СВК «Жарабковічы». Надзейная каманда

Міхаіл Кандыба і Ігар Літвіновіч – экіпаж- «двухтысячнік».

СВК “Жарабковічы” – гаспадарка вялікая, з даўнімі традыцыямі, салідным вопытам і людзьмі працавітымі і стараннымі. З пакалення ў пакаленне перадаецца любоў да зямлі. А яна тут урадлівая, па-гаспадарску дагледжаная. Кааператыў размясціўся на плошчы 9630 гектараў, з якіх 9137 – сельгасугоддзі і амаль трэць іх – хлебны клін.

Сёлета “Жарабковічы” – адзін з лідараў жніва. Яму даверана ганаровая місія – быць гаспадаром раённых “Дажынак”.

– Самы адказны сельскагаспадарчы экзамен – жніво – вытрымалі дастойна, папрацавалі на славу, – адзначае кіраўнік СВК “Жарабковічы” Віталій Бусько і дадае: – Уся наша сіла ў людзях – нястомных, адказных і добрасумленных.

Руплівасць і працавітасць у “Жарабковічах” заўсёды ў пашане. Поспехі ў вытворчасці тут напрамую звязаны з клопатам аб працаўніках. На жніве смачныя абеды і сытныя падвячоркі дастаўляліся прама ў поле.

Зямля аддзячвае важкім коласам і любіць тых, хто ў яе, акрамя сіл, укладвае і душу. Таму неаднойчы гучалі прозвішчы жарабковіцкіх працаўнікоў на абласных “Дажынках”. Шматразова прагучаць у іх адрас апладысменты і цёплыя словы і на раённым свяце – у гаспадарцы што ні камбайнер, вадзіцель – то перадавік. Двум экіпажам – Андрэю Дзянішчыку і Паўлу Булатаму, Міхаілу Кандыбе і Ігару Літвіновічу – пакарыўся сёлета двухтысячатонны намалот. Прычым майстар-клас паказалі не толькі вопытныя механізатары, але і моладзь. Сярод 13 ”тысячнікаў” СВК упэўнена адзначыўся маладзёжны экіпаж старшага камбайнера Рыгора Жука і камбайнера Дзмітрыя Лук’янчыка. На іх рахунку – 1362 тоны на ўмоўны камбайн і першая прэмія ў раённым спаборніцтве.

Ураджайнасць у сельгаспрадпрыемстве сёлета на зайздрасць – 83,3 цэнтнера з гектара. Гэта адзнака ўсяму шматлікаму калектыву гаспадаркі. На жніве шчыравалі 16 экіпажаў, з 2983 гектараў намалацілі 24856 тон збожжа.

Важкі каравай гэта і заслуга тых, хто араў, сеяў, даглядаў палеткі, на якіх спеў важкі колас. Сярод іх механізатары Аляксандр Таўпека, Дзмітрый Багдановіч, Генадзій Калбаса, Іван Палуэктаў. Сваё слова на ўборцы сказалі і аператары мясцовага зернесушыльнага комплексу.

Кіпіць жыццё ў СВК “Жарабковічы”!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператары зернесушыльнага комплексу Яўгеній Тарабаш і Аляксандр Пілецкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *