Дарога, якая разбіла лёсы

Напачатку жніўня мінулага года на аўтадарозе Баранавічы-Ляхавічы адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у якім загінуў 28-гадовы матацыкліст. Аварыя мела шырокі рэзананс і, як аказалася, вельмі доўгі працяг. Па факце парушэння правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, была ўзбуджана крымінальная справа. І толькі сёлета ў ліпені ў гэтай складанай справе канчатковую кропку паставіў суд.

4 жніўня 2014 года ў кватэры ляхавічан Н. начную цішыню парушыў тэлефонны званок. Гаспадыня дома, якая падняла трубку, пачула голас незнаёмага чалавека: “Учора вечарам загінуў ваш сын. Разбіўся на матацыкле…”. Трагедыя падзяліла жыццё сям’і на дзве часткі: з Максімам (імя, як і ўсе іншыя, па этычных прычынах зменена) і без яго. Ён быў малодшым у сям’і. Па словах блізкіх, з падлеткавага ўзросту цікавіўся тэхнікай, асабліва матацыкламі. Калі пачаў самастойна зарабляць грошы, адразу купіў сабе двухколага сябра, потым неаднойчы мяняў. Калі і ўзнікала якая непаладка ці паломка, рамантаваў сам. Атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “В” і набыў сабе першы аўтамабіль – няхай і не новы, але ўласны.

Малады чалавек жыў разам з бацькамі, працаваў будаўніком, часта за межамі нашай краіны. Пра матацыкл “КАWASAKI” марыў даўно, збіраў грошы. А калі нарэшце мара спраўдзілася – пылінкі здзімаў са сваіх “колаў”. Збіраўся ў жніўні здаць экзамены, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “А”, якое дазваляе кіраваць матацыклам. Па словах сяброў і родных, ездзіў акуратна, не перавышаючы скорасці.

З міліцэйскай зводкі:

“3 жніўня 2014 года ў 22 гадзіны 30 хвілін на 14-м кіламетры аўтадарогі Баранавічы-Ляхавічы аўтамабіль “Пежо” выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з матацык-лам, які ехаў у сустрэчным накірунку. У выніку аварыі матацыкліст ад атрыманых траўмаў памёр на месцы ДТЗ. Па заключэнні медыцынскай экспертызы, смерць наступіла з-за вострай страты крыві”.

Сведкі здарэння сцвярджалі, што бачылі і чулі моцны выбух. Матацыкл разляцеўся на часткі. Адзін са сведкаў імкнуўся патушыць агонь, другі – медык – кінуўся аказаць дапамогу матацыклісту. На жаль, ужо не спатрэбілася…

А што іншы ўдзельнік ДТЗ – вадзіцель аўтамабіля? Дзмітрыя, 1991 года нараджэння, з цяжарнай жонкай даставілі на лячэнне ў Ляхавіцкую райбальніцу. Тэстэр паказаў наяўнасць у арганізме мужчыны (0,7 прамілі) алкаголю.

Дзмітрый сцвярджаў, што за рулём знаходзілася яго жонка, якая хацела развярнуць машыну і не ўбачыла матацыкл. Гэту версію расказваў і сведкам аварыі, і ў бальніцы. Аператыўнікам паведаміў, што днём ён разам з жонкай і сем’ямі сваіх сяброў адпачывалі на беразе Шчары ў аграгарадку Дарава. Тады мужчыны і ўжывалі спіртное.

Пазней, праз паўтара месяцы, свае паказанні ўладальнік “Пежо” кардынальна змяніў, а дачу лжывых патлумачыў тым, што знаходзіўся ў шокавым стане, спалохаўся, бо ў нецвярозым стане сеў за руль. Да таго ж быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў за п’яную язду. Як аказалася, пасля дамашняй сваркі ён паехаў на рэчку купацца. Потым, калі здарылася аварыя, патэлефанаваў жонцы, каб тая прыбегла (жылі яны паблізу ад месца ДТЗ) і пацвердзіла, што была за рулём.

Была прызначана аўтатэхнічная экспертыза ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. Пакуль праводзіліся неабходныя для далейшага следства працэдуры, мера абмежавання волі ў адносінах да Дзмітрыя не прымянялася, ён жыў дома, працаваў. Да родных загінуўшага ў аварыі так і не знайшоў часу прыйсці…

3 лютага 2015 года пракурор Ляхавіцкага раёна ўказаў РАСК на неабходнасць дадатковага расследавання дарожнай справы і вынес пастанову аб аднаўленні папярэдняга расследавання.

Далейшае следства ішло некалькі месяцаў: допыты падазронага, сведкаў, даныя экспертызы, следчыя эксперыменты. Некалькі месяцаў падазроны знаходзіўся пад дамашнім арыштам.

З 16 да 19 ліпеня праходзіла слуханне справы ў судзе Ляхавіцкага раёна.  З абвінавачвання пракурора: “Д., не маючы вадзіцельскага пасведчання на права кіравання механічным транспартным сродкам катэгорыі “В”, кіраваў зарэгістраваным на яго імя “Пежо-405”. Праявіў няўважлівасць і неасцярожнасць: пры павароце налева на другараднай дарозе да вёскі Дарава-Чыж меў магчымасць зараней бачыць транспарт, які рухаўся насустрач, не саступіў яму дарогу, хаця абавязаны быў па правілах дарожнага руху гэта зрабіць. Перасёк суцэльную лінію разметкі раздзелу транспартнага патоку ў супрацьлег-лым накірунку, што забаронена, стварыў аварыйную сітуацыю і дапусціў сутыкненне з матацыклам. Сваімі дзеяннямі грамадзянін Д. прычыніў смерць па неасцярожнасці іншаму ўдзельніку дарожнага руху”. Віноўнік трагедыі папрасіў прабачэння ў родных Максіма толькі падчас судовага пасяджэння.

Суд прызнаў Дзмітрыя вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць іншага чалавека. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе  4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах пасялення. На 5 гадоў ён пазбаўлены права займацца дзейнасцю з выкарыстаннем транспартных сродкаў. Акрамя іншага, Дзмітрый абавязаны выплаціць пацярпелым – бацькам і брату загінуўшага – па 70 мільёнаў рублёў кожнаму.

Прыгавор суда ўступіў у сілу. Рашэнне суда прыгавораны не абскарджваў.

У трагедыі, якая здарылася жнівеньскім вечарам мінулага года, пастаўлена кропка. Родныя і сёння не могуць звыкнуцца з думкай, што Максіма няма. Вінаваты адбывае пакаранне. Нямала цяжкіх хвілін перажыла і яго сям’я. А па дарогах па-ранейшаму ездзяць ліхачы без правоў, пад градусам, не прышпіленыя рамянямі бяспекі, без шлемаў і тэхагляду транспартнага сродку, патэнцыяльныя забойцы і самазабойцы на колах.

Да бяды часам усяго адзін крок, зрабіць які можна ў любы момант…

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *