У фармаце міні. У Ляхавічах прайшоў першы восеньскі кірмаш /фота/

Дождж зарадзіў сваю песню яшчэ задоўга да світання. Раніцай ён то суцішваўся, то адчуваў сябе гаспадаром становішча – здавалася, першы восеньскі кірмаш так і застанецца без увагі ляхавічан.

Але не – машыны адна за адной паступова запаўнялі перадрыначную плошчу. Вось чарга выстраілася за зернем ад СВК “Шлях новы”. Бойка ішоў продаж і ў СВК “Жарабковічы”, ДП “Нача”. Цана кілаграма пшаніцы вагалася ад 2000 да 2100 рублёў, трыцікале і ячменю – 1600. Прадаўцы ад фермерскай гаспадаркі “ЖарСк” прапаноўвалі развезці зерне па адрасах і адзначалі, што аказваюць такія паслугі не першы год. Сапраўдным хітом кірмашу стала салома: райаграсэрвіс умомант прадаў каля 4 тон. Кошт – 304300 рублёў за тону (рулон важыць каля 300 кілаграмаў). СВК “Ляхавіцкі” прапаноўваў рулон па 90 тысяч рублёў. Дарэчы, прадстаўнікі гэтай гаспадаркі паабяцалі, што ў наступны кірмаш – 10 кастрычніка – прывязуць салому і ў цюках (яны меншыя ў памерах).

Бойкі гандаль разгарнуўся каля палаткі фермераў Алы і Мікалая Машэяў. Ляхавічане затарваліся тут памідорамі. “Пальчыкі” “разляталіся” па цане 4000 рублёў за кілаграм, іншыя – па 7000. Яны ж прапаноўвалі яблыкі коштам ад 5000 да 15000 рублёў і перац па 15000.

Бульбай гандлявалі райаграсэрвіс (сорт “уладар” па 2500 рублёў за кілаграм) і райпо (2400). Не засталіся без пакупніцкай увагі і мінеральныя ўдабрэнні ад райаграсэрвіса.

Агародніну ў асартыменце прадавала райпо: моркву па 6900 рублёў за кілаграм, капусту па 4100, цыбулю – па 6800. Спажыўтаварыства прапаноўвала і хлебабулачныя вырабы, ладзіла бяспройгрышную латарэю. Як патлумачылі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, сельгаспрадпрыемствы яшчэ не прыступілі да ўборкі агародніны і што на кастрычніцкім кірмашы прапанова будзе больш багатай.

Шырока прадставіў сваю прадукцыю Ляхавіцкі льнозавод: мясцовыя гаспадыні з інтарэсам разглядалі бялізну, абрусы і ручнікі.  Які кірмаш без мясцовых відаў паліва? Машына дроў ад райпалівазбыту каштавала 2262600 рублёў.  У прыхільнікаў мёду быў выбар: набыць гаючы ласунак ад лясгаса ці СВК “Ліпнянка”. 720-грамовы слоік з лясгасаўскім мёдам каштаваў 60000. Па такой жа цане паўлітровыя слоікі з бурштынавым “разнатраўем” прадавала “Ліпнянка”.

Кірмаш (пакуль, будзем лічыць, у фармаце міні) стартаваў.

Пачакаем чарговага і не толькі з сельгаспрадукцыяй на любы густ і кошт, але і з апетытнымі прысмакамі,  якія б вабілі разнастайнасцю і выглядам. А на дэсерт падыдуць выступленні самадзейных артыстаў – пад іх спевы гандаль ідзе весялей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *