Штогод у акцыі Дзень без аўтамабіля становіцца ўсё больш яе прыхільнікаў. Пакінуць свае аўто дома і многія ляхавічане

Аляксандр  ЛЕБЯДЗЕЎСКІ,  інжынер лясгаса:

– Я і некаторыя мае знаёмыя пакінем свае аўтамабілі ў гаражах. На работу пойдзем пешшу ці, магчыма, паедзем на веласіпедах – усё будзе залежыць ад надвор’я і настрою. Асабіста я далучаюся да такой акцыі не ўпершыню. І перакананы: калі карыстанне грамадскім транспартам стане больш зручным, ад штодзённага выкарыстання ўласных аўтамабіляў адмовяцца многія.

Святлана МАРГАЕВА, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму:

– Вадзіцельскае пасведчанне атрымала ў 2005 годзе, з таго часу без машыны – аніяк. Але 22 верасня – асаблівы дзень. Пэўныя нязручнасці для тых, хто значную частку свайго часу праводзіць за рулём, канешне ж, ёсць. Але важна разумець, што падчас сусветнай акцыі кожны з нас можа ўнесці хоць і невялікі, але ўклад у справу экалагічнай важнасці.

Сяргей БУРВЕЛЬ, будаўнік:

– Я рыбак са стажам. На рыбалку звычайна езджу на аўтамабілі. Летась зрабіў бадай што першае выключэнне – паехаў на веласіпедзе. Вельмі захацелася падтрымаць акцыю Дзень без аўтамабіля. У тэлеперадачы пачуў пра шкоду выхлапных газаў. Нават няёмка стала, што хоць і малая, але часцінка віны майго аўтамабіля ў гэтым таксама ёсць. І сёлета, упэўнены, абыдуся без сваёй “Шкоды”. А вечарам прапаную жонцы прагуляцца па свежым паветры.

Павел КУРЛОВІЧ, пенсіянер:

– У маім узросце клопат пра здароўе – на першым месцы. Да таго ж, перакананы: уласны прыклад – лепш за ўсякія словы. Люблю пакатацца на веласіпедзе – добры трэнажор. Аўтамабіль 22 верасня пакіну дома. Паблукаю па лесе, буду дыхаць чыстым паветрам. Калі пашчасціць – назбіраю грыбоў.

Марына ЗЕЛЯНЕЎСКАЯ,  у дэкрэтным водпуску:

– У мінулым годзе 22 верасня муж пайшоў на работу пешшу. Я нават уявіць не магла, што так сур’ёзна ўспрыме маю прапанову далучыцца да Сусветнага дня без аўтамабіля. Праўда, крыху спазніўся на работу. Але начальнік, пачуўшы прычыну, параіў усім падтрымаць гэты дзень. Наша сям’я ў наступны аўторак без праблем правядзе дзень без аўтамабіля – здаравей будзем.

Іван НОВІК, вадзіцель аўтобуса аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

–Канешне, гэта неабходны дзень. Берагчы прыроду абавязаны ўсе. Я з радасцю далучыўся б да міжнароднай акцыі. Але па па сваіх прафесійных абавязках не магу гэта зрабіць. Так што Дзень без аўтамабіля правяду за рулём – школа чакае вучняў.

Апытанне праводзіла Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *