“Пляжны дзень”. Рэзананс

Недасадзілі...

(«ЛВ» №61, 12.08.2015г.)

Непрывабная суботняя карціна на дараўскім пляжы (раскіданае смецце) трапіла ў фотааб’ектыў карэспандэнта газеты падчас сумеснага рэйда ў складзе прадстаўнікоў РАНС, раённай арганізацыі Асвода і рэдакцыі.
У рэагаванні на крытыку дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі паведаміў: “У адпаведнасці з планам вытворчага кантролю за захаваннем санітарных правіл і выканання санітарна-супрацьэпідэмічных і прафілактычных мерапрыемстваў, праводзіцца штодзённая ўборка тэрыторыі зон адпачынку ў г. Ляхавічы на р. Ведзьма і ў а/г Дарава на р. Шчара. Вываз смецця з кантэйнераў, размешчаных у зонах адпачынку, ажыццяўляецца па меры запаўнення. Па меры неабходнасці абкошваецца тэрыторыя і падсыпаюцца пляжы чыстым пяском. Штодзённа робіцца адбор проб вады для правядзення аналізаў на адпаведнасць гігіенічным патрабаванням да ўтрымання і эксплуатацыі водных аб’ектаў пры выкарыстанні іх у рэкрэацыйных мэтах”.
Усё гэта, канешне, добра. Аднак з песні слоў не выкінеш: на момант рэйда каля апоўдні ў суботу 8 жніўня было тое, што было. Добра, калі гэта адзінкавы выпадак…

«Белае і чорнае» («ЛВ» №65, 26.08.2015 г.)

Адрэагаваў кіраўнік камунгаса і на публікацыю “Белае і чорнае”, у якой пад рубрыкай “Люстэрка парадку” змешчаны фотаздымак супрацьлеглага боку гарадскога пляжа, зарослы пустазеллем у рост чалавека. Працытуем адказ: “КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” выкананы работы па абкошванні травы ўздоўж дарожкі да дамбы. У сувязі з адсутнасцю бюджэтных сродкаў выкананне работ па абкошванні пусткі лічым немэтазгодным”. І далей заўвага, што прадугледжаныя на ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання сродкі поўнасцю зрасходаваны.
Між іншым, вызначэнне “пустка” носіць суб’ектыўны характар. Рэдакцыі здаецца, што больш дакладным і аб’ектыўным будзе назваць гэта месца часткова тэрыторыяй, якой пачынаецца даволі добраўпарадкаваная (заасфальтаваная і з тратуарамі) вуліца Лугавая райцэнтра, а часткова – той, якая вядзе да ракі і, па сутнасці, прымыкае да прыбярэжнай зоны. А “пусткі” ў гарадскіх межах – на сумленні чыёйсьці бяздзейнасці…
Дарэчы, поўнае навядзенне парадку ў зонах адпачынку (і, натуральна, падыходах да іх) – на парадку дня. Ва ўсякім разе такое патрабаванне мясцовай улады. І выконваць яго належыць службам, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца пытанне.
…Ну а абойдзеная ў адказе заўвага наконт сухога пустазелля ў кветніку (так званым “цюльпане”) у цэнтры Ляхавіч, як гавораць, павісла ў паветры. Рэдакцыя спадзяецца – адказ, у рэшце рэшт, будзе зроблены справай, і насупраць Галерэі славы з’явіцца дастойнае фларыстычнае аздабленне. Ва ўсякім разе, пазаўчора на ніжнім ярусе ”цюльпанаў” камунальнікі высадзілі кветкі. На астатніх да абеда ў пятніцу – карціна была ранейшай (на здымку ўверсе).

Падкасілі...

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *