Знаёмцеся: «Уладары сяла». У ліку сямейных каманд раёнаў Брэстчыны Ляхавіччыну ў Іванаве прадстаўляла сям’я Ланкуцёў з аграгарадка Малое Гарадзішча

Удзельніца абласнога конкурсу "Уладар сяла" – сям'я Ланкуцёў з Малога Гарадзішча.

Па-за галоўнай пляцоўкай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015” таксама адбылося шмат чаго. Урокі рамесніцтва, кулінарныя майстар-класы, класныя і ў розных жанрах выступленні музыкаў. У яркім убранні і эмацыянальным настроі знайшлі госці свята гарадскі парк сталіцы “Дажынак”. Хоць і прыемныя, але досыць традыцыйныя ў падобных сітуацыях гандлёвыя палаткі, атракцыёны, іншага кшталту прапановы хочацца ахарактарызаваць як дапаўненне да асноўнага. Галоўнай жа дзеяй дажыначна-паркавага дня стаў абласны этап рэспубліканскага маладзёжнага сямейнага праекта “Уладар сяла”.Узгадваецца паралель, у аснове якой стары добры, у свой час вельмі папулярны і маштабны конкурс “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”. У кантэксце сказанага, чаму б “Уладара сяла” не расшыфраваць як “Тата, мама, я – вясковая сям’я”?

Гэты праект для маладых вяскоўцаў і аграгараджан, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе. За гады існавання, а сёлетні абласны этап стаў ужо сёмым па ліку, праект зацвердзіўся ў шэрагу традыцый. Аднак не закасцянеў у іх: штогод арганізатары ў асобе БРСМ прапануюць хоць штосьці ды новае. Конкурсныя выпрабаванні “выбудаваны” такім чынам, каб пратэсціраваць сем’і на шэраг уменняў, спрыт, сілу, вынослівасць, зладжанасць дзеянняў – якасці, не лішнія ў мегаполісе, аднак, абсалютна неабходныя ў вясковым жыцці і працы: нарэзаць-накалоць дроў, запрэгчы ў воз каня, з уласна вырашчаных прадуктаў прыгатаваць і прэзентаваць сялянскі прысмак і шэраг іншага.
У ліку сямейных каманд раёнаў Брэстчыны Ляхавіччыну ў Іванаве прадстаўляла сям’я Ланкуцёў з аграгарадка Малое Гарадзішча. Тата Сяргей пасля паспяховага заканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа і Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ўжо колькі гадоў працуе ветэрынарным урачом у райаграсэрвісе. Мама Надзея пакуль яшчэ на падыходзе да дыплома ветурача – з’яўляецца студэнткай дзённага аддзялення той жа акадэміі. Іх дзеткі Арсеній і Яраслаў хутка адзначаць адпаведна свой пяты і чацвёрты дзень нараджэння. Пры гэтым у ходзе конкурсных выпрабаванняў хлопцы “трымалі” сябе сур’ёзна. Хваляваліся, безумоўна, стаміліся за час доўгага конкурснага марафону, але, як не без гонару за сваіх адзначыла мама, не капрызілі. І зусім не важна, што пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага праекта “Уладар сяла” выйшлі не нашы землякі. Атрыманы вопыт, новыя ўражанні, пад якімі, па словах Надзеі, сыны знаходзіліся і пасля конкурсу, узаемападтрымка падчас падрыхтоўкі і выступлення толькі ў плюс маладой сям’і Ланкуцёў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *