Як справы маладыя? «ЛВ» пацікавіўся

У  нашай краіне працягваецца Год моладзі. Ён ужо адзначаны яркімі справамі і праектамі. І, канешне, падзеямі асабістага характару. Якімі? Слова нашым маладым землякам.

Аляксандр Ашмарын, хірург Ляхавіцкай ЦРБ:

– Скончыў інтэрнатуру, прыйшоў па размеркаванні на працу ў Ляхавіцкую бальніцу. У асабістым жыцці адбылася таксама лёсавызначальная падзея – вядома, самая яркая – стварэнне сям’і. А яшчэ мне пашчасціла пабываць на ўрачыстасцях з нагоды юбілею Перамогі ў Брэсцкай крэпасці. Гэта было вельмі ярка, запамінальна, святочна і незабыўна!

Юлія Маргаева, студэнтка 1 курса Віцебскага   дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

– Для мяне гэты год выдаўся даволі ”ўраджайным”: удалося і прадукцыйна папрацаваць, і добра адпачыць. У школьны час удала ўдзельнічала ў абласной алімпіядзе па біялогіі і ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, рыхтавалася да цэнтралiзаванага тэсцiравання. Намаганні не былі дарэмныя – я стала студэнткай ВНУ, у якую марыла паступіць.

Дзмітрый Равінскі, спартсмен:

– Год моладзі для мяне праходзіць у трэніроўках і падрыхтоўцы да спаборніцтваў. Адзначыўся перамогамі ў забегах на дыстанцыях 1500 і 800 метраў у рэспубліканскіх комплексных спартыўных спаборніцтвах «Алімпійскія дні моладзі Рэспублікі Беларусь». А яшчэ паступіў на курсы ў Брэсцкае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву.

Павел Булаты, курсант   Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі:

– Напэўна, самае значнае сёлетняе дасягненне – удзел у жніве ў СВК “Жарабковічы”. Я адпрацаваў 24 дні без выхадных, як гаворыцца, ад цямна да цямна. Разам з напарнікам Андрэем Дзянішчыкам стаў лідарам раённага працоўнага спаборніцтва ў намінацыі «Лепшыя маладзёжныя экіпажы». Акрамя гэтага закончыў школу і стаў курсантам Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Калі шчыра, то трохі хвалююся: наперадзе зусім новае жыццё.

Дзіма Джэжора, студэнт 2 курса Беларускага   нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта:

– Святкаванне 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – вось галоўная падзея, што ўзрушыла моладзь. Упершыню ў сваім жыцці быў на парадзе ў Мінску. Ураджанні найлепшыя.  Што тычыцца студэнцкага жыцця, то назаву фестываль студэнцкай творчасці «Вясна БНТУ». Гэта заўсёды новыя знаёмствы і пазітыўныя эмоцыі.

Маргарыта КУХТА,  студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *