З кнігай па жыцці. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Дзень беларускага пісьменства – свята адметнае і асаблівае. Колькі плённай працы, цярпення і сіл укладзена дзеля таго, каб сёння кожны меў магчымасць узяць у рукі кнігу, акунуцца ў мінулае, зразумець таямніцы гісторыі, мог падрыхтавацца да ўрока, паглыбіцца ў роздум, пафантазіраваць і проста адпачыць. Мусіць, амаль кожнаму даводзілася з першай да апошняй старонкі літаратурнага твора жыць думкамі яго герояў, дзяліць з імі радасць і бяду. Кніга – своеасаблівы гід у часе. А што кніга для вас?

Таццяна Свянтэцкая,  студэнтка 1 курса гістарычнага факультэта БДУ:

–У першую чаргу – гэта бязмежная крыніца ведаў. А задавальненне ад чытання і ёсць іх засваенне. Мне важна развівацца, папаўняць свае веды, і прачытаныя кнігі ў гэтым дапамагаюць. Дзень беларускага пісьменства для мяне асаблівае свята: як будучы гісторык, з цікавасцю вывучаю гісторыю развіцця пісьменства. Вельмі люблю чытаць. Асабліва падабаюцца гістарычныя раманы.

Алена Шклянік, бібліятэкар цэнтральнай  раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы:

–У Дзень беларускага пісьменства мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія закладвалі падмурак нацыянальнай літаратуры. Кніга – скарбніца ўнікальнага, з якой можна запазычыць усё, што неабходна чалавеку, і нават больш. Яна дазваляе перадаць велізарны аб’ём інфармацыі ад пакалення да пакалення, а часам здольная адказаць на жыццёва важныя пытанні, можа навучыць, падтрымаць.

Люблю беларускую літаратуру. Сярод самых ”маіх” – кніга Віктара Супрунчука “Цвіў белы-белы бэз”.

Ніно Квернадзэ, вучаніца 11 класа гімназіі:

–Здаецца, што за сваё не такое доўгае жыццё я перажыла ўжо тысячу падзей, пазнаёмілася з сотняй цікавых людзей, наведала мноства месцаў, дзякуючы кнігам. У дзяцінстве любіла энцыклапедыі, кнігі пра жывёл, казкі Андэрсэна. Потым пачала цікавіцца сур’ёзнай класічнай літаратурай. Люблю і паважаю як беларускіх, так і замежных аўтараў. Дзіўлюся майстэрству паэтаў і пісьменнікаў і разумею, што кнігі – гэта вечнае, непадуладнае часу. І тую магію, якая ўзнікае пры чытанні, нішто не заменіць.

Анатоль Рагоўскі, працаваў настаўнікам матэматыкі ў гімназіі:

–Кнігу лічу найлепшым вынаходствам чалавека. Самая любімая яшчэ з дзяцінства – раман “Рабінзон Круза” Даніэля Дэфо.

Кніга – сапраўдная крыніца інфармацыі. Вядома, ёсць інтэрнэт, але яму не надта давяраю, ужо не раз натыкаўся на памылкі. Да таго ж, кнігу прыемна ўзяць у рукі: мастацкае афармленне, шапаценне старонак ствараюць асаблівую атмасферу чытання. Наведваю раённую бібліятэку, з задавальненнем перачытваю дамашнюю. Збіраю літаратуру пра загадкавыя месцы, дзіўныя падзеі і рэчы. Кнігі – гэта тое, што дапамагае падняць інтэлектуальны ўзровень чалавека. Таму любоў да кніг трэба выхоўваць і прывіваць. Вось і мая ўнучка вельмі часта просіць падабраць для яе што-небудзь “гэтакае” – любіць чытаць пра незвычайнае.

Тамара Лябедзіч, працавала медыкам у райбальніцы:

–Тэлевізар гляджу рэдка, камп’ютарам не валодаю, а вось з кнігай сябрую. Гэта асаблівы свет, без якога ўжо не магу. Ніводны вечар без кнігі не праходзіць. Падабаецца знаёміцца з прэсай, з мастацкай літаратуры аддаю перавагу жаночым раманам, чытаю гістарычную літаратуру, класіку.

Апытанне правяла Маргарыта КУХТА,

студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *