Зноў сяўба ў Ляхавіцкім раёне

Яшчэ гучаць фанфары ў гонар хлебаробаў, якія атрымалі сёлета выдатны хлебны каравай, а пасяўныя агрэгаты зноў выведзены на палі: ідзе сяўба азімых збожжавых культур. Гаспадаркі раёна павінны засеяць 8400 гектараў азімых на зерне і яшчэ 1800 гектараў – на зялёны корм. Дарэчы, апошняе заданне павялічана больш як удвая ў сувязі з засушлівым надвор’ем. Сельгаспрадпрыемствы пасеялі больш як 2 000 гектараў пажніўных і паўкосных культур. Сёння СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” пасвяць статкі па маладой сакавітай зеляніне.

Мінулі тэрміны сяўбы рапсу. І калі некаторыя гаспадаркі думаюць арганізаваць яго хімпраполку, то СВК “Ліпнянка” не пасеяў ні аднаго гектара, а СВК “Тальмінавічы”, райаграсэрвіс і ЗТАА “БелДан” недавыканалі пасяўныя планавыя заданні.

Да 1 кастрычніка сельгаспрадпрыемствы раёна павінны завяршыць сяўбу азімых зерневых. Але не ўсё атрымліваецца. У многіх неадрамантавана глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка і як вынік – непадрыхтаваная да сяўбы глеба; не хапае элітнага насення і ўгнаенняў. У райаграсэрвісе ёсць мінеральныя тукі для рэалізацыі, але сельгаспрадпрыемствы не маюць грошай, каб іх набыць: сэрвісу ўжо запазычылі гаспадаркі раёна 1,5 мільярда рублёў. Толькі на палях СВК “Шлях новы”, “Жарабковічы”, ДП “Нача” і ЗАТ “Белпрампрыбор” гэтымі днямі працуе пасяўная тэхніка. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, хлебароб заўсёды спадзяецца на лепшае, тым больш, што адна з асноўных умоў добрага ўраджаю – захаванне спрыяльных тэрмінаў сяўбы.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *