ТАА “Трансэлектракамплект” — Феерверк на вуліцы Энергетыкаў

Кастрычніцкая міжнародная выстава ў Мінску. На яе збіраўся Генадзій Сакуць з асаблівым настроем. Хваляваўся і не хаваў гэтага: ТАА “Трансэлектракамплект” паказваў узоры сваёй прадукцыі з надзеяй наладзіць кантакты з новымі партнёрамі. Усё склалася выдатна. Прама на выставе былі заключаны новыя дагаворы, у тым ліку і з замежнымі спажыўцамі, пераважна з прадстаўнікамі Украіны і Расіі.
Аднак, пашчасціла не толькі ў гэтым накірунку. Сёння аснова бізнэсу – прымяненне ў вытворчасці новых тэхналогій з прыцягненнем інвестыцый. Дык вось знайшліся і інвестары, а, значыць, вытворчасць будзе пашырацца, забяспечвацца эфектыўным сучасным абсталяваннем. Напрыклад, ужо вырашаецца пытанне з пакупкай новага абсталявання для перапрацоўкі сыравіны (палімераў) для далейшага яе выкарыстання ў вытворчасці. На парадку дня закупка новых сучасных металаапрацоўчых станкоў (узамен састарэлага абсталявання), – энергазберагальных і значна больш эфектыўных. Не за гарамі і будаўніцтва новых вытворчых цэхаў. Гэта будзе значным крокам у паляпшэнні ўмоў працы, дазволіць прадпрыемству адпавядаць статусу не толькі буйнейшага ў сваёй галіне ў рэспубліцы, але і сучаснага.
Для кожнага чалавека дарагое сэрцу тое, што ён стварыў сваімі рукамі, у што ўклаў душу, сілы, сродкі, чаму падпарадкаваў свае веды і намаганні. Для Генадзія Станіслававіча справай жыцця стала яго кампанія – ТАА “Трансэлектракамплект”. Яна пачыналася з траіх сяброў-аднадумцаў (Андрэй Якубчык, Сяргей Мацкевіч і Генадзій Сакуць), апантаных адной ідэяй: ствараць, даказваць, дзейнічаць. Тады, у 2003 годзе, яны пачыналі практычна з нуля, толькі галовы былі поўныя дзёрзкіх планаў і мараў. Арандавалі невялікае памяшканне і выпусцілі першыя ізалятары. За вельмі кароткі час асвоілі вытворчасць усіх тыпаразмераў кабельных тэрмаўсаджваемых пальчатак, ізалюючых манжэтаў, тэрмаўсаджваемых кажухоў, трубкі ТУТ, кабельных наканечнікаў і злучальнікаў з балтамі са зрыўнымі галоўкамі. Праз 2 гады былі распрацаваны і ўкаранёны ў вытворчасць тэхнічныя ўмовы, у адпаведнасці з якімі сталі выпускаць кабельныя тэрмаўсаджваемыя муфты. Быў зроблены значны крок для замацавання прадпрыемства на бізнэс-прасторы: тэхнічныя ўмовы паспяхова прайшлі ўзгадненне з Міністэрствам аховы здароўя, дзяржаўным канцэрнам “Белэнерга”. Прадукцыя вытворчасці ТАА “Трансэлектракамплект” была рэкамендавана да ўстаноўкі і эксплуатацыі на любых кабельных лініях краіны. Гэта стала першай перамогай, заваяванай дакладна прадуманай вытворчай стратэгіяй, і якая абяцала добрую перспектыву.
Паступова наладжваліся эканамічныя сувязі з партнёрамі, цэнавыя і якасныя параметры прадукцыі ТАА “Трансэлектракамплект” іх задавальнялі. А ўсё таму, што з самага пачатку на вытворчасці вяліся распрацоўкі і ўкараняліся новыя тэхналогіі. Немалаважную ролю адыграла цвёрда выпрацаваная пазіцыя прадпрыемства – сумленнасць у адносінах з кліентамі.
Гэта былі першыя крокі ТАА “Трансэлектракамплект” у вялікі бізнэс, а для дырэктара кампаніі Генадзія Сакуця – экзамен на статус кіраўніка буйнейшага вы-творцы кабельных тэрмаўсаджваемых муфт у Беларусі.
Прайшло сем гадоў. Энергетычная прадукцыя, вырабленая ў Ляхавічах (а яе больш як 100 найменняў), прайшла адпаведнасць па-трабаванням ДАСТ і ТУ, што па-цверджана практычна ўсімі вядучымі выпрабавальнымі лабараторыямі Расіі. Сваё слова сказалі маскоўскія навукова-даследчы цэнтр па выпрабаванні высакавольтнай апаратуры, выпрабавальныя цэнтры высакавольтнага электраабсталявання, усерасійскі навукова-даследчы інстытут кабельнай прамысловасці, Обнінскі міжрэгіянальны цэнтр якасці. А ў 2009 годзе на прадпрыемстве паспяхова ўкаранёна сістэма менеджменту якасці стандарту ІSО 9001-2009.
Выпуск надзвычай запатра-баванай прадукцыі даў магчымасць прадпрыемству наладзіць паспяховую знешнеэканамічную дзейнасць. Прадукцыю з гандлёвай маркай “Трансэлектракамплект” ведаюць спажыўцы Расіі, Украіны, Узбекістана, Казахстана: адгрузка на экспарт складае амаль 80 працэнтаў выпускаемай прадукцыі. Прычым, з’яўляюцца ўсё новыя спажыўцы, экспартныя пастаўкі павялічваюцца. Напрыклад, калі летась за межы краіны прадпрыемства адправіла прадукцыі на 3 мільярды 27 мільёнаў рублёў, то сёлета за 11 месяцаў на 3 мільярды 863 мільёны рублёў – на 28 працэнтаў больш. Пра запатрабаванасць прадукцыі гаворыць і той факт, што ТАА “Трансэлектракамплект” заключыў доўгатэрміновыя дагаворы супрацоўніцтва з ТАА “Нява-Транскамплект” (г. Санкт-Пецярбург), якое з’яўляецца генеральным знешнегандлёвым вытворчым партнёрам на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
Акрамя вытворчай дзейнасці, прадпрыемства займаецца аптовым і рознічным гандлем кабельнай, святлотэхнічнай і электратэхнічнай прадукцыі. 3 гады назад прайшла акрэдытацыю высакавольтная выпрабавальная лабараторыя, атрымана ліцэнзія на выкананне электрамантажных работ.
Ужо 7 гадоў ТАА “Трансэлектракамплект” штогод намінуецца на атрыманне ганаровага звання “Лепшы прадпрымальнік Брэсцкай вобласці” ў намінацыі “Вытворчасць прадукцыі прамысловага прызначэння”. А з 2005 года прадпрыемства з’яўляецца сапраўдным членам Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
У сучасным свеце энергетыка – аснова працвітання грамадства. Іменна ад работы энергетычнай галіны напрамую залежыць бесперабойная работа прамысловых прадпрыемстваў, устаноў, школ, бальніц, цяпло і ўтульнасць любога дома і, у рэшце рэшт, якасць жыцця кожнага чалавека.
Што датычыць “Трансэлектракамплекта”, то тут працуюць высокапрафесійныя спецыялісты, адказныя, творчыя, зацікаўленыя людзі.
Дырэктар ТАА “Трансэлектракамплект” Генадзій Сакуць сёння ўспамінае першыя крокі кампаніі, аналізуе дзейнасць тады яшчэ нявопытных першапраходцаў і сам здзіўляецца смеласці, настойлівасці, кіпучай энергіі і светлым думкам сваіх сяброў, з якімі яны пачыналі вялікую справу, з якімі і сёння крочаць разам па жыцці.
Дарэчы, у сваё прафесійнае свята – Дзень энергетыка – яны абавязкова ўспомняць тыя дні, першыя ўдачы і промахі, абмяркуюць перспектывы прадпрыемства. На гэты конт Генадзій САКУЦЬ сёння адказвае пераканана:
– Мы адчуваем сябе на бізнэс-прасторы дастаткова ўпэўнена. Кампанія паспяховая, дзякуючы кваліфікацыі персаналу і правільна выбранай стратэгіі кіраўніцтва. Павялічваецца попыт на нашу прадукцыю (спажыўцоў задавальняюць цэны і якасць), адпаведна павялічваецца яе выпуск. Для гэтага ў планах мадэрнізацыя вытворчасці, будаўніцтва новага цэха, паляпшэнне ўмоў працы нашых людзей і павышэнне дабрабыту. Дарэчы, нашай паспяховай дзейнасці спрыяе падтрымка раённых улад, у якіх мы заўсёды знаходзім разуменне, дапамогу ў многіх пытаннях, пастаянна адчуваем іх зацікаўленасць у развіцці бізнэсу на тэрыторыі раёна, гаспадаранні ў новых эканамічных умовах.
Да размовы далучаецца начальнік вытворчасці Сяргей МАЦКЕВІЧ:
– Каб працаваць у новых умовах, патрэбна пэўная кваліфікацыя работнікаў. Мы рыхтуем персанал і вытворчасць да выпуску новых відаў прадукцыі на новым абсталяванні, у тым ліку муфт для кабеляў з ізаляцыяй са сшытага поліэтылену. Правялі мадэрнізацыю вытворчасці тэрмаўсаджваемых пальчатак, што дало магчымасць значна павялічыць іх выпуск. Набылі і ўстанавілі новую тэхналагічную лінію па вытворчасці экструзіўных вырабаў. Мы таксама аказваем рознага віду паслугі, напрыклад, выконваем любыя электрамантажныя работы, праводзім электрычныя вымярэнні.
Больш падрабязна пра названы апошнім від дзейнасці прадпрыемства расказвае галоўны інжынер Аляксандр ГАСПАДУРА:
– Пасля таго, як “Трансэлектракамплект” атрымаў ліцэнзію на правядзенне ўсіх відаў электрамантажных работ, а электралабараторыя – акрэдытацыю, ні адзін аб’ект у раёне (акрамя будаўніцтва ЖБК) не ўзводзіцца без нашага ўдзелу. Вось і сёлета мы праводзілі ўсе электрамантажныя работы ў ГДК, Падлескай і Тальмінавіцкай САШ, працавалі на будаўніцтве другой чаргі аперблока ЦРБ, на Ганчароўскай АЗС, удзельнічалі ў добраўпарадкаванні мікрараёна вуліц Южакова, Будаўнікоў, капітальна рамантавалі праводку ў цэнтральнай аптэцы г. Ляхавічы і на іншых аб’ектах. Вельмі многа заказаў ад індывідуальных спажыўцоў электраэнергіі. У тым ліку, па просьбе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама замянілі праводку ў дзясятках дамоў адзінокіх, састарэлых і адзінокапражываючых грамадзян.
Выконваем работы хутка, якасна і надзейна. Наша брыгада тэхнічна забяспечана, у камплекце ёсць усё, што неабходна для якаснай і хуткай работы. Шмат заказаў паступае на правядзенне электравымяральных работ, прычым не толькі ад прадпрыемстваў і арганізацый, але і індывідуальных уладальнікаў пабудоў. Працуем таксама ў суседніх Баранавіцкім і Ганцавіцкім раёнах.
За гады свайго існавання прадпрыемства не атрымала ні адной рэкламацыі на якасць прадукцыі і выконваемых паслуг. Гэта асобая тэма для размовы, якую працягвае спецыяліст па якасці Антаніна ГАНЧУК:
– Сертыфікацыя прадукцыі з’яўляецца добраахвотнай працэдурай, але мы праводзім усе неабходныя выпрабаванні ў адпаведнасці з ТУ і ДАСТ ва ўстаноўленыя тэрміны. Наша прадукцыя была сертыфікавана ў нацыянальнай сістэме УкрСЕПРО, у нацыянальнай сістэме ГОСТР, быў атрыманы сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці СТБ ІSО 9001-2009, і сертыфікат якасці пастаянна пацвярджаецца. Над гэтым працуе кожны работнік. Мы распрацавалі спецыяльную памятку, якую ведаюць усе без выключэння: наша прадукцыя павінна быць лепшай, бо гэтая акалічнасць вызначальная: дадатковыя заказы – дадатковыя грошы, з якіх мы атрымліваем зарплату. Такі просты лагічны ланцужок зразумелы кожнаму і працуе эфектыўна: браку ў рабоце мы не дапускаем.
Ёсць на прадпрыемстве, можна сказаць, асобы цэх – транспартны. Іменна ад яго работнікаў залежыць канчатковы лёс прадукцыі, над якой шчыруюць дзясяткі людзей. Намеснік дырэктара ТАА “Трансэлектракамплект” Яўгеній СЯРГЕЙ з задавальненнем расказаў пра гэтых працаўнікоў:
– Праз дзень машыны нашага прадпрыемства загружаюцца прадукцыяй і трымаюць курс на Санкт-Пецярбург. Літаральна днямі адпраўляем апошнюю ў гэтым годзе буйную партыю тавараў на Украіну, вядуцца перагаворы з Узбекістанам: туды просяць яшчэ адгрузіць прадукцыю. Але справа нават не ў гэтым. Я хачу сказаць пра нашых транспартнікаў: Уладзімір Максіменка, Анатолій Ляўковіч, Аляксандр Юнік, Іосіф Валуй, Аляксей Сокал – прафесіяналы, вельмі адказныя і надзейныя хлопцы. Яны “наматалі” на спідометрах сваіх машын многія тысячы кіламетраў, і, каб не сурочыць, заўсёды дастаўка грузаў робіцца своечасова, без эксцэсаў. Шчаслівага шляху ім і ў новых рэйсах!
З першага дня ўтварэння кампаніі Ганна БЕЦЬКА працуе галоўным бухгалтарам. Вельмі дакладная, абавязковая, здаецца, Ганна Іванаўна, ведае ўсё пра калектыў і яго дзейнасць:
– ТАА “Трансэлектракамплект” з’яўляецца бюджэтаўтваральным прадпрыемствам раёна, і мы гэтым ганарымся. Напрыклад, за 11 месяцаў года мы пералічылі амаль 580 мільёнаў рублёў падаткаў. Нездарма ж мы атрымалі падзячнае пісьмо ад Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, у якім адзначаюцца дзяржаўны падыход да выканання абавязацельстваў перад бюджэтам і ўнесены значны ўклад у развіццё рэгіёна. Працуем над павелічэннем колькасці выпускаемай прадукцыі, а гэта значыць, што адпаведна ўзрастуць і сумы падаткаў, якія плаціць “Трансэлектракамплект” у раённы бюджэт. Пакуль жа за 11 месяцаў прадпрыемства атрымала чыстага прыбытку 810 мільёнаў рублёў.
Зразумела, што паспяховая дзейнасць прадпрыемства дае магчымасць вырашаць многія сацыяльныя пытанні. Мы клапо-цімся пра дабрабыт сваіх работнікаў: распрацаваны меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання перадавікоў, адкрылі прадуктовы магазін, аказваем нашым працаўнікам дапамогу да святаў, на лячэнне, робім важкія падарункі на вяселлі, калі даводзіцца, то бяром на сябе значныя расходы і ў жалобную мінуту. Напрыклад, сёлета прадпрыемства аказала матэрыяльных дапамог на 125 мільёнаў рублёў, яшчэ 17 мільёнаў рублёў выдаткавалі на дабрачынныя мэты.
Магчыма, яшчэ не ўсе ведаюць, што некаторыя вырабы ТАА ”Трансэлектракамплект” можна набыць і ў нас. І не толькі тое, што выпускаецца на прад-прыемстве, але і прадукцыю шматлікіх партнёраў па бізнэсу. У выніку – гэта ўсё, што неабходна для стварэння і падтрымання паўсядзённага жыцця энергетычных сістэм. Гаспадар магазіна-склада прадпрыемства Віктар ПРЫХАЧ:
– Прадукцыя дастаткова папулярная, купляецца і оптам, і ў розніцу. Прычым, кожнае прадпрыемства, арганізацыя, прыватныя спажыўцы могуць зрабіць папярэдні заказ. Галоўнае, што цэны на тавары і іх якасць задавальняюць і нас, і пакупнікоў. Прыемны факт: мы плануем неўзабаве пабудаваць свой фірменны магазін, і тады, несумненна, павялічацца магчымасці рэкламаваць тавары, а пакупнікам рабіць выбар.
Напэўна ж, пра ТАА ”Транс-электракамплект” можна было б расказваць яшчэ больш: пра тое, наколькі важная сёння энергетычная галіна, пра людзей, якія працуюць на прадпрыемстве, пра сапраўдныя феерверкі поспехаў і нават пра тое, што невыпадкова, мабыць, энергетыкі пасяліліся на вуліцы Энергетыкаў. Але ўсё ж такі асобым радком яшчэ раз трэба адзначыць пачатак пачаткаў – смелы крок траіх сяброў, які, у рэшце рэшт, стаў пераможным і жыццесцвярджальным.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *