Без даведкі? “Дэпарціраваць”! Карэспандэнт “ЛВ” адправіўся ў рэйд з памочнікам урача-гігіеніста райЦГіЭ

Бахчавыя ў жніўні-верасні – хіт продажу, смачны і карысны. Каб атрымаць ад яго задавальненне, важна “не нарвацца” на ягаду дрэннай якасці. Так-так, добра вядомы ўсім кавун – ягада. За спакуслівым пахам кавуноў і дынь не павінна хавацца небяспека атруціцца сапсаваным ласункам, асабліва ў гарачыню.

Пазапланавыя тэматычныя аператыўныя праверкі аб’ектаў, якія рэалізуюць прадукты харчавання, садавіну, агародніну, пачасціліся ў сувязі са спякотай. Як расказаў урач-гігіеніст райЦГіЭ Васілій Скараход, правяраюцца аб’екты рознай формы ўласнасці. Пэўныя парушэнні выяўлены літаральна ва ўсіх. Асноўныя – рэалізацыя тавараў з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці, парушэнне тэмпературных рэжымаў пры захоўванні і рэалізацыі, а таксама асабістай гігіены прадаўцоў, неналежнае таварнае суседства, несвоечасовая дэзынфекцыя памяшканняў. Парушэнні выяўлены ў аб’ектах райпо (магазіны ў аграгарадку Навасёлкі, вёсках Альхоўцы, Задвор’е, Каранеўшчына, Флер’янова, Адахаўшчына, Вялікая Лотва), а таксама крамах індывідуальных прадпрымальнікаў, у прыватнасці, уладальнікаў магазіна і кафэ “Востраў-Гандаль”. За парушэнне санітарных нормаў і правіл да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты больш за 10 службовых асоб.

З-за адсутнасці ў прадаўцоў належных дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку тавару, таварна-транспартных накладных, быў забаронены продаж кавуноў індывідуальнаму прадпрымальніку з Баранавічаў Якусіку. А, напрыклад, у павільёне “НямБург” на рыначнай плошчы падчас праверкі аказаўся сапсаваным халадзільнік: тэмпература ўнутры яго была плюс 23 градусы. А між тым, тут захоўваліся сасіскі для хот-догаў…

У рэйд з памочнікам урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрыем Лімантам у мінулую суботу адправіўся і карэспандэнт “ЛВ”.

Першым у поле зроку трапіў аўтамабіль, з якога прадавалі кавуны і дыні. Гэта і быў індывідуальны прадпрымальнік, каму літаральна нядаўна забаранілі продаж бахчавых. На гэты раз – дакументы, якія пацвярджаюць якасць, таварныя накладныя на 500 кілаграмаў кавуноў і даведка аб стане здароўя прадаўца былі ў парадку.

Зайшлі і ў “НямБург”, гаспадары якога сітуацыю выправілі: халадзільнік адрамантавалі, цяпер сасіскі захоўваюцца пры належнай тэмпературы, ухілены і іншыя недахопы.

Напэўна, многія ляхавічане куплялі цукеркі ў адной з палатак на рынку ці розную выпечку з крэмам на рыначнай плошчы. Некалькі тыдняў гэтых палатак тут не відаць. Пакуль тэмпература паветра днём не будзе ніжэй за 23 градусы цяпла, хуткапсавальныя прадукты прадаваць забараняецца.

Што датычыцца продажу агародніны і фруктаў з уласных садоў і агародаў, лясных дароў, то, як адзначыла кантралёр рынка, кожны патэнцыяльны прадавец у першую чаргу павінен атрымаць у мясцовай лабараторыі санэкспертызы адпаведную даведку з пацвярджэннем якасці сельгаспрадукцыі. Кожны дзень даведка бярэцца новая. Прадаўцы-прыватнікі абавязаны мець і даведку аб праходжанні флюараграфіі, а тыя, хто працуе ў ІП, – даведку аб стане здароўя. У мінулую суботу на рынку і плошчы гандлявалі прадукцыяй са сваіх агародаў, садоў, пчальнікоў каля 20 чалавек. Ва ўсіх дакументы былі ў парадку. Адзін з прадаўцоў, каля якога прайшлі міма, нават пакрыўдзіўся, што ў яго не праверылі, і дагнаў, каб паказаць, што таксама мае ўсю адпаведную дакументацыю для продажу агародніны.

А вось прадавец бахчавых, памідораў і перцу ІП Трушко даведкі аб стане свайго здароўя не меў, як і санітарнай на прычэп для перавозкі фруктаў і агародніны. Давядзецца несці адказнасць.

У мясным павільёне, дзе прадукцыю прадавала райпо і 2 індывідуальныя прадпрымальнікі, усё было ў парадку, як і на тэрыторыі рынку, дзе, дарэчы, устаноўлены кантэйнеры для паасобнага збору другаснай сыравіны (іх тут 5).

Знайшлася і лыжка дзёгцю. У прыватнай краме “Кірмаш” (ПГУП “Стрыгельскі”) ні ў адной з халадзільных вітрын не было тэрмометра. Пры якой тэмпературы захоўваюцца пельмені, мяса, марожанае – невядома.

Каля ўваходу ў гэты магазін прадаюць кавуны. Дакументы на тавар ёсць, выканана і папярэдняе патрабаванне – усталяваны навесы.

Крыху наводдаль раскінуўся райпоўскі гандаль. Усе латкі з кандытарскімі вырабамі накрыты поліэтыленавай плёнкай – як і патрабуюць санітарныя правілы. Але, на цэнніках адсутнічала дата вырабу і тэрмін прыгоднасці. Прадавец не змог прад’явіць дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку бочкавага квасу.

Побач райпоўская палатка з агароднінай, фруктамі. Асартымент нядрэнны, праўда, выгляд ківі, мандарынаў, грэйпфрутаў – вельмі неапетытны, былі нават падгніўшыя. Прадаўцу давядзецца несці адміністрацыйную адказнасць.

Такія праверкі райЦГіЭ будзе праводзіць да 3 верасня. Але гэта не азначае, што пасля названай даты маніторынг спыніцца. Забяспечанасць насельніцтва якасным таварам – у зоне асаблівай увагі санітарнай службы.

Галіна КАНЬКО.

One thought on “Без даведкі? “Дэпарціраваць”! Карэспандэнт “ЛВ” адправіўся ў рэйд з памочнікам урача-гігіеніста райЦГіЭ

  • 27/08/2015 в 09:24
    Permalink

    Цікавы расклад. Санстанцыя каторы раз выяўляе парушэнні, а гандлёвыя кропкі і ІП як дрэнныя вучні зноў і зноў іх паўтараюць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *