Бярэш дзяржаўныя грошы – аддаеш свае

Дзяржава аказвае значную падтрымку для развіцця аграпрамысловага комплексу і сферы малога прадпрымальніцтва раёна.
За 11 месяцаў 2010 года мясцовыя вытворцы сельгаспрадукцыі атрымалі фінансавую дапамогу ў выглядзе субсідый з раённага бюджэту на суму амаль 406 мільёнаў рублёў. Выдзеленыя грашовыя сродкі накіраваны на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, на аплату аднаразовых і арэндных плацяжоў за сельскагаспадарчую тэхніку, набытую ў лізінг, на пакупку запчасцей і аплату рамонту сельгастэхнікі, набыццё будаўнічых матэрыялаў, ветэрынарных прэпаратаў і насення.
Штогод даюцца беспрацэнтныя бюджэтныя крэдыты, пазыкі на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, дызельнага паліва для правядзення сезонных работ, на набыццё камбікармоў, сельскагаспадарчай тэхнікі, у пагашэнні якіх дзяржава таксама аказвае фінансавую дапамогу. Нягледзячы на гэта, па стану на 1 снежня пратэрмінаваная запазычанасць перад раённым бюджэтам перавысіла 1762 мільёна рублёў і складае больш як 25 працэнтаў з агульнай запазычанасці (6969 мільёнаў рублёў).
Дзяржаўная падтрымка аказваецца і суб’ектам малога прадпрымальніцтва. З абласнога бюджэту выдзяляюцца беспрацэнтныя бюджэтныя крэдыты. За 2006-2010 гады такая дапамога аказана 7 суб’ектам гаспадарання (ТАА “Трансэлектракамплект”, ІП Іна Мікалаеўна Хінько, ПУП “Аўтацэнтр “Вікторыя”, ТАА “Ляхавічдрэў”, ТДА “Завод ЖБВ № 20”, ПВГУП “Цвірко і К”, ПВУП “Ляхавічыбудтранс”) на агульную суму 303,6 мільёна рублёў. Запазычанасць па бюджэтных крэдытах складае 71,8 мільёна рублёў, з якой больш за 33 мільёны – запазычанай. Пратэрмінаваную запазычанасць дапусціла ТДА “Завод ЖБВ № 20”, сістэматычна парушаючы дагаворныя абавязацельствы па вяртанні доўгу.
Але нават маючы запазычанасць па бюджэтных крэдытах і пазыках, арганізацыі набываюць легкавыя аўтамабілі, чым парушаецца пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7.06.2001 № 851 “Аб упарадкаванні выкарыстання службовых і спецыяльных легкавых аўтамабіляў”. У адпаведнасці з пунктам 1.3 згаданай пастановы, юрыдычныя асобы незалежна ад формы ўласнасці і ведамаснай падначаленасці могуць набываць легкавы аўтатранспарт з мэтай выкарыстання яго ў якасці службовага і спецыяльнага пры адсутнасці ў іх запазычанасці па заработнай плаце, за энергарэсурсы, па плацяжах у бюджэт, дзяржаўныя мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды, па крэдытах, атрыманых пад гарантыю Урада Рэспублікі Беларусь.
Несвоечасовае вяртанне суб’ектамі гаспадарання бюджэтных крэдытаў і пазык адмоўна адбіваецца на выкананні бюджэту раёна: рэалізацыі намечаных сацыяльных праграм у галіне адукацыі, аховы здароўя, бытавога абслугоўвання насельніцтва, культуры і інш.
З мэтай скарачэння утворанай пратэрмінаванай запазычанасці фінансавы аддзел райвыканкама ў адпаведнасці з Бюджэтным кодэксам Рэспублікі Беларусь спаганяе ў бясспрэчным парадку з рахункаў даўжнікоў, дэбітораў пратэрмінаваныя сумы плацяжоў па асноўным доўгу і пеню за несвоечасовае вяртанне. За 11 месяцаў 2010 года ў раённы бюджэт вернута 2910,7 мільёна рублёў бюджэтных крэдытаў і пазык, налічана больш як 447 мільёнаў рублёў пені за пратэрміноўку плацяжоў.
Згодна заканадаўства, даўжнікі, якія дапусцілі запазычанасць па вяртанні бюджэтных крэдытаў і пазык, страчваюць права на далейшую дзяржаўную падтрымку.
Наталля ЦІМОШАК, вядучы спецыяліст фінансавага аддзела райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *