ДП «Нача». Пасеялі ў пару – сабралі зерня гару

Хлеб у надзейных руках начаўскіх камбайнераў.

Лаяльнасць надвор’я, канешне ж, важны фактар у атрыманні высокага ўраджаю збожжавых, зернебабовых і любых іншых сельскагаспадарчых культур. Аднак – далёка не вырашальны, яркім пацвярджэннем чаго можа служыць сёлетні аграсезон. Не самы спрыяльны па надвор’і, ён для шэрага гаспадарак атрымаўся адным з самых ураджайных. У іх ліку і дзяржпрадпрыемства “Нача”, дзе на круг сабрана ў сярэднім 55 цэнтнераў збожжавых і зернебабовых. Найбольш зарадзіла яравая пшаніца – на 65 цэнтнераў з гектара. Параўнальна невялікі, можна сказаць, эксперыментальны кавалак азімага ячменю “сыпануў” у сярэднім на 58 цэнтнераў.

– Прыведзеныя лічбы маюць аснову, – тлумачыць сітуацыю дырэктар прадпрыемства Мікалай Тарлюк. Ключавым словам у маналогу кіраўніка з’яўляецца “тэхналогія”. Яе класічны варыянт, аднак, з улікам асаблівасцяў года. Бясснежная зіма справакавала дэфіцыт вільгаці ў перыяд вясенняй сяўбы. У тых умовах выключна важным было адсеяцца не проста ў тэрмін, а апярэдзіць яго, паколькі з кожным наступным днём глеба станавілася ўсё больш сквапнай на вільгаць. Змаглі, што і стала адным са складальнікаў нармальнага ўраджаю. Другі – у дастатковасці ўнесенага на яравыя палеткі ўгнаення. Калі, напрыклад, год ці два таму “накарміць” глебу арганікай у поўным аб’ёме не дазваляў дэфіцыт спецыяльнай тэхнікі, сёлета зрабілі некалькі мэтавых пакупак. Новы раскідвальнік арганікі набылі на ўмовах лізінгу, за былы ў карыстанні разлічыліся адным плацяжом. У многім з іх дапамогай удалося ўнесці ў яравы палетак амаль 40 тысяч тон угнаення (летась гэта лічба была ці не ўдвая больш сціплай).

– Гумус, як вядома, валодае ўласцівасцю затрымліваць вільгаць. Што і дапамагло, паколькі год быў дастаткова засушлівы, – тлумачыць Мікалай Тарлюк.

4 экіпажы камбайнаў забяспечвалі сёлета ў “Начы” зернеўборку. Усе спрацавалі на “добра” або на “выдатна”. Экіпаж КЗС-12 у складзе камбайнера Эдуарда Чалядкі і старшага камбайнера Антона Місько выйшаў фактычна на паўтаратысячатонны намалот. Сямейны экіпаж бацькі і сына Уладзіміра і Віталія Шклянікаў сабраў 1225 тон збожжа. Адвозчык зерня Уладзімір Падгурскі на сваім МАЗе перамясціў 2330 тон прадукцыі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *