдзелілі, як і прасіла, абароненае лесапасадкай ад ветру і, галоўнае, сонечнае, што і трэба для буякоў. Каранёвая сістэма гэтай ягады знаходзіцца практычна на паверхні глебы, таму важна правільна апрацоў-ваць зямлю, каб не нашкодзіць расліне. Буякам неабходна кіслая глеба, рэгулярнае мульчыраванне, – пра сваю новую справу Алена можа гаварыць бясконца.

Яе ініцыятыву падтрымаў і муж. Купілі саджанцы, апрацавалі зямлю, пасадзілі, у мінулым годзе чаранкавалі. А ўжо сёлета збіраюць нядрэнны ўраджай: у залежнасці ад сорту ўраджайнасць вагаецца да 6 кілаграмаў ягады з куста.

– Буякі ў нас толькі элітных сартоў: “дзюк”, “элізабет”, “блюголд”, “чандар”… За сезон пры добрым доглядзе і спрыяльных умовах надвор’я можна сабраць ураджай 4-5 разоў. Ягады вялікія, іншы раз дасягаюць памераў вішні, і вельмі карысныя, – расказвае гаспадыня фермерскай гаспадаркі.

Карысць буякоў – размова асобная. Гэтыя ягады запавольваюць старэнне арганізма, з’яўляюцца крыніцай арганічных кіслот, вітамінаў і мінералаў, рэкамендуюцца і хворым на цукровы дыябет, нармалізуюць абмен рэчываў у арганізме і страваванне, паляпшаюць зрок. А дзякуючы вялікай колькасці антыаксідантаў, перашкаджаюць развіццю і ўтварэнню ракавых клетак.

Планаў у Алены Мікуліч і яе сям’і шмат: усталяваць цяпліцы, дзе магчыма вырошчваць уласныя саджанцы – для сябе і на продаж. Ягадны ўраджай збіраюцца прадаваць у розніцу і аптавікам, здаваць нарыхтоўшчыкам.

Калі рэалізацыя пойдзе, плануюць павялічыць плантацыю, удасканальваць агратэхналогію. Дарэчы, буякі з прапіскай у “Прадславіна” Ляхавіцкага раёна ўжо знайшлі сваіх першых прыхільнікаў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *