“Колас” у Чайцы: тое, што трэба

Заканчваецца лета – вясёлая, бесклапотная пара для школьнікаў. Дзятва адпачыла, набралася новых сіл і гатова да пачатку навучальнага года. Свой важкі ўклад у арганізацыю летняга аздараўлення вучняў унёс і калектыў Ляхавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Сёлета ўпершыню спартыўна-аздараўленчы лагер “Колас” з горада перасяліўся ў напоўнены сонечным святлом і пахам хвоі загарадны лагер “Чайка”.

З 15 па 23 жніўня “жыхарамі” летніка былі больш за 90 нашых юных землякоў, якія з’яўляюцца і выхаванцамі дзіцячай спартыўнай школы. Усе яны былі ў захапленні ад конкурсных праграм, якія распрацаваў і правёў педагог-арганізатар Аляксандр Стэцко. Сярод іх – “Разумнікі і разумніцы”, “Зарніца”, “Міс лагера”, “Містар лагера” і іншыя.

Адрозненне профільнага спартыўнага лагера ад звычайнага аздараўленчага ў тым, што акрамя адпачынку і ўдзелу ў розных забаўляльных праграмах дзеці актыўна займаюцца спортам і фізічным удасканаленнем.

З вялікім задавальненнем выхавальнікі і выхаванцы прынялі ўдзел у спартакіядзе “За здаровы лад жыцця”, у якой удзельнічала і каманда свяшчэннаслужыцеляў Ляхавіцкага благачыння.   Паспаборнічалі выхавальнікі атрадаў у першынствах лагера па дартсе, футболе, настольным тэнісе, лёгкаатлетычным кросе, валейболе, сілавым шматбор’і.

А аднаўляць сілы, быць заўсёды бадзёрымі, здаровымі, гатовымі да новых іспытаў і перамог дапамагалі душэўныя, добразычлівыя майстры-прафесіяналы – павары Таццяна Варанкова, Тамара Аўсей, кухонныя работнікі Валянціна Кулак і Валянціна Салаўян.

Змена лагера “Колас” закончылася, і якой жа цудоўнай яна атрымалася! Выказваем вялікую ўдзячнасць усім тым, хто зрабіў яе цікавай і камфортнай, найперш, калектыву «Чайкі».

Валянціна РУСАКЕВІЧ,

дырэктар ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *