У інтарэсах выбаршчыкаў. У рабоце прэзідыума Ляхавіцкага раённага Савета прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

З пачатку года дэпутаты раённага Савета дэпутатаў правялі 3 сесіі, на якіх прынялі 25 рашэнняў, што датычаць розных сфер жыццядзейнасці раёна. Кожнаму такому рашэнню, прынятаму зыходзячы з інтарэсаў выбаршчыкаў і агульнадзяржаўных інтарэсаў, папярэднічала дэталёвае вывучэнне.

Наогул, сесія – бадай самая вядомая, але далёка не адзіная форма дзейнасці гэтага прадстаўнічага дзяржаўнага органа. Напрыклад, пытанні, якія патрабуюць аператыўнага калегіяльнага вырашэння, уздымаюцца на пасяджэннях прэзідыума райсавета. У яго склад уваходзяць кіраўніцтва Савета і старшыні пяці пастаянных камісій: мандатнай і па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання; па пытаннях законнасці, захавання свабод і правоў грамадзян; па сацыяльна-эканамічным развіцці і пытаннях бюджэту; па харчовых і аграрных пытаннях, па экалогіі і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; па справах моладзі, пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны грамадзян.

Чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета пад кіраўніцтвам старшыні райсавета дэпутатаў Яўгенія Юрлевіча прайшло на гэтым тыдні і мела даволі насычаны парадак дня. У яго рабоце прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Язубец.

Сярод пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, – аптымізацыя сістэмы медыцынскай дапамогі ў раёне. Ахова здароўя, без перабольшвання, тая сфера, у якой нават самыя нязначныя змяненні могуць выклікаць шырокі грамадскі рэзананс. Тым больш калі размова ідзе пра скарачэнне колькасці бальнічных ложкаў. Па інфармацыі галоўнага ўрача ЦРБ Уладзіміра Усцюшкова, у некаторых аддзяленнях райбальніцы і ў Крывошынскай участковай бальніцы ложкі на працягу апошніх некалькіх гадоў не “працуюць” з поўнай занятасцю. А значыць, бюджэтныя сродкі на іх утрыманне расходуюцца нерацыянальна – не па-гаспадарску. Летась адбылося скарачэнне ложкаў ва ўчастковай бальніцы. Да канца года яе чакае чарговы этап аптымізацыі. У даволі блізкай перспектыве – перавод усіх урачэбных амбулаторый у амбулаторыі ўрача агульнай практыкі (гэта звязана са змяншэннем колькасці насельніцтва), з цягам часу зачыняцца “неперспектыўныя” ФАПы (некаторыя з іх сёння ўжо не адпавядаюць санітарна-тэхнічным патрабаванням). Пры ўсім гэтым якасць медабслугоўвання насельніцтва, як запэўніў Уладзімір Усцюшкоў, не пагоршыцца. Плануецца дааснашчэнне амбулаторый кадрамі і абсталяваннем, капрамонты і бягучыя рамонты памяшканняў і будынкаў медустаноў, набыццё новых аўтамабіляў для хуткай дапамогі і сельскіх амбулаторый.

Як падкрэсліў дэпутат парламента Мікалай Язубец, пры ўсёй важнасці аптымізацыі да яе рэалізацыі ў кожным канкрэтным выпадку трэба падыходзіць узважана і прадумана. Галоўнае патрабаванне – меддапамога павінна заставацца даступнай для ўсіх.

Яшчэ адно пытанне, якое ў гэты дзень абмяркоўвалі дэпутаты, – аб ходзе рэалізацыі раённых мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для фізічна аслабленых асоб. На гэтыя мэты выдзяляюцца сродкі з мясцовага бюджэту, зручнасці для землякоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі (пандусы, поручні, гасцінічны нумар для інваліда-калясачніка і г.д.) ствараюцца і за кошт уласных сродкаў агранізацый. За апошнюю пяцігодку, па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, безбар’ернае асяроддзе створана на 58 аб’ектах. Падчас рамонту вулічна-дарожнай сеткі прадугледжваюцца паніжэнне бартоў, бардзюрнага каменя, пакрыццё тратуараў супрацьслізготнымі матэрыяламі, пазначаюцца месцы для паркоўкі транспартных сродкаў інвалідаў. Тым не менш, безбар’ернае асяроддзе створана пакуль не ўсюды, і ў гэтым накірунку яшчэ належыць працаваць.

На пасяджэнні прэзідыума абмяркоўваліся таксама парадак дня чарговай сесіі райсавета, ход выканання мерапрыемстваў па кіраванні і распараджэнні ўласнасцю раёна ў 2015 годзе, хадайніцтвы аб узнагароджанні і іншыя пытанні. Па кожным прыняты рашэнні.

Наогул, на шасці пасяджэннях з пачатку года прэзідыум райсавета разгледзеў дзясяткі важнейшых пытанняў. Напрыклад, у чэрвені было прынята рашэнне аб стварэнні дзвюх часовых дэпутацкіх груп, якія будуць працаваць у СВК “Ліпнянка” і ПМК-17: вывучаць сацыяльна-эканамічнае становішча, аказваць прадпрыемствам, што знаходзяцца ў складанай фінансавай сітуацыі, практычную дапамогу.

Акрамя прэзідыума, пытанні ў “вузкім коле” ў межах сваёй кампетэнцыі разглядаюць і пастаянныя камісіі раённага Савета дэпутатаў, якія пры неабходнасці цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.

Нярэдкія госці на сесіях і пасяджэннях прэзідыума – дэпутаты абласнога Савета і парламента. Дарэчы, дэпутацкая работа не абмяжоўваецца кабінетнымі справамі. На гэты раз Мікалай Язубец і Яўгеній Юрлевіч пасля пасяджэння пабывалі ў СВК “Жарабковічы”, “Тальмінавічы”, “Ляхавіцкі”, РАУС і камунгасе, сустрэліся з працоўнымі калектывамі.

Адна з асноўных задач, на якую кіраўнік райсавета арыентуе дэпутатаў мясцовых Саветаў, – праводзіць такую палітыку, рэалізоўваць такія праекты, якія паляпшаюць якасць жыцця людзей, максімальна аблягчаюць вырашэнне пытанняў, з якімі даводзіцца сутыкацца грамадзянам.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Івана КАВАЛЕНКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *