Участкі чакаюць выбаршчыкаў

У разгары перадвыбарная кампанія. Цэнтральнай выбарчай камісіяй зарэгістраваны чатыры кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь: Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка, Мікалай Улаховіч.  Зараз вядзецца перадвыбарчая агітацыя. Кандыдаты выступаюць па тэлебачанні і на радыё, апублікавалі свае перадвыбарныя праграмы, сустракаюцца з выбаршчыкамі. У нашым раёне сустрэчу з выбаршчыкамі правяла давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Таццяна Якубовіч. Яна сустрэлася з калектывамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і малочнага завода. На 1 кастрычніка запланавана сустрэча яшчэ адной даверанай асобы Аляксандра Лукашэнкі – Алега Вялічкі – з калектывам райбальніцы. Давераныя асобы іншых кандыдатаў з заявамі аб арганізацыі сустрэч з выбаршчыкамі ў раённую выбарчую камісію пакуль не звярнуліся.  Выкарыстоўваецца ў раёне і такая форма агітацыі як пікетаванне.

Інтэнсіўна ў гэтыя дні працуюць участковыя выбарчыя камісіі. Яны ўжо завяршылі зверку спісаў выбаршчыкаў. Зараз гэтыя спісы знаходзяцца на ўчастках для галасавання і кожны выбаршчык мае магчымасць азнаёміцца з імі, праверыць, ці ўнесена туды яго прозвішча. Дзяжурства членаў участковых камісій наладжана 30 верасня, 1, 2, 5 кастрычніка з 12 да 19 гадзін, 3 кастрычніка з 12 да 14 гадзін.

Памяшканні для галасавання абсталяваны стэндамі з інфармацыяй аб усіх кандыдатах у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, кабінамі для тайнага галасавання, урнамі для галасавання. Дарэчы, сёлета ўпершыню на гарадскіх участках для галасавання будуць выкарыстоўвацца празрыстыя урны.

6-10 кастрычніка з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін будзе праводзіцца датэрміновае галасаванне. Хацелася б нагадаць, што датэрмінова можна прагаласаваць толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі. Выбаршчыкі пры датэрміновым галасаванні, атрымаўшы бюлетэнь, ставяць свой подпіс у спісе выбаршчыкаў і дату датэрміновага галасавання.

11 кастрычніка 2015 года ўсе ўчасткі будуць гатовы прыняць выбаршчыкаў з 8 да 20 гадзін.

Калі выбаршчык па стане здароўя ці па другіх уважлівых прычынах не зможа ў дзень выбараў прыйсці ў памяшканне для галасавання, ён мае права пісьмова ці вусна звярнуцца ў адпаведную ўчастковую камісію з просьбай арганізаваць галасаванне па месцы яго знаходжання. Афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца.

Шаноўныя землякі! Запрашаем усіх прыйсці на выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка ці ў дні датэрміновага галасавання і аддаць свой голас за дастойнага кандыдата ў Прэзідэнты.

Леанід КАЛБАСА,

намеснік старшыні раённай

тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *