Аблкамунгас паказвае спартыўны клас

Спартыўны рух фарміруе спартыўны дух, які, у сваю чаргу, у любой справе з’яўляецца найлепшым памочнікам. У згодзе з гэтым няхітрым, але ў тым ліку і эканамічна дзейсным прынцыпам жывуць працоўныя калектывы многіх прадпрыемстваў, арганізацый, а то і цэлых галін вытворчасці. З вялікай доляй упэўненасці да ліку такіх можна аднесці камунальнікаў вобласці. На падставе хоць бы таго факта, што на працягу апошніх амаль двух дзясяткаў гадоў праводзіцца галіновая прафсаюзная спартакіяда.

Масавасць, разнастайнасць спартыўных дысцыплін, правядзенне спаборніцтваў па прынцыпе павышэння іх узроўню лічацца традыцыйнымі спартакіяднымі каштоўнасцямі і ў выпадку з аблкамунгасам выконваюцца. На першым этапе вызначаюцца лепшыя спартсмены і каманды ўнутры раённых і гарадскіх структур ЖКГ, пасля – занальны этап спартакіяды, адкуль для пяцёркі лепшых адкрываецца шлях у фінал. Плюс каманда-гаспадар спаборніцтваў, якая, згодна з палажэннем, дапускаецца ў фінал незалежна ад вынікаў занальнага адбору. Сёлета гэта пра спарткаманду Ляхавіцкай ЖКГ, паколькі 18-ты па ліку фінал летняй абласной галіновай спартакіяды прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў прайшоў у нашым горадзе – на базе спарткомплексу “Колас”. Гасцей задаволіла ўсё: прыём, умовы спаборніцтваў, аб’ектыўная работа рэферы, у якасці якіх выступалі работнікі ДЮСШ, іншае.

У Ляхавічы “адабраліся” каманды-прадстаўнікі Брэсцкага, Баранавіцкага і Пінскага гарадскіх, Пружанскага і Кобрынскага раённых ЖКГ. Спаборніцтвы праводзіліся ў дзвюх узроставых групах – да і больш за 35 гадоў – па пяці відах спорту. У валейболе, лёгкаатлетычным кросе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі спаборнічалі і мужчыны, і жанчыны. У міні-футболе, тым больш гіравым спорце сіламі мераліся прадстаўнікі толькі моцнай паловы. Паколькі “працавалі” адначасова на некалькіх пляцоўках – гульнявая зала ДЮСШ, бегавы авал стадыёна, міні-футбольная пляцоўка, інш. – фінал спартакіяды завяршыўся за адзін дзень. І вынік – агульнакамандная перамога пружанскіх камунальнікаў. Другое месца за брастчанамі і трэцяе – кобрынскімі камунальнікамі. Гаспадары спаборніцтваў – каманда КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, на жаль, усяго толькі на шостым месцы з шасці.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *