Фэст з грушаўскім каларытам. У Ляхавіцкім раёне прайшоў фестываль фальклорнага мастацтва /фота/

Пазнаць гістарычны куточак Ляхавіччыны – палацава-паркавы ансамбль ”Грушаўка” – было немагчыма: людзі ў нацыянальных касцюмах, пах страў беларускай кухні, гучныя песні, прыпеўкі, народныя танцы, выставы… Усё гэта не магло не ўразіць гасцей чарговага раённага свята фальклорнага мастацтва ”З крыніц спрадвечных”. Унікальнасць такіх фэстаў у тым, што яны праводзяцца ў месцах, адметных сваёй гісторыяй.

З вёскай Грушаўка звязаны імёны Барбары Радзівіл, Міхаіла Залескага, Дамініка Рэйтана, Генрыха Грабоўскага і, найперш, – Тадэвуша Рэйтана. Менавіта ён спрабаваў сарваць сойм, каб не дапусціць першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Сёлета паказаць свае мастацкія здабыткі прыехалі 13 калектываў нашага і суседніх раёнаў. Тэатральная пастаноўка ад Конькаўскага СДК перанесла гледачоў у атмасферу Х стагоддзя. Працягнуў святочную праграму фальклорны калектыў “Латаўчанка” Вялікалотаўскага СК.

Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень на свята апранулася сімвалічна – у нацыянальнае адзенне беларусаў, якое зберагла для яе матуля, а захавалася яно ад бабулі Евы. Дзіяна Іванаўна прызналася, што, калі апранае яго, нібы дакранаецца да сваёй спадчыны.

Завітаў на свята і адзін са старэйшых калектываў Брэсцкай вобласці – фальклорна-этнаграфічная група Мыслабажскага ДНТ. Гэта людзі, улюбёныя ў народную творчасць, стараюцца захаваць і перадаць нашчадкам самабытнасць песень, якія спявалі іх прабабулі.

Удзельнікі і госці свята звярнуліся да беларускага народнага календара, успомнілі абрады, звычаі, прыкметы, загадкі, звязаныя з народнымі павер’ямі. А ўзорны ансамбль народнай песні “Спадчына” Ляхавіцкага ГДК сваімі песнямі не дазволіў сумаваць нікому.

З песнямі, прыпеўкамі, танцамі завіталі на фэст удзельнікі фальклорнага гурта “Ліпчанка” Ліпскага СДК, Крывошынскага СДК, фальклорныя калектывы Востраўскага і Свяціцкага СДК.

Кожная вёска нашага раёна славіцца сваёй гісторыяй, знакамітымі людзьмі, традыцыямі і святамі. Фальклорны калектыў Малагарадзішчанскага СДК паказаў, як у іх вёсцы адзначаецца Купалле, а таксама прапанаваў паскакаць праз купальскае вогнішча. Праграму працягнуў калектыў Дараўскага СДК. Абрад “Дзявочы вечар” паказалі ўдзельнікі калектыву Падлескага СДК.

Гасцямі свята былі фальклорны калектыў “Мілавідчанка” Мілавіцкага СДК, народны ансамбль народнай песні “Міране” з пасёлка Мір Баранавіцкага раёна.

У праграме фэсту праводзіўся конкурс кулінарных страў беларускай нацыянальнай кухні. Частавалі імі ўдзельнікі Задворскага, Малагарадзішчанскага, Востраўскага, Крывошынскага СДК. Сала і мачанка з аладкамі, дранікі, бабка, рулеты, каўбасы дамашнія ішлі на ўра. Пераможцам у намінацыі “За эксклюзіўны падыход да прыгатавання страў” стала аматарскае аб’яднанне “Гаспадынька” Задворскага СДК, у намінацыі “За творчы падыход да прыгатавання страў” стаў Востраўскі СДК.

На фэсце прэзентавалі свае вырабы майстры народнай творчасці з нашых горада і раёна, а таксама з суседніх. Марыя Муха, якая завітала на свята з Ганцавіч з прыгожымі вышыўкамі, падзялілася сакрэтам рамяства:
– Усё раблю рукамі і сэрцам, можна сказаць так. Бо калі не ляжыць душа, то і рукі слухацца не будуць. Навучылася ад матулі. Да таго ж, маё дзяцінства прыпала на той час, калі жанчыны збіраліся на вячоркі, хадзілі адна да адной з кудзеляй на пасядзелкі. Зараз вышываю ўзоры традыцыйнага арнамента. Таксама люблю рабіць невялікія пісьмёны. – Марыя бярэ ў рукі вышыўку і растлумачвае, што яна азначае: – Чалавек валодае ключамі ад шчасця, калі мае сям’ю, у сям’і ўсе працавітыя, памятаюць пра сваіх продкаў, зберагаюць і множаць іх багацце, перадаюць новым пакаленням.
А побач ганцавіцкі ганчар Віталь Шапялевіч здзіўляе гасцей уласнымі вырабамі з гліны. Святлана Страмавус з Адахаўшчынскага СДК валодае сакрэтамі саломапляцення і ў чарговы раз прадэманстравала свае работы. Кніжная выстава “Зямля ляхавіцкая мая” пазнаёміла з мясцовымі традыцыямі, абрадамі і адзеннем. Народныя майстры з розных куткоў надалі асаблівы каларыт фэсту, аднавілі на свяце фрагменты некалішняга быцця.
Раённае свята фальклорнага мастацтва “З крыніц спрадвечных” для Ляхавіччыны стала традыцыйным. У раёне ў пашане народная творчасць. Так і павінна быць, бо ад таго, як мы ставімся да мінулага, залежыць наша будучыня.
Адначасова з фэстам ладзілі выставу, канцэрт, пісалі партрэты, нагадвалі пра гістарычныя падзеі члены артсуполкі імя Тадэвуша Рэйтана.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка інстытута   журналістыкі БДУ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вітала ўдзельнікаў і гасцей фэсту намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. Дарэчы было і беларускае нацыянальнае адзенне – бабуліна спадчына.

Ганчар з Ганцавіч Віктар Шапялевіч – госць свята.

Кіраўнік гуртка Гайнінецкага Дома народнай творчасці Соф’я Татарыновіч.

”Падляшаначка” шануе беларускую песню.

Апантаныя прыгажосцю народнай творчасці ўдзельнікі фальклорнага гурта ”Ліпчанка” Ліпскага СДК.

Узорны ансамбль народнай песні ”Спадчына” ГДК.

Любоў да беларускай народнай творчасці агульная ў групы ”Вясёлка” Востраўскага СДК ...

... фальклорна-этнаграфічнага калектыву ”Спадчына” Мыслабажскага ДНТ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *