Тэма тыдня. Выбары-2015: ЦВК Беларусі зарэгістравала чатырох кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта

Пасведчанні кандыдатаў

Цэнтрвыбаркам Беларусі 10 верасня на пасяджэнні прыняў рашэнне аб рэгістрацыі чатырох кандыдатаў у прэзідэнты. Удзел у выбарчай кампаніі прадаўжаюць Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч. Такое рашэнне ЦВК прыняла ў сувязі з тым, што ініцыятыўныя групы гэтых кандыдатаў змаглі сабраць больш за 100 тыс. сапраўдных подпісаў, кандыдаты прадставілі карэктныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці (свае і паўналетніх членаў сям’і, якія жывуць разам з імі) або дэкларацыі з нязначнымі памылкамі, а іх біяграфіі адпавядаюць рэчаіснасці.

Яшчэ дваім прэтэндэнтам на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў рэгістрацыі адмоўлена. Камплекты дакументаў для разгляду ў ЦВК раней падалі Віктар Цярэшчанка і Жанна Раманоўская. Адмова ў рэгістрацыі аргументавана тым, што пераважная большасць подпісаў, прадстаўленых у тэрытарыяльныя камісіі ініцыятыўнымі групамі Віктара Цярэшчанкі, па выніках праверак прызнаны несапраўднымі. У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці было выяўлена нямала подпісаў з «мінскімі» серыямі пашпартоў. У некаторых выпадках названа няправільнае месца рэгістрацыі выбаршчыка. У Гомельскай вобласці былі зафіксаваны факты збору подпісаў людзей, якія не пражываюць у раёне, названым у падпісных лістах. Таксама там выяўлены фіктыўныя подпісы.

Прыклады няякаснага збору подпісаў за Цярэшчанку ёсць у Гродзенскай вобласці. Там былі і подпісы ад імя памерлых людзей. Выяўлены і такія факты, калі людзі на самай справе ніякіх подпісаў не ставілі. У некаторых выпадках былі названы даныя пашпартоў, якія не выдаваліся, гэта значыць такіх дакументаў у рэальнасці не існуе. У Магілёўскай вобласці экспертыза некаторых лістоў за вылучэнне Цярэшчанкі паказала, што яны падроблены з дапамогай каляровага лазернага друку.

У Мінску ў многіх выпадках подпісы за вылучэнне Цярэшчанкі былі забракаваны з-за таго, што даныя грамадзян, пазначаныя ў лістах, не супадалі з інфармацыйнай базай МУС. Акрамя гэтага, у сталіцы, як і ў Гродзенскай вобласці, былі здадзены і подпісы «мёртвых душ». У Мінску і па краіне за Цярэшчанку здадзены лісты, якія сведчаць, што быццам бы за адзін дзень некаторыя ўдзельнікі каманды змаглі сабраць столькі подпісаў, колькі проста тэхнічна немагчыма сабраць за суткі. І гэта далёка не поўны спіс недахопаў і парушэнняў, якія выяўлены пры праверцы падпісных лістоў, здадзеных камандай Віктара Цярэшчанкі.

Ініцыятыўныя групы Жанны Раманоўскай першапачаткова не змаглі сабраць неабходнай колькасці подпісаў. Як вынік, абодва гэтыя патэнцыяльныя кандыдаты не маглі прайсці рэгістрацыю Цэнтрвыбаркама і прыняць удзел у наступным этапе прэзідэнцкай кампаніі — перадвыбарнай агітацыі.

Таксама ЦВК зацвердзіла форму і колькасць бюлетэняў для галасавання. Тэкст бюлетэняў будзе на беларускай мове, а прозвішчы кандыдатаў размесцяць у алфавітным парадку. Пасля гэтых радкоў будзе графа «Супраць усіх кандыдатаў». Што датычыцца памераў бюлетэня, то шырыня будзе 207 мм, а вышыня — 298 мм. Іх колькасць складзе 7 млн 285 тыс. Колькасць запасных бюлетэняў — 4,5 працэнта ад агульнай колькасці.

Бюлетэні для галасавання за мяжой будуць друкаваць самі дыпмісіі. Але пры гэтым у ЦВК усё ж ёсць магчымасць перадаць бюлетэні з Беларусі пасольствам у Літве і Латвіі.

Акрамя таго, 10 верасня былі зарэгістраваны 30 давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі і яго фінансавы прадстаўнік. Таксама ЦВК зарэгістравала па 28 давераных асоб Таццяны Караткевіч і Сяргея Гайдукевіча. Пры гэтым у камандзе Гайдукевіча з’явіўся і афіцыйны фінпрадстаўнік. Штаб Караткевіч пакуль не падаў дакументы на рэгістрацыю свайго фінансавага прадстаўніка. Пры гэтым усе каманды яшчэ маюць права папрасіць ЦВК зарэгістраваць давераных асоб і фінпрадстаўнікоў. Як растлумачыла сёння Лідзія Ярмошына, гранічная колькасць давераных асоб — 30. Прычым кандыдаты маюць права рабіць замены.

Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў Сяргея Гайдукевіча кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду

Як адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, колькасць дакладных подпісаў, сабраных у падтрымку вылучэння Сяргея Гайдукевіча (больш як 139 тыс.), з’яўляецца дастатковай для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. «Тым не менш, нам паведамілі, што ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў яго ёсць нязначныя памылкі», — расказала яна.

Так, паводле паведамлення правяраючых органаў, за 2014 год Сяргей Гайдукевіч даход, атрыманы ад аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, пазначыў у памеры амаль Br36 млн, у той час як ён склаў больш як Br41 млн. Акрамя таго, палітык забыў пазначыць даход у памеры 60 еўра — сродкі, атрыманыя з-за мяжы. «Агульны памер даходу Сяргея Гайдукевіча за 2014 год складае Br263 млн 158 тыс., а памер непазначанага даходу — амаль Br6,2 млн (2,3 працэнта ад сумы гадавога даходу)», — канстатавала Лідзія Ярмошына.

Акрамя таго, паводле яе слоў, выяўлена недакладнасць пры запаўненні дэкларацыі жонкі кандыдата — яна пазначыла не агульны, а чысты даход.

Пры гэтым Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што Цэнтрвыбаркам пры назначэнні выбараў прыняў пастанову аб тым, што калі памылка ў пазначэнні даходаў складае менш за 20 працэнтаў, то яна з’яўляецца нязначнай і дае магчымасць зарэгістраваць гэту асобу кандыдатам у прэзідэнты. «У сувязі з гэтым памылка, дапушчаная Сяргеем Гайдукевічам, не мае істотнага характару, і пры такіх абставінах Цэнтральная камісія пастанаўляе зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь», — сказала яна.

Сяргею Гайдукевічу выдадзена пасведчанне кандыдата. Ён падзякаваў грамадзянам Беларусі, якія аддалі за яго подпісы.

ЦВК зарэгістравала Таццяну Караткевіч кандыдатам у Прэзідэнты

Каманда Таццяны Караткевіч здала ў выбаркамы больш за 107 тыс. подпісаў. З іх амаль 105 тыс. прызнаны сапраўднымі. Гэтай колькасці дастаткова для рэгістрацыі ў якасці кандыдата.

Акрамя таго, у ЦВК былі здадзены іншыя неабходныя дакументы, сярод якіх аўтабіяграфія Таццяны Караткевіч і дэкларацыя аб яе даходах і маёмасці, а таксама аналагічныя дэкларацыі на дарослых членаў яе сям’і, якія пражываюць разам з ёй. Гэты камплект дакументаў не выклікаў сур’ёзных нараканняў.

Адразу пасля таго, як Цэнтрвыбаркам прыняў рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатам Таццяны Караткевіч, яна выступіла з прамовай. Палітык падзякавала людзям, якія падпісаліся ў яе падтрымку, і выступіла з крытыкай эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны.

ЦВК Беларусі зарэгістравала Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у Прэзідэнты

Пасля прыняцця гэтага рашэння пасведчанне кандыдата на пасаду Прэзідэнта Беларусі было ўручана кіраўніку ініцыятыўнай групы — Міхаілу Ордзе, які прадстаўляў інтарэсы Аляксандра Лукашэнкі па натарыяльна заверанай даверанасці.

Выступаючы ў ЦВК, Міхаіл Орда, у прыватнасці, адзначыў, што ініцыятыўная група пры зборы подпісаў убачыла, што людзі на месцах ставяцца да выбараў неабыякава і разумеюць, што вырашаецца лёс краіны. Таксама ён падкрэсліў, што грамадства аказала беспрэцэдэнтную падтрымку дзеючаму Прэзідэнту Беларусі.

Акрамя таго, на пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 30 давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі і адзін фінансавы прадстаўнік.

Мікалая Улаховіча зарэгістравалі кандыдатам у Прэзідэнты

У падтрымку вылучэння Мікалая Улаховіча прадстаўлена больш як 149 тыс. сапраўдных подпісаў. Як адзначыў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, кандыдатура Улаховіча адпавядае патрабаванням, што прад’яўляюцца беларускім заканадаўствам кандыдату ў Прэзідэнты. «Ім прадстаўлены ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакументы, якія правераны, і абставін, што перашкаджаюць рэгістрацыі, не выяўлена», — сказаў Мікалай Лазавік.

Такім чынам, Мікалай Улаховіч зарэгістраваны кандыдатам у Прэзідэнты, яму выдадзена адпаведнае пасведчанне. Ён падзякаваў членам сваёй ініцыятыўнай групы за работу, а таксама грамадзянам Беларусі — за тое, што яны паставілі подпісы ў падтрымку яго вылучэння.

У ЦВК адбылася жараб’ёўка выступленняў кандыдатаў у прэзідэнты на тэлебачанні і радыё

У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам кандыдатам у Прэзідэнты Беларусі прадастаўлена магчымасць выступіць на бязвыплатнай аснове на тэлебачанні (у эфіры тэлеканала «Беларусь 1») і радыё (у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё) па два разы. Працягласць кожнага выступлення абмежавана 30 хвілінамі.

Па тэлебачанні ўсе выступленні будуць трансліравацца ў 19.30 — найбольш рэйтынгавы час. Першыя выступленні кандыдатаў у прэзідэнты пачнуцца ўжо на наступным тыдні і пройдуць з аўторка па пятніцу — 15, 16, 17 і 18 верасня. Праз тыдзень кандыдаты ў прэзідэнты змогуць выступіць яшчэ раз — 22, 23, 24 і 25 верасня.

Для выступлення на радыё адводзіцца час раніцай — з 6.10 да 7.10. Першыя выступленні па радыё выйдуць у эфір 23 і 25 верасня. Права на наступныя выступленні кандыдаты ў Прэзідэнты могуць рэалізаваць 30 верасня і 2 кастрычніка.

Па выніках жараб’ёўкі Сяргей Гайдукевіч выступіць на тэлебачанні 15 верасня і 25 верасня; на радыё — 23 верасня (6.10 — 6.40) і 30 верасня (6.10 — 6.40).

Таццяна Караткевіч выступіць на тэлебачанні 17 верасня і 24 верасня; на радыё — 25 верасня (6.10 — 6.40) і 2 кастрычніка (6.40 — 7.10).

Аляксандр Лукашэнка (канверт цягнуў яго прадстаўнік Міхаіл Орда) атрымаў час для выступлення на тэлебачанні 16 верасня і 23 верасня; на радыё — 23 верасня (6.40 — 7.10) і 30 верасня (6.40 — 7.10).

Мікалай Улаховіч выступіць на тэлебачанні 18 верасня і 22 верасня. Што датычыцца радыё, гэтаму кандыдату будзе выдзелены час 25 верасня (6.40 — 7.10) і 2 кастрычніка (6.10 — 6.40).

Ярмошына лічыць скаргу аб выкарыстанні адмінрэсурсу пры зборы подпісаў няслушнай

Скарга ад партыі БНФ, у якой гаворыцца, што на этапе збору подпісаў быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс, з’яўляецца няслушнай. Аб гэтым заявіла журналістам старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына.

«Ацэньваю яе ў прынцыпе як няслушную», — сказала Лідзія Ярмошына. Старшыня ЦВК дадала, што гэта скарга не магла і не можа паўплываць на вынікі рэгістрацыі кандыдатаў таму, што яна з’яўляецца «дзяжурным дакументам».

10 верасня на пасяджэнні ЦВК быў агучаны змест некаторых скаргаў, у якіх гаворыцца аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу на этапе збору подпісаў. У прыватнасці, у Брэсце на адным з заводаў нібы праводзіўся збор подпісаў з дапамогай адмінрэсурсу ў рабочы час. Праверка паказала, што гэта не так. На самай справе подпісы збіраліся нават не на тэрыторыі прадпрыемства, а на прахадной.

Акрамя таго, было праверана паведамленне аб тым, што подпісы збіраліся дырэктарам сярэдняй школы нумар 27 у Гомелі на сходзе супрацоўнікаў гэтай навучальнай установы. Аказалася, што на самай справе ніякія подпісы на гэтай тэхнічнай нарадзе, прысвечанай падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года, не збіраліся. Кіраўнік школы ўваходзіць у ініцыятыўную групу па зборы подпісаў. Акрамя гэтага, у Гродзенскай вобласці ў выбаркам паступіў ананімны званок наконт таго, што адзін з урачоў нібы збірае подпісы ў пацыентаў у рабочы час. Аднак імя гэтага ўрача назваць адмовіліся. Праверкі па такіх паведамленнях, якія былі ў тым ліку ў публікацыях на інтэрнэт-сайтах, праводзіліся і ў Мінску. Па іх выніках фактаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу не выяўлена.

Што датычыцца выкарыстання партрэтаў дзеючага Прэзідэнта Беларусі на пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам на вышэйшую дзяржаўную пасаду, то яны былі выраблены за кошт сродкаў грамадскіх арганізацый. Гэта не супярэчыць заканадаўству. Лідзія Ярмошына растлумачыла на сённяшнім пасяджэнні ЦВК, што на кожным пікеце могуць выкарыстоўвацца партрэты кандыдатаў. Гэта датычыцца як вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, так і на прэзідэнцкую пасаду.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *