”Распісалі” па-беларуску ў Ляхавічах

– Вы гатовы стварыць моцную і дружную сям’ю? – з гэтым пытаннем на мілагучнай беларускай мове да нявесты Наталлі Сарокі і жаніха Алега Навуміка звярнулася начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак. І на роднай мове прагучаў адказ маладажонаў: “Так. Гатовы!”

У суботу 29 жніўня ўпершыню сёлета ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу ў ляхавіцкім загсе праведзена на беларускай мове. Маладыя жывуць і працуюць у Брэсце, а вяселле вырашылі гуляць у Ляхавічах, адкуль жаніх родам. Родная мова гучала і ў віншаваннях бацькоў, сяброў, родных і блізкіх, якія прыйшлі раздзяліць з Наталляй і Алегам радасную падзею – дзень нараджэння новай сям’і. Цырымонія суправаджалася беларускімі песнямі.

Як адзначыла Людміла Палтарак, у загсе гатовы пайсці насустрач кожнай пары, якая жадае рэгістраваць шлюб на роднай мове.

За 8 месяцаў гэтага года ў раёне з’явілася 116 новых сем’яў – на 8 больш у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Самым ураджайным на вяселлі месяцам выдаўся жнівень – заключана 28 шлюбаў.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *