Дабрачыннае пасяджэнне прайшло ў Ляхавічах

У панядзелак у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшло чарговае пасяджэнне раённага папячыцельскага савета. Дырэктар ТЦСАН Галіна Пішч трымала справаздачу, на якія мэты і па якім прызначэнні размеркаваны спонсарскія сродкі, што паступілі з пачатку года, – амаль 53 мільёны рублёў. Літаральна ўсе яны зрасходаваны на ўладкаванне Дома сумеснага пражывання для пажылых грамадзян і інвалідаў, які ў чэрвені адкрыўся ў будынку былога Ганчароўскага дзіцячага сада.
Тутэйшыя жыльцы (памяшканне плошчай 220 квадратных метраў разлічана на адначасовае пражыванне 8 чалавек, цяпер тут знаходзіцца 6) камунальныя паслугі і паслугі сацыяльнага работніка, харчаванне аплачваюць з уласнай пенсіі. Сацыяльныя работнікі (яны жывуць, дарэчы, ў Ганчарах у суседнім доме) гатуюць ежу, мыюць бялізну, прыбіраюць.
У пакоях – новыя ложкі са спецыяльнымі матрацамі, неабходныя пасцельныя рэчы, ёсць тэлевізар, пральная машына, посуд, халадзільнік, пыласос, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Словам, створаны камфортныя ўмовы для пажылых людзей.
У сувязі з тым, што ў раённы бюджэт на гэты год не былі закладзены сродкі на стварэнне Дома для сумеснага пражывання, яго адкрыццё стала магчымым менавіта дзякуючы прадпрыемствам, установам, арганізацыям, якія, нягледзячы іншы раз на не зусім спрыяльнае ўласнае эканамічнае становішча, выдаткоўваюць грошы ці дабрачынна выконваюць пэўныя работы. Адгукнуліся на добрую справу многія.Словы асаблівай удзячнасці Галіна Пішч адрасавала ТАА “Трансэлектракамплект”, ТДА “Карвента”, фермерскай гаспадарцы “Даманскае”, ПМК-13, абласному аддзяленню Беларускага фонда міру, прадпрыемствам “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”, “Інтэрлак”, “Ібіра”, “Еўрагандлю”, дабрачыннай арганізацыі “Сафія”, раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, райпо, Баранавічыміжрайгазу.
На пасяджэнні таксама была агучана праграма правя-дзення разнастайных мерапрыемстваў, акцый, канцэртаў, прымеркаваных да Дня пажылых людзей. У тым ліку прадугледжваецца ўшанаванне самых сталых жыхароў раёна, хто перасягнуў стогадовы юбілей, – іх у нас чацвёра.
Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана Несцяровіч расказала пра работу цэнтра, дзе маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць знайсці занятак па душы і, галоўнае, кантактаваць з іншымі.
У аддзяленні рыхтуюць праграму і да Дня інвалідаў. Напрыклад, супрацоўнікі раённай купалаўкі з кнігамі завітаюць у дамы да інвалідаў, якім цяжка самастойна рухацца, а актывісты БРСМ – да інвалідаў-калясачнікаў. А вось каб і сёлета адправіцца на традыцыйную экскурсію па гістарычных і памятных мясцінах Беларусі, без спонсарскай дапамогі не абысціся. У наведвальнікаў аддзялення ёсць мара – пабываць у музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. І калі ўваход туды для інвалідаў бясплатны, то на транспартныя паслугі патрабуецца больш за 10 мільёнаў рублёў. Магчыма, знойдуцца неабыякавыя людзі, якія хацелі б падарыць ім такую магчымасць.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *