ЗАТ «Белпрампрыбор». Жніўнае слова Галаўнінцаў

Экіпаж у складзе Міхаіла Зубіка і Дзмітрыя Патапчыка паказаў майстар-клас.

Важкае ўраджайнае слова на сёлетнім жніве сказала і ЗАТ “Белпрампрыбор”. Выдатна спрацавалі ўсе: агранамічная служба, камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, работнікі зернесушыльных комплексаў.

Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Канецпольскі не хавае задаволенасці: сёлета намалочана 5390 тон хлеба, ураджайнасць зерневых на 4 цэнтнеры з гектара большая, чым летась.

З ураджайнасцю 64 цэнтнеры з гектара з улікам папраўчага каэфіцыента “Белпрампрыбор” па выніках жніва стаў лепшым у раёне сярод гаспадарак другой групы. І гэта пры тым, што ўрадлівасць глебы на землях таварыства значна меншая, чым у многіх раённых перадавікоў.

– Горача было не толькі на нашых палетках. Спякота панавала ўсюды. Яна, безумоўна, паўплывала на ход уборкі. Але вынік пераўзышоў усе чаканні. Тыя, хто быў задзейнічаны на жніве, не падвялі сваіх калег, якія сеялі, даглядалі хлеб, вырасцілі такі добры ўраджай, можна сказаць, небывалы для нашых земляў, – гаворыць намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы “Белпрампрыбора” Андрэй Вараб’ёў.

Тры тутэйшыя экіпажы камбайнераў занялі ў раённым спаборніцтве ўвесь п’едэстал гонару ў сваёй намінацыі сярод гаспадарак другой групы. Старшы камбайнер Вадзім Зубік і камбайнер Віталій Івашка – экіпаж надзейны, зладжаны, разумеюць адзін аднаго без лішніх слоў.

– Галоўнае, напарнік можа мяне ў любую хвіліну падмяніць. Давяраю Віталію поўнасцю, не падвёў ні разу, – упэўнены ў сваім памочніку Вадзім Іванавіч. Гэта каманда з намалотам 1546 тон зерня – на першым месцы ў раённым спаборніцтве.

Каля 200 тон не дамалацілі да выніку сваіх землякоў Аляксандр Дубіна і Аляксандр Мятко. На трэцім месцы – пераможца мінулагодняга раённага спаборніцтва Міхаіл Зубік, для яго сёлетняя жніўная кампанія – 32-я ў хлебаробскай біяграфіі.

– Рады і за сваіх землякоў, і за гаспадарку, – прызнаецца Міхаіл Зубік.

Не адставалі ад камбайнераў вадзіцелі на адвозцы зерня. Павел Слабкевіч – лепшы ў абласным спаборніцтве, а Валерый Вайцешык заняў трэцяе месца ў раённым.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вопытны механізатар Аляксандр Дубіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *