А вас рамантуюць? Рэдакцыя «ЛВ» пацікавілася ходам месячніка па тэхабслугоўванні жыллёвага фонду, які знаходзіцца на балансе ЖКГ

Па адрасе вуліца Чкалава, 7 у рай-цэнтры жыльцы чакалі капітальнага рамонту дома ўжо не аднойчы: у 2008, 2012 гадах, а цяпер спадзяюцца на 2018 год. Але, як гаворыцца, лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. Таму ўзрадаваліся, прачытаўшы ў раёнцы, што ў бліжэйшы час (дакладней – да 18 верасня) сіламі камунгаса ў іх будзе зроблены бягучы рамонт даху. Тым больш, што праблема адчувальная асабліва для кватэр на апошнім паверсе. Кожны раз, калі ідзе дождж ці мокры снег, цякуць дахі, на столі і сценах кватэр зноў з’яўляюцца мокрыя плямы, а з імі – сырасць.

Як рухаюцца справы на аб’екце? Работнікі камунгаса прыходзілі ў жніўні двойчы, паведамілі жыльцы дома:

– “Падлаталі” за некалькі гадзін дахі над дзвюма кватэрамі ў першым і трэцім пад’ездах, пра сярэдні забыліся. На гэтым рамонт для нас закончыўся.

Гэты дом, як і некаторыя іншыя ў горадзе і раёне, уключаны ў план месячніка па тэхнічным абслугоўванні жыллёвага фонду, што знаходзіцца на балансе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” (месячнік праводзіцца з 17 жніўня па 18 верасня). У прыватнасці, у плане пазначана, што да 18 верасня павінны быць адрамантаваны стыкі сценавых панэляў у дамах №№ 22, 24 па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры, праведзены бягучы рамонт дахаў у дамах №№ 22,24,26 па вуліцы Будаўнікоў, № 21 і № 7 – па Чкалава. Да 25 верасня камунальнікі абавязаны ўстанавіць аконныя блокі ў чатырох кватэрах дома № 7 па вуліцы Леніна ў аграгарадку Тальмінавічы, а таксама за кошт сродкаў жыльцоў уцяпліць фасады дамоў № 21 па вуліцы Чкалава і № 24 па вуліцы Будаўнікоў у горадзе.

Асаблівая ўвага – уборцы падвальных памяшканняў. Тут без дапамогі саміх жыльцоў не абысціся: маецца на ўвазе канкрэтны ўдзел у навядзенні парадку і забеспячэнне доступу работнікам ЖКГ для абслугоўвання камунікацый.

Супрацоўнікі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама аналізуюць заяўкі, які паступаюць у дыспетчарскую службу камунгаса, а таксама прэтэнзіі на няякаснае тэхабслугоўванне і правяраюць правядзенне рэгламентных работ.

3 верасня ў адзін з такіх рэйдаў з галоўным спецыялістам аддзела ЖКГ райвыканкама Святланай Кабяшовай адправіўся і карэспандэнт “ЛВ”.

Першы адрас – дом  № 24 па вуліцы Будаўнікоў. Работнікі камунгаса якраз уцяплялі фасад будынка. Відаць, што частка работ каля ўваходу ў пад’езд была выканана крыху раней. Гаспадыня адной з кватэр пацвердзіла: работы па ўцяпленні сапраўды праводзяцца па заяўках і за кошт жадаючых. Што датычыцца запланаванага ў шматпавярховіку бягучага рамонту даху, то, па словах гаспадароў кватэр, з якімі давялося пагутарыць ва ўсіх трох пад’ездах, пра планы яны чулі, але дах пакуль яшчэ не рамантаваўся.

Як расказалі жыльцы суседняга дома № 22, да іх камунальнікі таксама яшчэ не дайшлі і дах не рамантавалі, хаця ў плане гэтыя работы значацца. А заадно паскардзіліся: пасля дажджоў і зімы залівае падвалы. Захоўваць прыпасы, тую ж бульбу, у такіх умовах немагчыма.

Дарэчы, пра падвалы. Звычайна вясной і восенню камунгас размяшчае на пад’ездах дамоў аб’явы, што ў пэўны час будзе праводзіцца агляд падвальных памяшканняў, згадваўся і час, калі са двароў плануецца забраць смецце пасля ўборкі. Абышоўшы не адзін дом па вуліцах Леніна, Южакова, Будаўнікоў, Чкалава, пакуль такіх аб’яў не ўбачылі.

Ход месячніка тэхабслугоўвання жылфонду пракаменціраваў начальнік участка “Жылфонд” КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Дзмітрый Матчэня. Па яго словах, напрыканцы мінулага тыдня камунальнікі прыступілі да ўцяплення фасаду за кошт сродкаў жыльцоў дома

№ 21 па вуліцы Чкалава, там жа прадаўжаецца бягучы рамонт даху над кватэрамі, дзе ёсць працяканні вады і гаспадары напісалі ў камунгас адпаведныя заявы. Таксама па гэтым адрасе праводзіцца рамонт балконаў і казыркоў пад’ездаў, якія пацярпелі ад летніх ураганаў. Каля дамоў № 2 і № 4 па вуліцы Будаўнікоў, дома № 45 па вуліцы Леніна ўжо стаялі прычэпы для загрузкі смецця.

Асобная размова пра дом № 7 па вуліцы Леніна ў Тальмінавічах. Ляхавіцкая ПМК-13 яго капітальна рамантуе, заказчыкам работ з’яўляецца камунгас, на чыім балансе знаходзіцца аб’ект. Будуць устаноўлены аконныя блокі ў 4-х кватэрах на апошнім паверсе, дзе цяпер ніхто не жыве. Каб у кастрычніку ўключыць ацяпленне і не дапусціць размарожвання батарэй, у кватэрах з’явяцца не толькі вокны, але і новыя дзверы.

Начальнік участка патлумачыў і тое, чаму ў доме № 7 па Чкалава правялі рамонт даху толькі над 2-ма кватэрамі. Бягучы рамонт у адрозненне ад капітальнага праводзіцца адпаведна заявак жыльцоў, дзе ўказваюцца пэўныя праблемы і нязручнасці. З дома № 7, па яго словах, такія заяўкі паступілі ад жыльцоў толькі двух пад’ездаў.

Як запэўніў Дзмітрый Матчэня, усе запланаваныя на месячнік работы па тэхнічным абслугоўванні жыллёвага фонду, які знаходзіцца на балансе ЖКГ, будуць выкананы ў адведзеныя тэрміны.

Святлана Кабяшова паведаміла, што па стане на 3 верасня ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама заявак ці скаргаў ад грамадзян не паступала. Да канца месячніка засталося 10 дзён.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *