На «Дажынкі» ў Іванава /фота/

Не падвёў, не расчараваў СВК “Ляхавіцкі” і сёлета – урадзіў тут хлеб на славу. Валавы намалот на 600 тон перавысіў леташні, ураджайнасць у пераліку на бала-гектар самая вясокая ў раёне – 212 кілаграмаў.

Чыя заслуга, пытаемся ў старшыні гаспадаркі Аляксандра Вітко і ў адказ чуем: адназначна – агульная, ад механізатараў на падрыхтоўцы глебы да тых, хто ўпарадкаваў ураджай на самым фінішы. Пра сваю асабістую ролю Аляксандр Іванавіч сціпла прамаўчаў, як, дарэчы, і пра ролю галоўнага агранома Аляксандра Шымкевіча. Аднак жа імя маладога спецыяліста другі год запар называецца з прыемнай нагоды – ён прызнаны лепшым аграномам вобласці. Сямейную традыцыю трэба ўмацоўваць. Атрымліваецца!

Высокі ўраджай прызоў   збяруць  на галоўнай сцэне абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2015” хлебаробы СВК “Жарабковічы”.

Апроч “сытай” зямлі, адказных у працы людзей, у аснове вытворчых поспехаў ляжыць, і ці не найперш, граматнае кіраўніцтва гаспадаркай. Дзесяцігоддзі, вобразна кажучы, вялікім, складаным, шматгалосым аркестрам, назва якому СВК “Жарабковічы”, “дырыжыруе” Віталій Бусько. Робіць гэта ўмела, знаходзіць магчымасць сумяшчаць прагматызм і творчы падыход да справы. Канешне ж, не дзеля ўраджаю прызоў, а дзеля ўраджаю. За дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці збожжа, забеспячэнне належных сацыяльна-бытавых умоў удзельнікам уборкі, захаванне працоўнага заканадаўства і патрабаванняў аховы працы гаспадарка адзначана дыпломам першай ступені абкама прафсаюза работнікаў АПК. У чым прамая заслуга і прафкама сельгаскааператыва на чале з Людмілай Мікуліч.

На зусім не новым КЗСе Андрэй Юруць паказвае на жніўным полі сапраўдны майстар-клас. І не толькі для сваіх райаграсэрвісаўскіх калег –  у любой гаспадарцы ён не згубіўся б: адказны, старанны, тэхніку можа перабраць, што называецца, з закрытымі вачамі.
Яшчэ ў 2009-м у першае сваё жніво Андрэй вярнуўся з рэспубліканскіх “Дажынак” на аўтамабілі – стаў лепшым сярод маладзёжных экіпажаў. З таго часу штогод ён сярод лідараў абласнога спаборніцтва на жніве, праўда, ужо ў “старэйшай” узроставай катэгорыі. Сакрэт такой стабільнасці просты – шчырая праца. Гэтым летам у экіпажы з пляменнікам Уладзімірам Андрэй першым у раёне намалаціў 2000 тон збожжа. На абласным спаборніцтве першае месца –
зноў за ім!

Радуецца за жніўны поспех Сяргея ягоная сям’я, радуюцца землякі-зарытаўцы: на абласныя “Дажынкі” запрашаюць самых лепшых, самых працавітых. Сяргей

Бурак з СВК “Жарабковічы” такога гонару ўдастоены заслужана: ён на другім месцы ў спаборніцтве механізатараў Брэстчыны на ўборцы збожжа. А на палетках роднай гаспадаркі шчыраваў з братам Аляксандрам. Вельмі стараліся – ды і хіба ў жніво ёсць іншыя варыянты, акрамя як “ад світання да змяркання” і нават яшчэ пазней. Сапраўдны хлебароб гэта ўсведамляе ўсёй душою. А Сяргей Бурак і ёсць сапраўдны хлебароб.

Маладзёжны экіпаж з СВК “Жарабковічы” ў складзе старшага камбайнера Андрэя Дзянішчыка і камбайнера Паўла Булатага на жніве выкладваўся ў полі па поўнай. Любоў да зямлі і тэхнікі ў Андрэя ад бацькі.   З дзяцінства яму дапамагае ў полі, шмат гадоў на жніве працавалі сямейным экіпажам. Іх агульная любімая пара года – … жніво.

Другі сезон Андрэй працаваў старшым камбайнерам. Сёлетні намалот – 2244 тоны збожжа, што дазволіла раённаму перадавіку стаць другім у вобласці сярод старшых камбайнераў маладзёжных экіпажаў. “Ведае цану працы селяніна, добрасумленны і адказны”, – так упэўнены ў Дзянішчыку галоўны інжынер СВК “Жарабковічы” Міхаіл Пятроўскі.

Адзін раз – выпадковасць, два – пацвярджэнне высокага класа. Гэта няхітрая, па сваёй сутнасці, формула можа быць выкарыстана ў якасці дапаўнення да характарыстыкі старшага камбайнера СВК “Шлях новы” Васілія Шадуры. Лаўрэат мінулагодняга жніва, Васілій і цяпер пацвердзіў сваю прафесійную сталасць – нягледзячы на маладосць. Зусім крыху не “дамалаціўшы” да 2000 тон зерня, сёлета стаў лепшым маладым старшым камбайнерам вобласці. “Ведае тэхніку. Своечасова і дакладна праводзіць усе рэгламентныя работы. Па-за сезонам уборкі працуе ў нас трактарыстам на МТЗ-82.

Зараз, напрыклад, заняты на нарыхтоўцы кукурузнага сіласу. Дысцыплінаваны, адказны, старанны ў рабоце”, – характарызуе свайго падначаленага галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Рамейка.

Роўныя пракосы пакідае на хлебным полі камбайн КЗС-10, за штурвалам якога вопытны механізатар Уладзімір Сакалоўскі. Уладзімір Анатольевіч не навічок і на ўборцы хлеба, і ў гаспадарцы – працуе тут чвэрць стагоддзя.

У “Жарабковічах” на жніве-2015 ураджайнасць адна з лепшых у краіне. Таму і намалоты ў тых, хто працаваў на тутэйшых палях, важкія. Безумоўна, немалую ролю адыгрываюць адказнасць і стараннасць камбайнера, яго майстэрства. Хлебны вынік Уладзіміра Сакалоўскага – 1762 тоны збожжа. І трэцяе месца ў абласным спаборніцтве сярод старшых камбайнераў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *