Прыходзьце ў прафсаюз!

У мінулы чацвер адбылося пасяджэнне савета Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, што ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Удзел у ім узялі старшыні райкамаў галіновых прафсаюзаў, прадстаўнікі пярвічак.
Неабходнасць заключэння ў арганізацыях і на прадпрыемствах калектыўных дагавораў, выкананне працоўнага заканадаўства і захаванне вытворчай дысцыпліны, бяспечных умоў працы – ключавыя моманты, на якіх у сваім выступленні засяродзіла ўвагу старшыня раённага аб’яднання Святлана Курэц. Абмяркоўваліся задачы, што стаяць на парадку дня: забеспячэнне выканання сацыяльных гарантый, удасканаленне сістэмы сацыяльнага партнёрства, ажыццяўленне пастаяннага кантролю за заключэннем кантрактаў і бестэрміновых працоўных дагавораў, павышэнне ўзроўню заработнай платы, стварэнне дадатковай сацыяльнай падтрымкі моладзі і пенсіянераў.
Ішла размова і пра тое, што неабходна далучаць да прафсаюзнага руху калектывы прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці. У нашым раёне ў 20 прыватных прадпрыемствах, дзе працуе каля 600 чалавек, не створаны прафсаюзныя пярвічкі. Але справа зрушылася з месца. Жаданне стварыць прафсаюзную пярвічку выказалі работнікі завода “Металапластмас”.
На пасяджэнні савета гаварылі і пра прадукцыйнае супрацоўніцтва выканаўчай улады з прафсаюзамі.
Зацверджаны састаў рабочай групы па распрацоўцы праекта пагаднення паміж райвыканкамам, аб’яднаннем наймальнікаў і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на 2016-2018 гады.
Створана грамадская камісія па ахове працы, якую ўзначаліла Святлана Курэц.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *