Над Шчарай-ракой. Кропка на карце: Адахаўшчына /фота/

Твар у нашых вёсак дастаткова тыповы. Адна, дзве, тры, нячаста – пяць “драўляных” вуліц. Іх назвы трафарэтныя і не асабліва арыгінальныя. Рознага кшталту грамадскія пабудовы прадстаўлены, звычайна, у выглядзе тыпавога доміка праекта невядомага архітэктара. Але справа ў дэталях. І варта праявіць цікаўнасць, глянуць крыху больш уважлівымі вачыма, уключыць слых – на першы план выходзіць індывідуальнасць “рэльефу” кожнай асобнай вёсачкі. У пошуках апошняга мы і накіраваліся ў нашу Адахаўшчыну.

Чаму нашу? Адахаўшчыны дзве: ляхавіцкая і баранавіцкая, як адрозніваюць іх у гутарцы некаторыя з жыхароў. Паміж вёскамі і раёнамі-суседзямі “працякае” мяжа пад назвай Шчара. Што тычыцца геаграфіі, то на гэтым і паставім кропку. Пацікавімся гісторыяй, якая бачыцца куды больш цікавай і рознай.

У шматлікіх іпастасях выступала на сваім вяку Адахаўшчына. Яшчэ зусім свежы ўспамін пра саўгас з аднайменнай назвай, куды, апроч гэтай вёскі, уваходзілі таксама Гірыч-Поль і Сялявічы. Саўгас “Адахаўшчына” спецыялізаваўся на вытворчасці іменна агародніны. Істотную частку яго палеткаў займалі капуста, морква, сталовыя буракі. У цяпліцах наліваліся чырванню памідоры.

Зараз ад таго саўгаса засталася брыгада, вытворчы ўчастак ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Высокі банітэт сельгасугоддзяў дае мясцовым аграрыям прыярытэт у атрыманні высокага ўраджаю збожжа, цукровых буракоў. У гэтым сэнсе Адахаўшчына выгадна адрозніваецца ад іншых вытворчых структур райаграсэрвіса.   А калісьці даўно Адахаўшчына належала пану. Той быў карцёжнік, і аднойчы дагуляўся да таго, што за картачныя даўгі з маёнткам прыйшлося развітацца.

У тым ліку і гэты факт адлюстраваны ў альбоме “Мая Адахаўшчына: гады і людзі…”, з якім мы пазнаёміліся, наведаўшыся ў сельскі Дом культуры. Дырэктар установы Святлана Страмавус па сумяшчальніцтве яшчэ і “першая жанчына на вёсцы” – мясцовы стараста.

У фае СДК акіян сонца, залатыя россыпы. Саламяныя вазы, кветкі, кошыкі розных формаў, фарматаў і памераў прадстаўлены тут у якасці пастаянна дзеючай выставы. На момант нашага наведвання выстава была няпоўнай, аднак, зачароўвала: якасцю выканання,

празрыстасцю і далікатнасцю вырабаў. Можаце сабе ўявіць, наколькі карпатлівая праца – саломапляценне. Чаму няпоўным быў “каталог” выставы? Частку экспазіцыі аўтар упакавала-падрыхтавала, каб назаўтра прадставіць на адным з раённых святаў.

Салома асноўны, але не адзіны падручны матэрыял народнай майстрыхі. У справу ідуць скура, тканіна, бяроста… Свайму рамяству-мастацтву Святлана Страмавус з задавальненнем вучыць дзяцей у Лаўрынавіцкай школе. Але не саломай адзінай – гэта хутчэй работа па сумяшчальніцтве і па душы. На першым месцы – дырэктарскія абавязкі, клопаты па лініі вясковага старасты.

Напачатку мая ў Доме культуры святкавалі дзень нараджэння цудоўнага чалавека. Шаноўны юбілей – 80 гадоў – Леаніда Аляксандраўна Бурэц адзначала ў коле аднавяскоўцаў. Гучалі мелодыі, песні маладосці былой саўгаснай даяркі. Як запэўніў адзін з удзельнікаў той “тусоўкі”, саламяны кошык у якасці падарунка прыйшоўся імянінніцы даспадобы.

Крама на вёсцы – больш, чым проста гандлёвая кропка. Вельмі часта гэта яшчэ і “дыскусійны” клуб, заглянуўшы куды і зрабіўшы пакупкі, немаладыя вяскоўцы не спяшаюцца разыходзіцца. Тут можна пагутарыць па душы, падзяліцца, напрыклад, прагнозамі на ўраджай, абмяняцца навінамі. Не адзін год магазінам у Адахаўшчыне загадвае Наталля Панічава. На якім рахунку гэты аб’ект гандлю ў Ляхавіцкім райпо не цікавіліся. Але, відавочна, што чалавек з кветкамі ў душы проста не можа дазволіць сабе брак у рабоце. І ў душы, і ў сэрцы, і на падворку Наталлі Сцяпанаўны – дарэчы, адным з лепшых па выніках конкурсу ў вёсцы – кветкі. Як у песні: астры, гладыёлусы і ружы. І не толькі, шмат іншых – яркіх, далікатных летніх, кранальных сваёй грубаватай стрыманасцю асенніх. У цэнтры кветніка – лебядзінае азярцо, а ўсю гэту прыгажосць і завершанасць з вышыні свайго гнязда назірае бусел. А можа ён пастаўлены тут у якасці ахоўніка? Дакладна ж вядома адно: у вырай бусел не адправіўся і не адправіцца. Як і кветкавы рай, птушка – плод творчасці гаспадароў дома.

“Зараз павярніце направа і ў канцы вуліцы злева ўбачыце акуратны цагляны домік. Гэта іх”, – такі маршрут намаляваў нам сустрэчны ў адказ на пытанне “дзе жыве Аляксандр Мікалаевіч Бурэц?”. “Домікам” аказаўся грунтоўны, вялікі, адмысловага выгляду дом. “Самі будавалі”, – скажа пазней гаспадыня Ірына Уладзіміраўна. Ёй – 80, муж на 2 гады старэйшы. Працавалі ў саўгасе: Аляксандр Мікалаевіч некалькі дзясяткаў гадоў круціў баранку аўтамабіля, прыкладна столькі ж адпрацавала ў жывёлагадоўлі Ірына Уладзіміраўна. Незважаючы на гады, хібы ў здароўі, без работы не ся-дзяць. Бо не могуць, не прывыклі, не ўяўляюць сябе без працы на роднай зямельцы. “Зямля ў нас урадлівая. Паглядзіце вунь: траву ў гэтым месцы скошваў ужо тройчы. І зноў можна касіць”, – паказвае па-за агарод былы саўгасны шафёр. Яшчэ блізкі час, калі ледзь ці не на кожным адахаўшчынскім падворку трымалі і карову, і іншую жывёлу-птушку. А вось цяперашні вясковы статак – 13 кароў – і статкам не назавеш. Яшчэ 2 “прыватныя” кані, уладальнікамі аднаго з якіх з’яўляюцца Ірына Уладзіміраўна і Аляксандр Мікалаевіч. “Чаму такая дзіўная мянушка ў жывёлы – Сава?”, – цікавімся ў гаспадароў коніка. “Не ведаем, – тлумачыць Ірына Уладзіміраўна. – Купілі ў людзей ужо з мянушкай. Сава дык Сава. Галоўнае, каб у працы быў добры, рахманы ў паводзінах”. На гэтых словах узгадалася вядомае: “Не важна якога колеру кошка, абы мышэй лавіла”.

Анатолія Грыдасава мы, у літаральным сэнсе, “сарвалі” з працоўнага месца. Для гутаркі на некалькі хвілін выйшаў з-за руля свайго МТЗ-1221. Так мы і даведаліся, што ў Беларусь ён прыехаў з Казахстана. І вось ужо каля двух дзесяцігоддзяў яго новай малой радзімай з’яўляецца Адахаўшчына. Маляўнічыя краявіды, добрыя людзі, спакойны клімат і та-

кія ж абставіны. Аднак былі ў жыцці Анатолія два зусім не спакойныя – афганскія – гады. Былы воін-інтэрнацыяналіст нешматслоўны. Але з улікам атрыманага “за ракой” ранення, баявой узнагароды, не складана ўявіць сабе, што давялося перажыць там былому камандзіру мотастралковага аддзялення. Тое ў былым, у гісторыі, якая, верагодна, не-не ды і ўсплыве воблакам думак. Зараз Анатолій рулявы свайго жыцця, камандзір “Беларуса”, праца з якім ладзіцца – што на абслугоўванні фермы, што ў полі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

СДК вёскі Адахаўшчына.

Былы камандзір мотастралковага аддзялення Анатолій Грыдасаў камандуе «МТЗ-1221».

Дырэктар, стараста, майстар саломапляцення... Усё гэта пра яе – Святлану Страмавус.

Прадавец мясцовай крамы Алеся Юруць.

Саўгаснае мінулае «чытаецца» на ўездзе ў вёску і зараз.

Не зважаючы на свае «за» 80 Ірына Уладзіміраўна і Аляксандр Мікалаевіч Бурэц без справы сябе не ўяўляюць: у іх вялікая гаспадарка.

Загадчыца магазіна і гаспадыня аднаго з лепшых у Адахаўшчыне падворкаў Наталля Панічава з унучкай Златай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *