Што вінен – аддаць павінен. У Ляхавічах прайшло пасяджэнне райвыканкама

Пытанні парадку дня пасяджэння райвыканкама мелі агульны корань. У аснове і першага – аб ходзе рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Беларусі №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях” і прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, – і другога – аб гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года – дзяцінства. Просіцца выснова, што ў шэрагу выпадкаў яно, далікатна кажучы, не надта шчаслівае. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна  Трысцень, у раёне ў мнагадзетных сем’ях пражывае 1082 дзіцяці, у няпоўных – 1049, у малазабяспечаных – 253. Аднак найбольшы боль і поўная гама шчымлівых пачуццяў узнікае ў дачыненні дзетак, якіх бацькі “паставілі” ў сацыяльна небяспечнае становішча. На пачатак жніўня ў 40 сем’ях раёна налічвалася 70 такіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што нягледзячы на пастаяннае ўдасканаленне работы па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх, колькасць тых, хто аказваецца ў сацыяльна небяспечным становішчы не змяншаецца. Так, за 7 месяцаў сёлета колькасць неўладкаваных сем’яў і дзяцей, што ў іх выхоўваюцца, павялічылася больш чым удвая: з 33 на 1 студзеня да 70 на 1 жніўня.

У гэтым годзе ў раёне з сям’і быў адабраны і перададзены пад дзяржаўную абарону  непаўнагадовы, у адносінах пяці дзяцей трое бацькоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў. У сувязі са смерцю бацькі і заключэннем пад варту маці трое малалетніх дзяцей часова атрымалі статус застаўшыхся без апекі бацькоў.

Аптымістычная статыстыка хоць і адрозніваецца сціпласцю, але таксама мае месца: у сувязі з паляпшэннем сямейнай сітуацыі двое дзяцей, са спісу маючых патрэбу ў дзяржаўнай абароне, вярнуліся ў свае біялагічныя сем’і, адзін чалавек адноўлены ў бацькоўскіх правах у адносінах двух дзяцей.

Па стане на 1 жніўня на ўліку ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама знаходзіцца 92 абавязаныя асобы – людзі, чые дзеці жывуць і выхоўваюцца ў дзяржаўных установах. А гора-бацькі абавязаны кампенсаваць дзяржаве звязаныя з гэтым выдаткі. Аб бацькоўскай любві і цеплыні, увазе і іншых высокіх пачуццях у падобнай сітуацыі гаварыць не даводзіцца – маецца на ўвазе матэрыяльнае: гэтыя людзі павінны хоць бы фінансава ўдзельнічаць ва ўтрыманні ўласных дзетак.

Канешне, працаваць з гэтай катэгорыяй землякоў вельмі няпроста. Часта не самыя дысцыплінаваныя, многія вельмі далёкія ад правілаў здаровага ладу жыцця, нярэдка – адсутнасць прафесійных навыкаў і жадання працаваць з’яўляюцца іх рысамі. Знайсці добрую працу, выдатна выканаць сваю работу, нядрэнна зарабіць і заплаціць дзяржаве па “дзіцячым” рахунку ў іх выпадку вельмі няпроста. Працэнт пакрыцця абавязанымі асобамі сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, у першым паўгоддзі некалькі знізіўся і склаўся на ўзроўні 41,1 працэнта ад налічанага. Летась на аналагічным адрэзку часу сітуацыя характарызавалася лічбай 49.

Сярод прычын, што фарміруюць адмоўную тэндэнцыю, – нізкія заробкі “абавязаных”, а ў шэрагу выпадкаў, калі, напрыклад, чалавек асуджаны да знаходжання ў месцах пазбаўлення волі або ЛПП, і ўвогуле адсутнасць заробкаў, несвоечасовасць пералічэння спагнаных сум прадпрыемствамі, якія знаходзяцца па-за межамі Ляхавіцкага раёна, адсутнасць паступлення сродкаў ад абавязаных асоб, якія пражываюць у замежжы, іншае. А дадаць нявыхады на працу без уважлівай прычыны… За 7 месяцаў года абавязаныя асобы здзейснілі 614 прагулаў. І хоць гэта лічба прыкладна на трэць ніжэй за аналагічную леташнюю (925) – адрозніваецца маштабнасцю. Тым больш, што адпрацоўваць прагулы людзі не спяшаюцца: з пачатку года працэнт адпрацоўкі – 12,2. Мяркуючы па лічбах, адміністрацыйная адказнасць, да якой сёлета былі прыцягнуты 62 “абавязаныя” прагульшчыкі, іх не асабліва палохае.

Як прымусіць плаціць па рахунках тых, хто гэтага не асабліва жадае, – задача з многімі невядомымі, шэрагам каэфіцыентаў, вялікай колькасцю дзеянняў і з ўдзелам шматлікіх зацікаўленых. Многае з таго знайшло адлюстраванне ў прынятым райвыканкамам рашэнні.

Што вінен – аддаць павінен!

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *