Паўночны шоўк пакуль вылежваецца

Машыніст ільноабарочвальніка Сямён Свістуновіч.

Уборачная на льняных палетках працягваецца. Сёлета ў раёне пад гэту культуру адведзена 1900 гектараў, з якіх асноўны клін –1500 гектараў – ільнозаводскі. Размясціўся ён не толькі на ўласных палетках прадпрыемства, але і на арандаваных у СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” плошчах. Яшчэ 260 гектараў вырошчвае ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя, па 80 і 60 гектараў адпаведна ў СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы”. Спецыялізаванай тэхнікі ў прадпрыемства хапае, таму ўвесь лён выцераблены своечасова.

А вось другая стадыя апрацоўкі пакуль затрымліваецца з-за спякотнага сухога надвор’я. Траста ўзнята на чацвёртай частцы плошчаў. Як патлумачыў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук, важна, каб траста дайшла да патрэбнай кандыцыі. А без дастатковай колькасці вільгаці (калі не дажджу, то расы) дабіцца гэтага немагчыма.

Цяпер трасту пераварочваюць, каб вылежка была раўнамернай: на палях працуюць 8 аўтаматызаваных абарочвальнікаў, 19-цю прэсамі ўтрамбоўваюць .

Лён, убраны на 640 гектарах, пойдзе на насенне, астатні толькі на валакно. Хаця магчымасці сучаснай лініі ў новым цэху завода дазваляюць атрымаць насенны матэрыял і з сыравіны, што паступіла на перапрацоўку (праўда, гэтае льнонасенне тэхнічнага прызначэння).

Спецыялісты льнонасенстанцыі займаюцца культываваннем найбольш ураджайных сартоў паўночнага шоўку і забяспечваюць імі не толькі льнаводчыя прадпрыемствы Брэстчыны, але і іншых абласцей краіны. Дарэчы, як расказалі ў ільнонасенстанцыі, сёлета асабліва ўрадзілі элітныя “васілёк” і “гранд” – з гектара атрымалася па 9,3 і 11,8 цэнтнера льнонасення, а сярэдняя ўраджайнасць па прадпрыемстве – 10,3, што вышэй мінулагодняга паказчыка.

Усе гаспадаркі, якія займаюцца даўгунцом, абавязкова адпраўляюць сваю прадукцыю ў лабараторыю для вызначэння якасці. Сёлета яна дастаткова высокая амаль што паўсюдна: і надвор’е спрыяе, і захаванне агратэхналогіі дало плён.

На льнозаводзе яшчэ прыкладна на месяц хопіць сыравіны мінулагодняга ўраджаю. Складскія памяшканні гатовы прыняць і сёлетні, частка якога адразу пойдзе на перапрацоўку.

Дарэчы, плануецца, што ў наступным годзе вырошчваннем ільну ў раёне будуць займацца толькі льнозавод і льнонасенстанцыя.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *