Не старэюць душой ветэраны

Нехта аднойчы перафразіраваў сказанае гераіняй кінастужкі і атрымалася: на пенсіі жыццё толькі пачынаецца. Ва ўсякім разе, пачынаецца яго новая вяха, калі не трэба спяшацца на работу, можна заняцца нейкімі справамі і захапленнямі, да якіх раней не даходзілі рукі, не адчуваць пастаяннай спешкі і дэфіцыту часу. Ну а калі ўзрост становіцца яшчэ больш шаноўным, то апошняя акалічнасць асабліва важная і жыццёва неабходна. Як і клопат родных і блізкіх і, канешне, дзяржавы. У нашым раёне па стане на 1 верасня г.г. пенсію атрымліваюць 8861 чалавек. Сярэдні размер яе (за верасень) склаў 2653719 рублёў.

Прыярытэтнай формай работы з пажылымі людзьмі застаецца аказанне сацыяльна-бытавых паслуг на даму. Такім чынам падтрымліваецца іх асабісты і сацыяльны статус, абараняюцца іх правы і законныя інтарэсы. У больш як 90 сацыяльных работнікаў 585 пажылых грамадзян і інвалідаў, якіх яны абслугоўваюць на даму. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і іх жонкі (мужы), члены сем’яў загінуўшых, былыя вязні канцлагераў абслугоўваюцца на даму бясплатна. Такое рашэнне прынята райвыканкамам.

Для забеспячэння даступнасці сацыяльнага абслугоўвання пажылых вяскоўцаў на сяле функцыянуюць 15 сацыяльных пунктаў, з іх 5 – стацыянарных. Створана спецыяльная брыгада на мабільнай аснове для работы ў маланаселеных пунктах (іх у раёне 56), а другая па графіку праводзіць прыём грамадзян у аграгарадках і дамах сацыяльных паслуг.

Спецыялісты ТЦСАН арганізуюць выдачу пажылым людзям і інвалідам сродкаў рэабілітацыі, гуманітарнай дапамогі. Аказваюць паслугі сядзелкі і цырульніцкія па сацыяльна нізкіх цэнах. Шмат прыхільнікаў у клуба “Залаты ўзрост”.

Развіваюцца і ўкараняюцца новыя формы сацабслугоўвання і жыццяўладкавання пажылых грамадзян. Сёння ў раёне такая работа арганізавана ў двух прыёмных сем’ях і гасцявой. З чэрвеня ў Ганчарах адкрыты дом сумеснага пражывання для пажылых людзей і інвалідаў – умовы для іх створаны камфортныя.

Штогод праводзіцца абследаванне ўмоў жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У цэнтры ўвагі – адзінокапражываючыя грамадзяне сталага ўзросту, інваліды. З раённага бюджэту выдзяляюцца сродкі на рамонт печаў, электраправодкі, устаноўку АПА ў іх дамах. З Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва нашым пажылым землякам аказана дапамога на суму 118 мільёнаў рублёў.

І заўсёды мы стараемся, каб людзі сталага ўзросту адчувалі ўдзячнасць дзяржавы, маладога пакалення за тое добрае, што яны зрабілі, калі былі поўнымі сіл. Іх вопыт – каштоўная скарбонка жыццёвай мудрасці, іх веды – слушная падказка тым, хто ўступае ў самастойнае жыццё. Няхай жа заўсёды нашы сталыя землякі адчуваюць павагу, клопат і любоў нашчадкаў.

Леанід КАЛБАСА,

начальнік упраўлення  па працы, занятасці  і сацыяльнай абароне  райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *