Праграмныя тэзісы

У СМІ апублікаваны перадвыбарныя праграмы кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі Сяргея Гайдукевіча і Таццяны Караткевіч.

Адзін з праграмных тэзісаў Сяргея Гайдукевіча – правядзенне бліжэйшых выбараў у парламент па змешанай прапарцыянальна-мажарытарнай выбарчай сістэме.

Сяргей Гайдукевіч абяцае, што «зробіць з чыноўнікаў дзяржаўнікаў», гэта значыць людзей, якія ўсведамляюць «усю асабістую адказнасць перад Айчынай, адказваюць за свае дзеянні і не баяцца праяўляць ініцыятыву на карысць Радзіме». Палітык выступае і за пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў самакіравання.

Кандыдат заяўляе, што трэба наблізіць мінімальны памер аплаты працы да пражытачнага мінімуму, выступае за адраджэнне працоўнай пенсіі, а ў перспектыве – за персаніфікацыю пенсійных рахункаў і развіццё сістэмы недзяржаўнага пенсійнага забеспячэння. Сяргей Гайдукевіч лічыць неабходным таксама сур’ёзна павысіць узровень сацыяльных гарантый непрацаздольным. Эканамічны рост, на яго думку, павінен грунтавацца на стымуляванні развіцця легальнага сектара эканомікі, а ценявую эканоміку неабходна выцясняць.

Што датычыцца знешняй палітыкі, то «неабходна трымаць парытэт паміж Захадам і Усходам». Пры гэтым Захад – партнёр, Расія – саюзнік. Акрамя таго, кандыдат абяцае праводзіць шматвектарную палітыку.

Таццяна Караткевіч лічыць неабходным правесці ў краіне пенсійную рэформу без павышэння пенсійнага ўзросту, распрацаваць сістэму накапляльных пенсій, дадатковага пенсійнага страхавання, развіваць прыватныя пенсійныя фонды нараўне з дзяржаўнымі. Акрамя таго, неабходна аказваць падтрымку сем’ям з дзецьмі і садзейнічаць прадпрымальніцкай дзейнасці сем’яў.

Кандыдат робіць акцэнт на партнёрстве дзяржавы і бізнесу: трэба распрацаваць сістэму падтрымкі сацыяльна адказнага бізнесу, стымуляваць інвестыцыі работадаўца ў сістэму сацабароны работнікаў свайго прадпрыемства. Адзначае неабходнасць стварэння антыкрызісных праграм для праблемных заводаў і прыцягнення пад іх інвестыцый. На думку кандыдата, трэба прыватызаваць прадпрыемствы, якія не жыццяздольны.

Таксама Таццяна Караткевіч упэўнена, што краіна павінна стаць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Наконт знешніх эканамічных адносін у праграме сярод іншага гаворыцца, што Беларусь павінна ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю і вярнуцца ў рэжым абагульненых прэферэнцый з ЕС.

Раней былі афіцыйна апублікаваны праграмы Аляксандра Лукашэнкі і Мікалая Улаховіча.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *