Жнівень даў дабро верасню. Усе ўстановы адукацыі Ляхавіцкага раёна атрымалі пашпарты гатоўнасці

Традыцыйная праверка гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года праводзіцца ў першай палове жніўня. Вось і сёлета спецыяльныя камісіі ўжо наведалі 17 школ, 16 дзіцячых садоў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Нагадаем, што з 31 жніўня будуць закрыты малакамплектныя Галаўнінскі, Свяціцкі і Ганчароўскі дзіцячыя сады. У выніку гэтай аптымізацыі за год эканомія складзе 525 мільёнаў бюджэтных рублёў. Для арганізацыі падвозу дзяцей у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ёсць 15 школьных аўтобусаў. Адзін з іх набыты літаральна днямі за кошт сродкаў абласнога бюджэту.

– Усё правяралася, вывучалася і аглядалася дасканала, грунтоўна, каб на працягу навучальнага года рабяты не адчувалі нейкіх бытавых праблем, вучыліся і адпачывалі ў бяспечных умовах, – гаворыць намеснік старшыні райвыканкама старшыня камісіі па прыёмцы Дзіяна Трысцень.

Да гэтага часу ўсе ўстановы адукацыі абнавіліся. Сёлета з раённага бюджэту было выдаткавана 3,2 мільярда рублёў – на капітальны рамонт, яшчэ 758 мільёнаў – на бягучы. Зроблена, безумоўна, нямала. Заасфальтаваны пешаходныя дарожкі ў дзіцячых садах

№ 1 і № 3 райцэнтра, адрамантаваны дах у Крывошынскім, падлога ў калідоры на другім паверсе Ліпскай СШ, харчаблок – у садку №1, заменена частка вокнаў у Конькаўскім

ДС-СШ. Што датычыцца капітальнага рамонту, то асноўная частка бюджэтных асігнаванняў пойдзе на спартыўную залу гімназіі, ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, вырабляецца дакументацыя на замену вокнаў у Малагарадзішчанскім ДС-СШ.

Усюды праведзены касметычны рамонт кабінетаў, санвузлоў, спартыўных залаў і пляцовак, харчаблокаў, гульнёвых і спальных пакояў, добраўпарадкаваны тэрыторыі.

Большасць устаноў адукацыі абсталяваны сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. У верасні плануецца зманціраваць такую сістэму ў Задворскім дзіцячым садку, на што пойдзе каля 80 мільёнаў рублёў.

Пэўную дапамогу ў падрыхтоўцы школ і дзіцячых садоў аказалі шэфы і спонсары. Найбольш адчувальна паклапаціліся пра сваіх падшэфных малочны завод (сума спонсарскай дапамогі склала

31 млн.руб.), жылкамунгас (9,4 млн.руб.),

ТАА “Трансэлектракамплект” (6 млн.руб.). СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Ляхавіцкі” традыцыйна дапамагалі ў набыцці будаўнічых матэрыялаў.

Не засталіся ў баку бацькі і самі вучні, якія дапамагалі фарбаваць, клеіць шпалеры, збіралі мэблю, прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Камісіі правялі прыёмку ўсяго за 3 дні. І ўпершыню за апошні час усім без выключэння ўстановам адукацыі з першага разу падпісаны пашпарты гатоўнасці.

Па словах Дзіяны Трысцень, калектывы навучальных устаноў старанна і адказна паставіліся да рамонту. З лепшага боку яна адзначыла сельскія дашкольныя ўстановы, дзе крэатыўна і ярка аформлены гульнёвыя і спальныя пакоі.

Станоўча ацэньвае падрыхтоўку да новага навучальнага года і ўрач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына. Ён адзначыў, што практычна не было заўваг да падрыхтоўкі Дараўскага ДС-СШ, Начаўскага і Жарабковіцкага садоў, СШ № 2. Аднак, як падкрэсліў Валянцін Скарына, кіраўніцтву аддзела адукацыі, спорту і турызму і адміністрацыям школ неабходна звярнуць увагу на набыццё і ўстаноўку абсталявання для класаў працоўнага навучання. Таксама акрамя “касметыкі” спартыўныя залы патрабуюць устаноўкі ці замены вентыляцыйных сістэм, неўкамплектаваны раздзявалкі, не ўсюды ёсць душавыя. Урач-гігіеніст нагадаў пра неабходнасць аднавіць работу санітарных вузлоў і душавых пры спартыўных залах у Падлескай, Мядзведзіцкай, Тухавіцкай, Навасёлкаўскай школах.

На парадку дня таксама ямачны рамонт пад’язных шляхоў, прагулачных пляцовак і пешаходных дарожак у гімназіі, Крывошынскай, Начаўскай, Дараўскай СШ, дзіцячых садах № 4 і Ліпскім. Патрабуюць рамонту з поўнай ці частковай заменай тэхналагічнага абсталявання харчаблокі СШ № 1, гімназіі, Навасёлкаўскай СШ, Конькаўскага ДС-СШ, Ураджайнінскага і Навасёлкаўскага садкоў. Гэтыя задачы будуць вырашацца.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *